В деревне Баево Дубровенского района своё 80-летие отметила трудолюбивая и талантливая Лидия Комаровская

Дубровно, Баево, семья, Комаровские, Лидия Комаровская, женщина, жизнь, юбилей, 80 лет, вечная молодость

Пакуль жыве на свеце маці, ты адчуваеш сябе яе дзіцем і заўсёды спяшаешся да яе са сваімі клопатамі і радасцямі, ведаючы, што яна прыме цябе такім, які ты ёсць, ніколі не асудзіць і будзе любіць цябе так, як гэта можа рабіць толькі яна адна.

Я заўсёды зайздрошчу тым людзям, хто, дасягнуўшы самавітага ўзросту, мае магчымасць прытуліцца, як у дзяцінстве, да мацярыскіх грудзей, пагладзіць працавітую шурпатую маміну руку і сказаць ёй такія словы, якія я гаварыла ў дзяцінстве сваёй маме: “Мне так добра жыць з табой, мама …”

Я па-добраму зайздрошчу вялікай сям’і маіх сяброў Камароўскіх, ураджэнцаў вёскі Баева. Многія члены гэтай вялікай сям’і даўно ужо не жывуць у Баеве, але тут засталіся іх карані, якімі яны моцна звязаны са сваёй малой радзімай, парушыць якія не зможа ніхто і нішто. Хаця род Камароўскіх разросся і распаўсюдзіўся па ўсёй Беларусі, ды ўсё ж ёсць прычына, якая прымушае ўсіх прадстаўнікоў роду час ад часу збірацца разам.

У Баеве жыве галава роду — маці, бабуля, прабабуля Лідзія Сяргееўна Камароўская, якая нядаўна адзначыла сваё васьмідзесяцігоддзе.

Гэтая жанчына карыстаецца павагай і аўтарытэтам у аднавяскоўцаў, бясконцай любоўю — у сваіх дзяцей, унукаў і праўнукаў.

Жаночы лёс

Яна нарадзіла і выхавала шасцёра дзяцей. Усіх практычна вырасціла адна, бо муж рана памёр, усіх паставіла на ногі, дапамагла сваім сынам і дочкам набыць адукацыю, усіх вывела ў людзі. Ва ўсім разлічвала толькі на сябе, свае сілы.

За ўсімі гэтымі прыгожымі словамі — неймаверна цяжкае жыццё Лідзіі Сяргееўны. Для таго, каб падняць дзяцей, трэба было працаваць практычна не ведаючы адпачынку. Днём — на ферме, якой быў аддадзены не адзін дзесятак гадоў, увесь вольны час — на асабістым падворку, які ніколі бедным не быў: карова, свінні, гусі, куры, пчолы, уся хатняя гаспадарка патрабавала догляду і неймавернага клопату. Нярэдка прасіла ў кіраўніцтва гаспадаркі яшчэ якую-небудзь падработку — яе прызначалі дзённым або начным вартаўніком на ферме.

Падрасталі сыны і дочкі, станавіліся памочнікамі. А пасля прыходзіў час і яны пакідалі бацькоўскі дом, а яна заставалася са сваімі клопатамі адна: пайшоўшы на пенсію, працягвала працаваць на ферме, весці хатнюю гаспадарку, чакала дзяцей на выхадныя, рыхтавала ім гасцінцы.

Самыя важныя жыццёвыя набыткі

Дубровно, Баево, семья, Комаровские, Лидия Комаровская, женщина, жизнь, юбилей, 80 лет, вечная молодость

Цяпер сыны і дочкі — сапраўдная гордасць маці. Старэйшыя сыны закончылі Горацкую сельгас-акадэмію. Сын Мікалай, які зараз працуе ў Мінскім гарвыканкаме механікам легкавога ўчастка, завочна працягвае вучобу ў Беларускім агратэхнічным універсітэце .

У бабулі Ліды зараз 18 унукаў і 15 праўнукаў. Уяўляеце, які доўгі быў святочны стол, за якім усе сабраліся на 80-гадовы юбілей Лідзіі Сяргееўны! На сямейную ўрачыстасць прыехалі літаральна ўсе: з Мінска — сын Мікалай з жонкай, дзецьмі і ўнукамі; самую маленькую ўнучку бабулі Ліды — паўтарагадовую Вікторыю — прывезлі на свята сын Рыгор з жонкай, якія зараз жывуць у Брэсце.

Трое дзяцей Лідзіі Сяргееўны жывуць і працуюць у нашым раёне. Сын Аляксандр жыве ў вёсцы Чыжоўка, дачка Ніна настаўнічае ў сярэдняй школе №2 горада Дуброўна, яшчэ адна дачка Лідзіі Сяргееўны — Валянціна жыве ў вёсцы Баева побач з маці. У Валянціны пяцёра дарослых дзяцей, якія даўно павырасталі і таксама раз’ехаліся па Беларусі: нехта жыве ў Смалявічах, Міёрах, Віцебску, Дуброўне. Юбілей бабулі для іх — святая справа, усе прыехалі з падарункамі. Ад дзіцячага смеху непрывычна шумна і надзвычай весела было ў доме юбіляркі, а сама яна так і свяцілася шчасцем.

Заўсёды маладая!

Магчыма, не так ужо і важна тое, якога адрэзку жыцця дасягнуў чалавек. Куды больш важна тое, як ён жыў увесь гэты час і як сябе адчувае на дзень юбілея. Нярэдка паглядзіш на іншага маладога чалавека і бачыш перад сабой трыццаціпяцігадовага дэпрэсіўнага пенсіянера, якому ўжо нічога не цікава, а ў вачах — стомленасць ад жыцця. І наадварот, бачыш, як іншы пенсіянер не хоча паддавацца старасці, адчувае сябе не па гадах маладым, поўным сілы і энергіі чалавекам.

Лідзія Сяргееўна Камароўская таксама з кагорты тых, хто не звяртае ўвагі на ўзрост. Іншы раз нават не паварочваецца язык назваць яе бабуляй. Гэта яшчэ даволі жыццярадасная, бадзёрая жанчына, якая цікавіцца ўсім, што адбываецца вакол яе, да таго ж, прымае актыўны ўдзел у культурным жыцці вёскі Баева, выступае ў мастацкай самадзейнасці. Не адзін год Лідзія Сяргееўна спявае ў фальклорным гурце. Мае два дыпломы за свае песні. Адзін атрымала за ўдзел ў раённым аглядзе-конкурсе ”Нам года — не беда!”, які праходзіў у Дуброўна ў 2009 годзе, другі — за ўдзел у абласным конкурсе “Майстар голаснага спеву”, які праводзіўся ў Віцебску ў 2007 годзе. У мінулым годзе Лідзія Сяргееўна разам з іншымі ўдзельнікамі мастацкай самадзейнасці з ліку пенсіянераў прымала ўдзел у канцэрце, які адбыўся ў Доме культуры чыгуначнікаў горада Віцебск, і па сённяшні дзень памятае ўдзячныя ўсмешкі гледачоў і іх шчырыя апладысменты.

У паўсядзённым жыцці яна яшчэ вельмі рухавая жанчына, якая не цураецца нялёгкай сялянскай працы. Трымае на падвор’і ўсялякую жыўнасць, дапамагае зяцю даглядаць пчол. У перыяд нарыхтоўкі грыбоў Лідзію Сяргееўну не заўсёды застанеш дома: як ніхто іншы ў вёсцы, яна ведае ўсе сцежкі ў лесе і тое, дзе якія грыбы растуць. Наносіць іх столькі, што хапае грыбоў на ўсю радню. Такі вось яна чалавек.

Я сардэчна віншую Вас, шаноўная Лідзія Сяргееўна, з юбілеем, і хачу, каб яшчэ доўга свяціліся вокны вашага дома, а вы як і раней, з радасцю сустракалі на яго парозе сваіх дзяцей, сагравалі іх сваімі мудрасцю і добразычлівасцю, а яны гаварылі вам такія словы, якія я калісьці гаварыла сваёй маці: “Нам добра жыць з табою, мама!”

Таццяна КАРАЛЁВА

2 thoughts on “В деревне Баево Дубровенского района своё 80-летие отметила трудолюбивая и талантливая Лидия Комаровская

  • 21.01.2011 в 5:09 пп
    Permalink

    Родственники выражают глубокую благодарность редакции газеты «Дняпровская Правда» и Татьяне Королёвой за тёплые и сердечные слова в адрес нашей Мамы,Бабушки и Прабабушки!

    Рейтинг комментария:Vote +1+1Vote -10

  • 22.01.2011 в 10:20 пп
    Permalink

    Наша редакция желает вашей семье и лично Лидии Сергеевне всего самого лучшего, а также — здоровья, удачи, любви, мира и тепла!!!Прекрасно, что есть такие люди!!!

    Рейтинг комментария:Vote +1+1Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *