Дубровенская семья Зинькович знает секрет счастья

Дубровно,Дубровенский,дети,семья.счастье,дальнобойщик,силичи

“У гэтай сям’і, напэўна, усім яе насельнікам жывецца добра”, — падумала я міжволі, калі толькі зайшла на двор Аляксандра і Ірыны Зіньковіч. Дагледжанае падвор’е, заснежаныя летнія арэлі каля ганку, прасторны вальер, дзе ва ўладкаванай пад сабачую будку дзіцячай люльцы мірна драмаў пародзісты коллі па мянушцы Чычаліна, сведчылі аб  кульце сям’і і яе добра арганізаваным і наладжаным быце.

На парозе дома мяне сустрэла ветлівая гаспадыня Ірына Анатольеўна, услед за ёй тут жа на парозе “вырас” белагаловы ружовашчокі гадавалы карапуз Чэслаў, якога зусім не здзівіла маё паяўленне, наадварот, ён тут жа працягнуў мне, як дарослы, сваю ручку для прывітання.

—Знаёмцеся, самы юны прадстаўнік нашай сям’і, таму і самы галоўны, бо клопату і ўвагі да сябе патрабуе дваццаць чатыры гадзіны ў суткі, — Ірына з пяшчотай прытуляе да сябе сыночка і прапаноўвае зайсці ў дом.

—Мы з мужам хацелі мець многа дзяцей. Бог даў нам траіх, — гаворыць Ірына Зіньковіч. — Усе яны ў нас любімыя і жаданыя. Дзеці — сэнс нашага жыцця, мы з мужам усё робім для таго, каб раслі яны здаровымі, фізічна і духоўна развітымі.

Аляксандр Зіньковіч нарадзіўся ў Дуброўне, а рос і вучыўся ў Маскве (так склаліся жыццёвыя абставіны ў яго бацькоў).

Ірына Свірыдзенка (па мужу Зіньковіч) — карэнная дубровенка. Лёс звёў яе з Аляксандрам 15 гадоў назад на святкаванні дня нараджэння іх агульных сяброў. З таго часу яны ідуць па жыцці разам.

—Паняцце “разам” у нашай сям’і і даволі ўмоўнае, — усміхаецца Ірына. — Мы не раз выпрабоўвалі свае пачуцці і ўзаемаадносіны ў разлуцы і на адлегласці і заўсёды пераконваліся, што так яны толькі мацнеюць.

Раней, працуючы ў школе-інтэрнаце для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, Ірына Анатольеўна часта суправаджала іх на аздараўленне за мяжу і доўгі час знаходзілася там. Аляксандр заўсёды яе з нецярпеннем чакаў, абустройваў і ўладкоўваў іх агульны дом. Затым яны як бы памяняліся ролямі: Ірына стала займацца выхаваннем іх дзяцей, працавала ў сярэдняй школе №2 г. Дуброўна і чакала мужа з дальніх камандзіровак, у якія ён — вадзіцель-дальнабойшчык адпраўляецца па сённяшні дзень.

Яны абодва маюць вышэйшую адукацыю: па дыпломе Ірына — сацыяльны педагог, у Аляксандра два дыпломы: ён — спартыўны трэнер і інжынер-будаўнік.

Дубровно,Дубровенский,дети,семья.счастье,дальнобойщик,силичи

—Мой муж і бацька нашых дзяцей — кармілец вялікай сям’і, дабытчык і гарант нашага сямейнага дабрабыту, — гаварыла Ірына Зіньковіч, паказваючы свой вялікі і ўтульны дом. — Тут кожная рэч: прыбітая дошка і любая камунікацыя — утрымлівае цяпло яго працавітых рук.

Раней  муж займаўся прадпрымальніцтвам, зараз ён — вадзіцель-дальнабойшчык. Работа ў яго вельмі напружаная. Месяцы праводзіць у каман­дзіроўках: у Еўропу, у Расію — Урал, Нечарназем’е…

Але толькі не думайце, што выхаваннем дзяцей я займаюся адна. Аляксандр не менш за мяне прымае ўдзел у выхаваўчым працэсе, асабліва, калі бывае дома. Дзякуючы яму нашы дзеці фізічна развіты і загартаваны. Бачылі б вы, як чакаюць яны бацьку з камандзіроўкі. Мы заўсёды змястоўна і арганізавана праводзім свой адпачынак.  Любім падарожнічаць: зімой хоць на некалькі дзён усёй сям’ёй выязджаем на аздараўленне ў рэспубліканскі горналыжны цэнтр “Сілічы”, летам возім дзяцей аздараўляцца на поўдзень, на мора.

У нашым доме шмат спартыўнага інвентару, у кожнага члена сям’і свой веласіпед, на якіх адпраўляемся ў падарожжы па раёне: на прыроду, на мемарыяльны комплекс “Рыленкі”. Мы ўпэўнены, што дзеці павінны ведаць гісторыю свайго краю і любіць яго!.

Прызнацца, я, затаіўшы дыханне, слухала аповед гэтай жанчыны пра яе сям’ю, бо вельмі многа  было ў ім цікавага і незвычайнага.

—Сучасны аўтамабіль дальнабой­шчыка — гэта дом на калёсах, дзе прадугледжаны многія бытавыя ўмовы: пліта, тэлевізар, камп’ютэр, пакой для адпачынку, — працягвае свой аповед Ірына. — У адну з паездак на Урал аднойчы муж узяў з сабой пяцігадовага Алесіка (зараз яму 11 гадоў).   Я не пярэчыла, бо ведаю, што сын каля баць­кі ў бяспецы, затое колькі ў яго ўражанняў было ад гэтай паездкі.

Заўсёды, калі мы адпраўляем нашага тату ў чарговую камандзіроўку, дзеці непрыкметна кладуць яму на дно сумкі апошнія сямейныя фотаздымкі, якіх ён яшчэ не бачыў. Калі ён перасякае мяжу якой-небудзь краіны, звоняць услед і просяць заглянуць глыбей у сумку… Убачыўшы родныя любімыя твары, наш тата лягчэй пераносіць разлуку, яны для яго як талісманы, якія аберагаюць у дарозе.

Я пацікавілася ў Ірыны Анатольеўны аб тым, як размеркаваны ў яе сям’і абавязкі. І яна ў каторы  ўжо раз нагадала, што “галоўная скрыпка ў доме належыць мужу”. Сабе яна адводзіць ролю захавальніцы дамашняга ачага з “ненарміраванным рабочым днём”, які пачынаецца ў 6 гадзін раніцы і заканчваецца каля апоўначы. Аднак такі расклад яе жыцця не замінае ёй добра выглядаць і развівацца ў інтэлектуальным плане:

—Штодзённа я выкрайваю гадзіну, каб нешта пачытаць, — гаворыць Ірына Анатольеўна. Старэйшыя дзеці яе добрыя памочнікі ў хатніх справах, хаця ў іх шмат і ўласных абавязкаў. Віталія даглядае пародзістага сабаку: выгульвае, сочыць за здароўем, рыхтуе да ўдзелу на выставах сабак, дзе яе Чычаліна не адзін раз была ў шэрагу прызёраў. Ірына  таксама дапамагае дачцэ ў доглядзе за Чычалінай: возіць на ўласным аўто на  дрэсіроўкі да аршанскага спецыяліста, на ветагляды і прышчэпкі, на выставы.

Сын Алесь па бацьку пайшоў, ён малады чалавек спартыўнага складу. Наведвае секцыі ў Дубровенскай СДЮШАР, гуляе ў футбол, прымае ўдзел у мастацкай самадзейнасці.

—У нашай сям’і ёсць традыцыя — адзна­чаць усе сямейныя святы, — працягвае свой аповед Ірына Зіньковіч. — Гэта цэлы рытуал. Пакуль імяніннік спіць, мы упрыгожваем яго пакой, рыхтуем святочны стол, на якім толькі ўласная выпечка. Я нядрэнна валодаю навыкамі кандытара. На стале заўсёды свежыя рулецікі, кексы, пірагі, торцікі. Я доўгі час працавала сацыя­льным педагогам у сярэдняй школе №2 г.Дуброўна, пастаянна наведвала сем’і, якія апынуліся ў складаным становішчы. Бачыла, як пакутуюць там дзеці. Таму ўсю сваю любоў, цяпло душы, гарачыню сэрца я стараюся аддаваць сваім дзецям, каб яны ніколі не адчувалі сябе пакінутымі і забытымі. І муж у гэтым мой саюзнік і верны памочнік. Я вельмі люблю сваю сям’ю і не баюся прызнацца, што шчаслівая. У маім жыцці было многа выпрабаванняў і за гэта Бог паслаў мне маіх дзяцей і сямейнае шчасце. Дзякуй яму за гэта, — гаварыла мне пры развітанні мнагадзетная мама Ірына Зіньковіч.

Няхай жа ў гэтым доме, дзе пасялілася ціхае сямейнае шчасце, яно жыве вечна.

Лідзія ЧАПЯЛОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *