Дубровенская школьніца прайшла ў другі этап рэспубліканскага конкурсу

Дубровно,дубровенский,,акция, дети, таланты

Сення ў краіне праводзіцца шматбаковая работа па вяртанні ўвагі жыхароў да беларускай мовы, да дасягненняў нацыянальнай культуры і па вывучэнні традыцыйнай спадчыны. Аб гэтым сведчаць і вынікі года святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, які толькі завяршыўся, і тыя мерапрыемствы, якія ўзялі старт у годзе 2018-ым.
Міністэрства інфармацыі абвясціла пачатак рэспубліканскай акцыі “Культурны маршрут “Мая Беларусь: сучасныя пісьменнікі — дзецям”. Акцыя праводзіцца ў мэтах падтрымкі развіцця беларускай мастацкай літаратуры і творчасці айчынных пісьменнікаў. Яна прызначана таксама папулярызаваць чытанне, азнаёміць дзяцей з класічнымі і сучаснымі творамі.
Гэты конкурс стане лагічным працягам рэспубліканскага конкурсу «Чытаем па-беларуску з velcom» для вучняў 7 і 8 класаў. Нядаўна сталі вядомы вынікі правядзення першага этапу. Сярод тых, хто прайшоў у другі этап конкурсу — Паліна КАПЫЛОВА, вучаніца 7«А» класа сярэдней школы №1 г.Дуброўна.
Прыём работ на конкурс «Чытаем па-беларуску з velcom», які праходзіць пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, завяршыўся 20 снежня. Раней ініцыятыва існавала ў выглядзе інтэрактыўных урокаў беларускай мовы і літаратуры, настаўнікамі на якіх выступалі вядомыя беларускія пісьменнікі, паэты, акцёры, тэлевядучыя і спартсмены. У гэтым годзе «Чытаем па-беларуску з velcom» — ў фармаце рэспубліканскага анлайн-конкурсу.
На працягу двух з паловай месяцаў удзельнікі конкурсу запісвалі відэа, на якіх яны чытаюць творы са школьнай праграмы па беларускай літаратуры, а потым размяшчалі ролікі на асабістай старонцы ў адной з сацыяльных сетак — ВКонтакте, Facebook або Instagram. Школьнікі з усёй Беларусі даслалі на конкурс 2048 відэа агульнай працягласцю больш за 45 гадзін.
Затым адбылося пасяджэнне журы, якое вызначыла па 30 лепшых прадстаўнікоў ад кожнай вобласці і горада Мінска, якія выступяць у другім этапе конкурсу. Наогул удзельнікі з Віцебска і Віцебскай вобласці заявілі на конкурс 265 відэа.
Вельмі прыемна, што адной з лепшых стала дубровенка Паліна Капылова. Як аказалася, ініцыятарам удзелу Паліны ў праекце была настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ліля Анатольеўна Каляга: “Паліна не аднойчы прымала ўдзел у конкурсах юных чытальнікаў. Я бачыла, наколькі ўдала перадае Паліна ўсе адценні пісьменнага слова, таму і прапанавала ёй прыняць удзел у праекце «Чытаем па-беларуску з velcom». Акрамя яе у конкурсе таксама ўдзельнічала вучаніца нашай школы Ніна Мамановіч, якая выканала твор Янкі Купалы «Курган».
Твор Еўдакіі Лось «Дзяўчаты мінулай вайны» у выкананні Паліны вельмі ўражвае: усю боль і трагічнасць гэтага твора дзяўчынка нібы адчувае на сабе. Яна вельмі выразна, пранікнёна дэкламуе верш беларускага паэта, і гэта нікога не пакідае абыякавым.
Паліна Капылова прызнаецца, что захапляецца беларускай літаратурай, а адным з любімых беларускіх аўтараў лічыць вядомую беларускую пісьменніцу, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Раісу Баравікову.
— Вельмі спадабаецца яе зборнік «Казкі астранаўта». Гэта касмічныя падарожжы беларусаў, напісаных ад імя астранаўта-беларуса, дзе пісьменніца ўдала спалучае поўны нечаканасцей свет чужых планет з блізкім і родным светам нашай планеты, дзе, зразумела, самыя прыгожыя і добрыя пачуцці звернуты да Беларусі, — распавяла Паліна.
Акрамя таго, Паліна спявае у калектыве «Вяснушкі». Заняткі музыкай вельмі дапамагаюць выразнасці чытання вершаў, правільнай пабудове інтанацый, фразіроўкі і іншым нюансам.
— У падрыхтоўцы да конкурсу мне дапамагала мая мама Вольга, педагог-арганізатар нашай школы Кацярына Юр’еўна Гарбачова, якая рабіла відэазапіс і далейшую апрацоўку відэа, і таксама мой настаўнік беларускай мовы. Дзякуй ім за дапамогу і веру ў мяне, — падзякавала дзяўчынка.
З лютага па красавік 2018 года пройдуць рэгіянальныя фіналы, дзе чытальнікі выступяць перад журы ўжывую. Па іх выніках пяцёра лепшых ад кожнага рэгіёну будуць узнагароджаны сучаснымі смартфонамі і атрымаюць магчымасць пазмагацца за перамогу ў вялікім рэспубліканскім фінале. Ён пройдзе ў Мінску ў маі 2018 г., пераможцам конкурсу будуць уручаны смартфоны маркі Apple.
«Страху няма. Ёсць жаданне перамагчы», — такімі словамі скончылася наша гутарка з Палінай.
Дарэчы, прыемным момантам для дзяўчынкі стала навіна, што у складзе журы будзе яе любімая пісьменніца, а таксама Уладзімір Ліпскі, пісьменнік, рэдактар часопіса «Вясёлка», лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, Ірына Булаўкіна, галоўны спецыяліст упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі, Юрый Жыгамонт, акцёр і тэлевядучы, паэткі Кацярына Массэ і Маргарыта Латышкевіч.
Пажадаем Паліне Капыловай поспехаў і ўдачы, спадзяемся, што выкананне будзе па заслугах адзначана журы. Чакаем вынікаў праекту і верым у яе ўсей Дубровеншчынай.
Юлія СТАРАВОЙТАВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *