В Дубровно вышивка вошла в моду
С пакон вякоў вышыўка на Беларусі з’яўляецца адным з найбольш распаўсюджаных відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Яна адлюставала свет старажытных вобразаў, якія ўзыходзяць да міфалогіі, звычаяў, уяўлення продкаў аб узаемадзеянні з навакольным асяроддзем, паэтычнае асэнсаванне прыроды. Традыцыйныя беларускія нацыянальныя касцюмы нельга ўявіць без вышытага арнаменту.
Гэта адзін з самых найстарэйшых спосабаў ўпрыгожання адзення і стварэння хатняй утульнасці. У беларускай народнай вышыўцы шмат агульнага з вышыўкай суседніх народаў (рускіх, палякаў, украінцаў, літоўцаў, латышоў).
Цікава, што ў Беларусі вышыўка выкарыстоўвалася не толькі для аздаблення адзення і святочных убораў, але і для бытавых тэкстыльных прадметаў: абрусы, ручнікі. У побыце вышыўка была не забавай, а абавязкам жанчын і дзяўчат. Калі майстэрства работніцы было на высокім узроўні, рукадзелле магло прыносіць добры прыбытак: вышыўка лічылася прэстыжным рамяством.
Зараз цікавасціь да гэтага народнага рамяства пашыраецца. Менавіта таму ў скарбонцы брэндавых мерапрыемстваў раёна з’явілася яшчэ адно свята: нядаўна Калінаўскі СДК правёў “Свята вышыванкі”. На сонечнай пляцоўцы каля СДК размясцілі выставу вышытых вырабаў. Шчыра віталі гаспадары свята — ансамбль“Калінаўскія маладзіцы” і дзіцячы ансамбль “Глыбінка ”(Калінаўка) — гасцей — ансамблі “Надзея” (Сваташыцы), “Кудзеліца” (Дуброўна), “Беларусачка” (Асінторф), “Сяляначка”(Станіславова).
Трэба адзначыць, што ўдзельнікі і гледачы таксама мелі ў сваім адзенні нешта вышыванае. А ансамбль з Асінторфа ўвогуле прадэманстраваў канцэртную вопратку, якую кожная ўдзельніца вышывала для сябе сама.
Арганізатары з удзячнасцю ўзгадалі пра жанчын, якія берагуць і перадаюць сакрэты традыцыйнай беларускай вышыўкі. Сярод іншых называлі Юлію Федараўну Лук’янаву, работы якой склалі аснову выставы. Яна і іншыя майстрыхі атрымалі ад арганізатараў сувеніры. На свяце было шмат музыкі і добрага настрою. Спадзяемся, што “Свята вышыванкі” атрымае трывалую прапіску на калінаўскай зямлі.
Алена КАРСАКОВА.