Дубровенские мелиораторы в постоянном движении вперёд

Дубровно,Дубровенский,мелиорация,земля,благоустройство

Адным з галоўных аб’ектаў на гэты год для Дубровенскага прадпрыемства меліярацыйных сістэм з’яўляецца 90-гектарны зямельны ўчастак, які размешчаны ўздоўж аўтамагістралі Мінск—Масква, непадалёку ад вёскі Галяшы. Тут работнікі прадпрыемства праводзяць поўны комплекс меліярацыйных работ па асушэнні пераўвільготненай зямлі.
Нядаўна разам з дырэктарам прадпрыемства Андрэем Церляковічам мне давялося пабываць на месцы работы меліяратараў.
Па дарозе на ўчастак, Андрэй Церляковіч адзначыў, што гэта вельмі складаны абъект: прыкладна на 20 гектарах да нядаўняга часу раслі дрэвы і хмызняк, месцамі было непралазнае балота. За зімовы перыяд тут меліяратары нарыхтавалі 630 кубаметраў дроў, значную частку якіх за паўцаны прадалі рабочым прадпрыемства, астатнюю частку выкарысталі ў кацельні.
Меліярацыйная тэхніка (бульдозеры, экскаватары) тут пачала працаваць у красавіку. На сённяшні дзень работы па выдаленні пянькоў і хмызняку выкананы на большай частцы тэрыторый. Праведзены работы па спуску вады з нізінных участкаў, пачата пракладка магістральных каналаў.
—Нядаўна тут з’явіўся спецыяльны агрэгат па ўкладцы дрэнажных труб АТУ-32 і пачаў укладку дрэнажнай сістэмы. Усяго на гэтым участку, каб адвесці лішкі вады з палёў, трэба ўкласці 31 кіламетр дрэнажу. На правядзенне комплекса меліярацыйных работ нам з дзяржаўнага бюджэту выдзелена 3,6 мільярда рублёў. Работы на гэтым участку плануем завяршыць у чацвёртым квартале гэтага года і асушаную зямлю перадаць у карыстанне ААТ “Якубава-Агра”, — гаворыць А.Церляковіч.
Праязджаючы па аўтамагістралі Мінск-Масква, я звярнуў увагу, што за вёскай Жабыкі на ўчастку, дзе два гады назад Дубровенскае ПМС правяло меліярацыйныя работы, сёлета зелянеюць азімыя, далей, прыкладна з кіламетр уздоўж дарогі паміж невялікімі кавалкамі палеткаў расце лес і хмызняк, яшчэ крыху далей насупраць вёскі Галяшы, вядуцца меліярацыйныя работы, а за сотню метраў да чыгуначнай веткі Хлюсціна — БелДРЭС расце лес і хмызняк. Вось такі пейзаж.
—Ці будуць весціся меліярацыйныя работы на астатніх двух участках пераўвільготненых зямель? — пацікавіўся я ў кіраўніка ПМС.
—Участак, зарослы хмызняком і лесам, які прымыкае да чыгуначнай веткі Хлюсціна — БелДРЭС, належыць Аршанскаму лясгасу, і будуць тут праводзіцца меліярацыйныя работы ці не будуць, пакуль невядома. А вось на ўчастку, які размешчаны насупраць вёскі Шалашына, плануецца правесці ўвесь комплекс меліярацыйных работ. Зараз на гэты ўчастак рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя. Тут неабходна асушыць 125 гектараў. Калі з рэспубліканскага бюджэту ў ліпені, як запланавана, нам выдзеляць 2 мільярды рублёў, то неадкладна тут пачнём работы па выдаленні расліннасці, выкарчоўванні пянькоў, адводу вады з забалочаных участкаў і ў наступным годзе тут закончым работы, а зямлю перададзім у карыстанне СГФ імя Ю.Смірнова. Хачу адзначыць, што меліярацыйныя работы, якія вядуцца ўздоўж маскоўскай аўтатрассы — гэта заслуга старшыні райвыканкама Анатоля Іванавіча Лукашова, якому ўдалося пераканаць абласное кіраўніцтва ў неабходнасці прывядзення ў парадак зямлі ўздоўж міжнароднай аўтамагістралі, —гаворыць А. Церляковіч.
З расказа кіраўніка ПМС можна зрабіць вывад, што магчыма да канца будучага года, увесь 310-гектарны ўчастак зямлі, якая размешчана паміж чыгуначнай і аўтамабільнай магістралямі за вёскай Жабыкі, бу¬дзе асушаны і прыведзены ў парадак, а сельгаспрадпрыемствы СГФ імя Ю.Смірнова і ААТ “Якубава- Агра” атрымаюць для вырошчвання сельгаскультур дадатковыя плошчы зямлі.
— А калі плануецца правядзенне работ па выдаленні драўніннай расліннасці і асушэнні забалочанай зямлі па леваму боку аўтамагістралі Мінск—Масква непадалёку ад вёскі Шалашына? — пацікавіўся ў кіраўніка ПМС.
—Пакуль канкрэтна нічога сказаць не магу. Трэба закончыць работы на землях з правага боку аўтамагістралі. А потым, калі будзе ўключана ў план і адкрыта фінансаванне, прыступім да меліярацыі земляў і на левым баку аўтамагістралі. Мы будзем рады, калі нашай арганізацыі даручаць гэтую работу, бо не першы год у нас вельмі востра існуе праблема, чым заняць рабочых. Прадпрыемства і кіраўніцтва арганізацыі ў пастаянным пошуку дастатковых аб’ёмаў работ у іншых раёнах вобласці і нават на Смаленшчыне. Наша арганізацыя прымала ўдзел у падрыхтоўцы аб’ектаў да рэспубліканскіх “Дажынак” у Оршы і Горках, абласных — у Гарадку. Сёлета спадзяёмся атрымаць пэўны заказ на выкананне работ у Талачынскім раёне, дзе плануюцца абласныя «Дажынкі».
У лютым-сакавіку гэтага года мы выканалі аб’ём зямельных работ на суму 2,5 мільярда рублёў на будаўніцтве Віцебскай ГРЭС, дзе генеральным падрадчыкам з’яўляецца адна з кітайскіх фірм. Там мы задзейнічалі тры экскаватары, столькі ж бульдозераў, адзін “Амкадор” і пяць аўтасамазвалаў “МАЗ”. Менавіта, дзякуючы падрадным работам на Віцебскай ГРЭС, мы змаглі своечасова выплачваць зарплату рабочым у зімовы перыяд.
У красавіку частка нашых рабочых працавала на рэканструкцыі арашальнай сістэмы ў ААТ “Юбілейны” Аршанскага раёна, дзе выканалі аб’ём работ на 865 мільёнаў рублёў. Сёлета нашай арганізацыі не выдзелена з дзяржаўнага бюджэту ні рубля на рэканструкцыю дзеючых меліярацыйных сістэм. Для параўнання: у мінулым годзе на гэтыя мэты нам з бюджэта было выдзелена 8,6 мільярда рублёў. Праўда, на новую меліярацыю летась было выдзелена ўсяго 803 мільёны рублёў, а сёлета — 6,1 міль¬ярда рублёў.
У хуткім часе мы завершым асушэнне ворнай зямлі побач з вёскай Загваздзіна, на што з дзяржаўнага бюджэту арганізацыі выдзелена 2,5 мільярда рублёў.
Але гэтага недастаткова, мы будзем шукаць дадатковыя аб’ёмы работ, — тлумачыць склаўшуюся сітуацыю А.Церляковіч.
Пазней начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела ПМС Святлана Бяркозава паведаміла, што на гэты год згодна з планам прад¬прыемству меліярацыйных сістэм неабходна выканаць аб’ём работ на суму 17 мільярдаў рублёў.
На правядзенне меліярацыі з улікам таго, што 2 мільярды рублёў з дзяржаўнага бюджэту будуць выдзелены ў другім паўгоддзі, ПМС сёлета атрымае каля 8 мільярдаў рублёў. 1,1 мільярда рублёў, па словах С.Бяркозавай, ПМС вы¬дзелена на правядзенне тэхнічнага догляду існуючых меліярацыйных сістэм. Усяго каля 9 мільярдаў рублёў.
Атрымліваецца, што сёлета прыкладна на 8 мільярдаў рублёў работнікам ПМС неабходна выканаць работ, не звязаных з меліярацыяй, пошукам якіх і займаецца кіраўніцтва арганізацыі.

Андрэй КВІР.

На здымку: дырэктар прадпрыемства А.Церляковіч (у цэнтры) разам са старшым майстрам А.Мажылоўскім і машыністам экскаватара С.Капытоўскім на меліярацыйным аб’екце ля вёскі Галяшы.

Дубровенские мелиораторы в постоянном движении вперёд: 1 комментарий

  • 07.07.2015 в 4:59 пп
    Permalink

    Меліяратар — прафесія паважаная, але на жаль, не ўся праца выкананая імі, заслугоўвае павагі. У бяздумным пашырэнні пахатных земляў нярэдка прыносіцца непаправімая шкода прыродзе. Але гэта ўжо іншая гісторыя…

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *