Тамара Мелещева несёт в массы душевную идеологию

Дубровно,Дубровенский,Зарубы,идеология,люди,работа,забота

У кожным рабочым дні спецыяліста па ідэалагічнай рабоце КУСГП “Зарубы” Тамары Рыгораўны Мелешчавай ніколі не бывае шэрасці і аднастайнасці.

Спяшаючыся раніцай на працу ў саўгасную кантору, яна ніколі дакладна не ведае, куды на працягу дня могуць “закінуць” яе службовыя справы: у аддалены населены пункт гаспадаркі, дзе дажываюць свой век адзінокія ветэраны, якім патрэбна падтрымка і ўвага сельскага ідэалагічнага работніка, ці ў райцэнтр на нараду ў райвыканкам па пытаннях ідэалагічнага забеспячэння ў перыяд масавых сельскагаспадарчых работ або ў абласны наркалагічны цэнтр, куды неабходна суправаджаць групу людзей з ліку тых, хто даў згоду вылечыцца ад алкагалізму.

У яе службовым кабінеце заўсёды мнагалюдна. Усіх наведвальнікаў без тлуму і мітусні пачаргова прымае і ўважліва выслухоўвае сельскі ідэолаг Тамара Мелешчава: адных кансультуе, іншых супакойвае, звароты трэціх тут жа пераадрасоўвае дырэктару або галоўнаму спецыялісту, у чыёй кампетэнцыі іх вырашэнне, або сама стараецца разабрацца ў сутнасці ўзнікшай праблемы.

—Спецыялістам па ідэалагічнай рабоце ў нашай гаспадарцы я працую з 2006 года, — расказвае Тамара Мелешчава. — Пасада мая неспакойная тым, што звязана з людзьмі. Але я люблю сваю работу. Мне падабаецца дапамагаць іншым, кантактаваць з мясцовым насельніцтвам, клапаціцца аб ім. Колькі б ні гаварылі пра ідэалогію, яе ўплыве на фарміраванне асобы, аднак, па-мойму, сутнасць любой ідэалогіі ў тым, каб кожны чалавек не быў абдзелены клопатам, увагай з боку дзяржавы. Клопат аб людзях — закон нашага жыцця. У гэтым галоўная сутнасць нашай ідэалогіі і галоўная задача ў маёй рабоце, — усміхаецца Тамара Рыгораўна.

Да сустрэчы з ёй я пацікавілася ў аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аб тым, як працуе іх спецыяліст на ідэалагічнай рабоце КУСГП “Зарубы” М.Р.Мелешчава.

—Добра працуе Тамара Рыгораўна, — пацвердзіла намеснік начальніка аддзела А.І.Петрыкава і прывяла некалькі прыкладаў:

—Мелешчава — чалавек слова і справы. Сказала — зрабіла, паабяцала — выканала. За гэта і цэняць яе людзі, паважліва да яе адносяцца, — гаворыць Аксана Іванаўна. — Паабяцала маці, якой вярнулі дзяцей, дапамагчы аператыўна сабраць усе дакументы, каб больш не спаганяліся і з яе аліменты на іх утрыманне, і не супакоілася, пакуль не давяла справу да канца. Не пакінула без увагі праблему інваліда: арганізавала яго дастаўку на камісію ў медустанову, сама занялася зборам усіх неабходных дакументаў для прадстаўлення ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама для афармлення пенсіі. У выніку чалавек своечасова атрымаў пенсію.

—З якімі толькі пытаннямі не звяртаюцца да Тамары Рыгораўны людзі, — працягвае Аксана Іванаўна. — Аб водазабеспячэнні, закупу цялят у насельніцтва, апрацоўцы прысядзібных участкаў. На кожнае з іх адказвае па сутнасці і дакладна. А людзі да яе звяртаюцца часта і як да дэпутата сельскага Савета з наказамі.

Пасля заканчэння сярэдняй школы №1 г.Дуброўна Тамара Брыкава паступіла на завочнае аддзяленне Беларускага камерцыйнага ўніверсітэта кіравання па спецыяльнасці “Правазнаўства”. Марыла калі-небудзь працаваць у пракуратуры ці судовых органах. Аднак у жыцці ўсё выйшла так, як выйшла…

—Юрыдычная адукацыя ў маёй рабоце добрае падспор’е, — гаворыць Тамара Рыгораўна. — Па сумяшчальніцтве я вяду ўсю работу кадравіка ў КУСГП “Зарубы”. Веданне заканадаўства дапамагае мне пры вырашэнні не толькі кадравых пытанняў, але і пры заключэнні дагавораў са спажыўцамі на рэалізацыю сельгаспрадукцыі, будаўніцтву аб’ектаў і г.д.

Я пацікавілася ў Тамары Рыгораўны пра яе планы на будучае.

Аказалася, усе яны звязаны з яе работай, клопатамі аб людзях аграгарадка Зарубы і яго навакольных вёсак.

Лідзія ЧАПЯЛОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *