У Дубровенскай дзіцячай бібліятэцы святкавалі Каляды

Дубровно, дубровенский, Рождество, библиотека

Зіма — добры час для святаў. Так лічылі нашы продкі. А таму са снежня і аж да сярэдзіны студзеня ладзілі зімовыя святы — Каляды. Час народнага свята Каляды супадае з вялікім хрысціянскім святам нараджэння Хрыстова.
Гэтага свята чакалі, да яго рыхтаваліся, таму і спраўлялі заўсёды шумна і весела. Вось і супрацоўнікі Дубровенскай дзіцячай бібліятэкі з радасцю прынялі ўдзел у святкаванні Каляд разам з вучнямі малодшых класаў сярэдняй школы №1 г.Дуброўна. Свята “А у нас сёння Каляда” пачалося з вельмі цікавай віктарыны, у якой Гаспадыня (Людміла Радкевіч) апытвала маленькіх гасцей, каб даведацца, наколькі знаёмы яны з традыцыямі народнага свята. Так, дзеці ўспомнілі, што на Каляды галоўнай стравай была куцця — каша, звараная з ячных круп, а галоўнай гераіняй «класічнага калядавання» была каза — сімвал урадлівасці.

Дубровно, дубровенский, библиотека, Рождество

Але якія ж Калядкі без калядоўшчыкаў? Дубровенскія калядоўшчыкі (удзельнікі фальклорнага калектыву «Кудзеліца») з’явіліся ў сценах дзіцячай бібліятэкі з гучнымі песнямі пад гармонік і святочным прадстаўленнем.

Дубровно, дубровенский, Рождество, библиотека

Пажадаўшы усяго найлепшага ў новым годзе, калядоўшчыкі прапанавалі маленькім гледачам пачастунак — духмяныя бліны, якія мог паспрабаваць кожны жадаючы. А пасля гэтага, калядоўшчыкі забавілі прысутных сваімі жартамі, весялосцю і пацешнымі гульнямі, у якіх вучні з радасцю прымалі ўдзел.
Цікава і насычана адзначылі пачатак новага года ў дзіцячай бібліятэцы, прадэманстраваўшы аўтэнтычныя традыцыі калядавання ў нашай мясцовасці, прыцягваючы да ўдзелу ў пэўных дзеяннях і маладое пакаленне Дубровеншчыны. А гэта значыць, што можна быць упэўненым: традыцыі нашых продкаў не забыты і беражліва перададзены ў надзейныя рукі.
Вікторыя БУЛЫЧОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *