О чем рассказал дубровенцам старый снимок?

Дубровно,Дубровенский,ветераны

Дастаў з папкі, дзе захоўваюцца занатаваныя шмат гадоў таму назад успаміны многіх былых франтавікоў-дубровенцаў. Хацеў знайсці запісы ўспамінаў былой франтавічкі-зенітчыцы, а ў пасляваенны час педыятра, загадчыка дзіцячага аддзялення Дубровенскай раённай бальніцы Лідзіі Раманаўны Матыль.

Але замест аркушаў паперы ў рукі трапілі некалькі фотаздымкаў, зробленых у далёкім 1985 годзе былым фотакорам раённай газеты Міхаілам Хутарэцкім.

Узяў іх у рукі, а памяць панесла ў падарожжа да той пары, калі сотні франтавікоў Дуброўна прыйшлі да будынка райваенкамата, каб сустрэцца і разам узяць удзел у святочным шэсці, прымеркаваным да святкавання 40-годдзя Вялікай Перамогі савецкага народа над нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

На гэтым здымку адразу ж прыгадаў Яфіма Саламонавіча Гадліна. Ён крыху спазніўся, а таму ў кадры на заднім плане злева.

Гэты чалавек працаваў у друкарні нашай “раёнкі” з 1933 па 1979 гады друкаром. Пад час вайны быў палітруком, камсоргам ад роты да палка.

Далей на здымку Васіль Кірылавіч Дудараў i Ніна Данілаўна Дударава. Гэта мае бацькі.

У дзеючай арміі бацька служыў з 1939 па 1945 гады: служыў ваенным вадзіцелем. У 1943 годзе ў раёне Архангельска выратаваў жыццё камандзіра палка. За гэты ўчынак быў узнагароджаны медалём “За баявыя заслугі”.

Маці з 1943 года да часу вызвалення Беларусі знаходзілася ў складзе 17-й партызанскай брыгады пад камандаваннем М.І.Кітаёва. Партызаны брыгады дзейнічалі на тэрыторыі Магілёўскай вобласці.

Побач з былой партызанкай уражэнец Стаўрапольскага краю Расіі, камандзір аддзялення цягі 95-га танкавага палка, сяржант Аляксей Іванавіч Плотнікаў. Пасля вайны яго другой радзімай стала Беларусь і, у прыватнасці, наша Дуброўна.

Правей А.І.Плотнікава адзін з першых пасляваенных намеснікаў старшыні райвыканкама Ціхан Сямёнавіч Цынгалёў. Родам ён з вёскі Парфенкава, са шмадзетнай сям’і. Дарогамі вайны прайшоў, як кажуць ад званка да званка. Пад час баёў з гітлераўцамі быў некалькі разоў паранены. Пасля вайны доўгі час працаваў у савецкіх органах кіравання.

У глыбіні ад Ц.С.Цынгалёва, з непакрытай галавой, былы ваенны лётчык Бычынскі Пётр Афанасьевіч. У Дуброўна афіцэра-франтавіка ведалі вельмі многія людзі.

Міхаіл Філімонавіч Лысянкоў (ён у касцюме чорнага колеру з ордэнскімі калодкамі на лацкане) больш дваццаці гадоў працаваў у калектыве аўтабазы №12. А ў час вайны старшы сяржант Міхаіл Лысянкоў камандаваў разлікам гвардзейскіх мінамётных установак на аўтамабільнай асі, якія ў народзе з любоўю называлі “Кацюшамі”. За ратныя баявыя подзвігі М.Ф.Лысянкоў узнагароджаны ордэнам “Айчыннай вайны ІІ-й ступені, ордэнам “Чырвонай зоркі”, медалём “За абарону Паўночнага Запаляр’я”. Дзень перамогі франтавік-гвардзеец сустрэў на тэрыторыі Нарвегіі ў складзе Карэльскага фронту.

Барыс Міронавіч Адзіночкін, якога вы бачыце на фотаздымку правей М.Ф.Лысянкова, на вайну трапіў у 1943 годзе, калі Дубровеншчына была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Юнак вельмі перажываў, што не мог уліцца ў рады змагароў з лютым ворагам з першых жа дзён вайны. Пасля вайны радавы-пехацінец працаваў рабочым на розных прадпрыемствах горада, расціў і выхоўваў двух сыноў і дачку. Усе яны сталі добрымі і працавітымі людзьмі.

Ніна Фёдараўна Зінавенка (у дзявоцтве Панамарова) два гады знаходзілася ў блакадным Ленінградзе, а з кастрычніка 1942 па снежань 1944 служыла ў дзеючай арміі. Узнагароджана медалём “За абарону Ленінграда”.

У сям’і Зінавенкаў такіх узнагарод дзве. Другі медаль меў Мікалай Аляксандравіч Зінавенка — муж Ніны Фёдараўны. Маладыя людзі пазнаёміліся ў Ленінградзе, пакахалі адзін аднаго. Пад свіст шалёных нямецкіх снарадаў і авіябомб справілі вяселле. Дэлікатэсам на тым вяселлі былі дзве шклянкі крутога кіпню і два акрайцы хлеба…

У 1949 годзе кіраўніцтва Віцебскага НКУС накіравала М.А.Зінавенку ў Дуброўна начальнікам пажарнай часці. Ніна Фёдараўна працавала ў дзіцячым садку №1.

На гэтым жа здымку больш пажылыя дубровенцы спазнаюць Пятра Ільіча Рыбакова, Аляксандра Мікітавіча Касцюкевіча. Апошні доўгі час рабіў у Дубровенскім лясніцтве.

Крайнія ж справа — былыя работнікі санэпідэмслужбы раёна, актыўныя ўдзельніцы Вялікай Айчыннай вайны Ефрасіння Рыгораўна Паўлава і Кацярына Васільеўна Бычынская.

Усе гэтыя людзі, былыя франтавікі, унеслі значны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Дубровеншчыны, прымалі актыўны ўдзел у ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі. Сёння іх ужо няма сярод нас. Але іх ратныя і працоўныя справы добра помняць тыя, хто нераўнадушны да гісторыі свайго роднага краю, да гісторыі і мінулага роднай Беларусі.

Леанід ДУДАРАЎ, няштатны карэспандэнт раённай газеты,
член прэзідыума раённага савета ветэранаў.

О чем рассказал дубровенцам старый снимок?: 2 комментария

  • 02.03.2015 в 6:20 дп
    Permalink

    Друзья подскажите! Мой отец с бабушкой тоже были в 1985 году в Рыленках где захоронен мой дед Оразов Аман. А в этом году мой отец которому уже 74 года хочет приехать на празднование 70-ти летия победы и снова поклониться могиле деда. Я волнуюсь как он справится один и прошу совета где ему лучше остановиться. Он приедет на несколько дней т.к. Авиабилеты минимум на 6 дней. Если ответите мне на емайл я буду вам очень благодарна. Заранее спасибо и с наступившей Весной! Айя

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  • 02.03.2015 в 6:56 дп
    Permalink

    Здравствуйте, Айя! Ваше письмо и эл.адрес пересланы в отдел районного исполнительного комитета, который отвечает за эти вопросы. Ждите скорого ответа. Пусть и Ваша весна будет солнечной и щедрой!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *