О чем мечтает семья, где растут трое сыновей…

Дубровно,Дубровенский,семья,счастье,дети

Сям’я Мазговых была створана восем гадоў назад.

Аляксандр Мазгоў нарадзіўся і вырас у Калінаўцы. Кацярына прыезджая, але чужой яе тут не лічаць. Сама ж яна цвёрда ўпэўнена ў тым, што лепшага месца за тое, дзе яна зараз жыве, для яе ў цэлым свеце няма.

—Я нарадзілася ў Столінскім раёне Брэсцкай вобласці ў шматдзетнай сям’і, — апавядае Кацярына. — Нас у бацькоў было сямёра. Усе павырасталі і раз’ехаліся хто куды. Я працавала лабарантам пад Мінскам. У час чарговага водпуску сяброўка падгаварыла мяне паехаць падзарабіць грошай на праполцы буракоў. Так мы апынуліся ў Дубровенскім раёне ў вёсцы Калінаўка.

Саўгасам тады кіраваў Аляксандр Мазгоў. Ён прывёз нас на поле, дзе мы павінны былі працаваць, паказаў фронт работы. Цэлы месяц мы працавалі, нядрэнна зарабілі. З дырэктарам добра ладзілі, я б сказала з ім у мяне былі сяброўскія адносіны.

Праз некалькі месяцаў пасля майго вяртання дамоў Аляксандр сам прыехаў на Століншчыну. Прыйшоў да маіх бацькоў і сказаў: “Кахаю вашу дачку, прыехаў за ёй”. Для іх гэта было проста нечаканасцю, для мяне — прыемнай нечаканасцю, бо ў душы мне Саша падабаўся. Я бачыла, што ён шчыры, добры, ураўнаважаны, памяркоўны і прыгожы душой. Адным словам, назад мы вярталіся разам.

Прыехаўшы ў Калінаўку, адразу пайшлі да яго бацькоў — Віктара Уладзіміравіча і Надзеі Арсенцьеўны. Бацькі благаславілі нас, неўзабаве мы распісаліся.

Зараз у нас трое дзетак, усе хлопчыкі, у нашых планах мець яшчэ і дачушку.

Жывём з Аляксандрам дружна. Ён працуе галоўным інжынерам у КУСГП імя Чарняхоўскага, рабочых клопатаў у яго многа, але ўсе яны не ва ўрон сям’і. Муж мне добры памочнік у рабоце па дому і дарадчык па ўсіх пытаннях нашага сямейнага жыцця.

У нас вялікі абустроены дом, які мы атрымалі ад КУСГП імя Чарняхоўскага, многае ў ім зроблена і ўладкавана рукамі мужа.

Дзяцей сваіх мы змалку прывучаем да працы. Старэйшыя сыночкі Кірыл і Максім ні на крок не адходзяць ад бацькі, калі той дома, а самы малодшанькі 5-гадовы Вадзік — не адходзіць ад дзеда Аляксандра Віктаравіча, для якога ўнук вялікая аддушына ў жыцці.

Сашыны бацькі для мяне даўно сталі роднымі. На жаль, не так даўно памерла яго мама Надзежда Арсенцьеўна. У нас было гора, цяпер уся наша ўвага скіравана на свёкра, які ніяк не можа звыкнуцца з думкай, што ён застаўся адзін. Ды не адзін ён, з ім усе мы, яго дзеці і ўнукі, і жывём мы ўсе на адной вуліцы, непадалёку адзін ад аднаго.

Усе мы — адна сям’я Мазговых.

Такія мудрыя разважанні маладой 28-гадовай жанчыны заслугоўваюць павагі.

Зараз гаспадыня сям’і Мазговых збіраецца яшчэ раз стаць мамай. У сям’і чакаецца папаўненне, брацікі чакаюць сястрычку, бацькі — яшчэ адно сваё дзіцятка, нараджэнне якога, несумненна прынясе шмат радасці ў сям’ю.

Пажадаем маладой маме пабольш станоўчых і пазітыўных эмоцый, а бацьку Аляксандру Мазгову — умела весці сямейны карабль не толькі па цячэнні, але і па нечаканым рыфам нашага жыцця.

Лідзія ЧАПЯЛОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *