Гостями дубровенцев были счастливые люди

Дубровно,Дубровенский,любовь,творчество

Лёс паставіў у яе жыцці нямала іспытаў, але яна ўсё вытрымала, перамагла і за гэта лёс аддзячыў яе радаснымі падзеямі, добрымі сябрамі, каханнем.
Прыхажанка Свята-Елісавецінскага манастыра Святлана Бэнкс у перыяд работы выставы “Кладзезь” пабывала ў Дуброўне, правяла шэраг сустрэч (з актывам жансавета, маладымі інвалідамі і іх бацькамі ў ТЦСАН, з састарэлымі людзьмі з аддзялення кругласутачнага знаходжання Дубровенскага ТЦСАН). Нашу госцю суправаджалі яе муж – амерыканец Шайло Бэнкс і намеснік старшыні раённага жансавета і прадстаўнік сястрынства Свята-Троіцкага храма Клаўдзія Гарэлікава. Асноўнымі тэмамі сустрэч былі такія паняцці, як Любоў, Вера, Надзея, а яшчэ Святлана размаўляе пра тое, як стаць шчаслівым, нягледзячы на ўсе выпрабаванні, якія пасылае кожнаму з нас лёс.
Па перакананні Святланы Бэнкс “жыццё – гэта запрашэнне да шчасця”. І трэба пры любых абставінах, ухапіцца за гэты шанц, каб быць шчаслівым.
35-гадовая Святлана Бэнкс апошнія 15 гадоў жыве ў Беларусі пад Маладзечна. Нарадзілася і расла ў Расіі (г.Тальяці). У дзяцінстве яна была здаровай і энергічнай, аднак з пэўнага часу нешта ў дзіцячым арганізме пачало даваць збоі і дзяўчына пачала зведваць цяжкасці з перамяшчэннем. Далей –болей. Прысуд урачоў быў несуцяшальным…
—Мая хвароба здавалася мне такой жа натуральнай, як і тое, якія мае вочы, колер валасоў, — гаворыць Святлана. — У юнацтве я пайшла ў храм, пры якім працавалі гурткі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.Сярод іх мне было ўтульна і лёгка.
І ўсё ж у адрозненні ад многіх, хто прымаў сваю нямогласць як даннасць, Святлана не патурала сваёй хваробе. Яна паспяхова закончыла курсы па журналістыцы і знайшла сабе работу на даму, вывучыла дасканала нямецкую мову і падцянула англійскую. Затым яна, закончыла Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт друку, стаўшы першай дыстанцыйнай студэнткай факультэта выдавецкай справы і журналістыкі.
—На абарону дыплома і на дзяржэкзамен да мяне ў Беларусь спецыяльна прыязджала маскоўская выкладчыца, якая дапамагала мне выйсці на відэасувязь з камісіяй. Так я закончыла ВНУ, ні разу там не пабываўшы, — усміхаецца Святлана.
Лёс як бы спецыяльна “зводзіў” яе са шчаслівымі сямейнымі парамі, дзе адзін з яе членаў — чалавек з абмежаванымі магчымасцямі.
Натхняючыся ад зносін з імі, Святлана напісала кнігу «Сила любви или Нисхождение в рай», якая аб’яднала пад сваёй вокладкай шэсць надзвычайных па прыгажосці любоўных гісторый. Дзвесце экзэмпляраў кнігі, якія Святлана выдала за свой кошт, разышліся імгненна. Крыўдна, што нягледзячы на выдатны стыль і ўнікальную тэму, якая б магла падарыць надзею на шчасце тысячам людзей, ніводнае беларускае выдавецтва ёй не зацікавілася, таму што “нефармат”.
Гэтаму слову Света не крыўдзіцца, яна да яго прывыкла – яе асабістую гісторыю таксама інакш чым нефармальнай не назавеш…
Яе асабістае жыццё стала наладж¬вацца пасля таго, як, захацеўшы падцянуць сваю англійскую мову, дзяўчына зарэгістравалася на міжнародным сайце знаёмстваў.
Нічога не прыхарошваючы, яна размясціла свой фотаздымак у поўны рост і прыпісала: “Хацелася б сустрэць веруючага мужчыну, якога б не напалохала мая інвалідная каляска”.
Яе здымак выпадкова ўбачыў у інтэрнэце амерыканец Шайло Бэнкс. Завязалася перапіска, затым адбылася сустрэча.
Чатыры гады Святлана і Шайло Бэнкс жывуць разам. Яна завочна дыстанцыйна вучыцца ў Кінгстанскім універсітэце, рыхтуе матэрыял для праваслаўных выданняў, выступае з лекцыямі перад рознай аўдыторыяй, ён дыстанцыйна выкладае англійскую мову ў адной з ВНУ г. Санкт-Пецярбурга. А яшчэ многа возіць жонку па краіне і рыхтуе ёй традыцыйныя амерыканскія снеданні: яечныя ляпёшкі з морквай і цыбуляй, запечаныя з кусочкамі гарбузу або кабачкамі.
—У нас раздзяленне сямейных абавязкаў, — смяецца Святлана. — Муж рыхтуе ежу, я з задавальненнем яе ем.
А Шайло ў адказ на пытанне, якое яму задаў член прэзідыума ветэранскай арганізацыіі Л.В. Дудараў, наколькі моцна ён кахае Святлану, на поўным сур’ёзе адказаў:
—Я кахаю яе такую, якая яна ёсць. І буду кахаць і аберагаць да смерці, калі б не кахаў, з Амерыкі ў Беларусь бы не прыехаў…
Вельмі хочацца верыць у тое, што ў будучым у гэтай сям’і ўсё складзецца менавіта так, як таго хочуць Святлана і яе муж Шайло. Гісторыя іх зносін пераканае любога ў тым, што каханне і сямейнае цяпло калі не лечаць, то хаця б робяць не такой цяжкай любую з хвароб.

Лідзія ЧАПЯЛОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *