Хлеборобы «Якубово-Агро» готовы собрать большой урожай 2011 года

Дубровно, Якубово, сельское хозяйство, урожай, труд, трактор, поле, семена, удобрения, техника, механизаторы

Сардэчна запрашаем у “Якубава-Агра”

Хлебаробы адкрытага акцыянернага таварыства “Якубава-Агра” з году ў год атрымліваюць высокія ўраджаі сельгаскультур. Тут добра родзіць збожжавы палетак, па ўраджайнасці радуюць высокімі ўраджаямі лён, кукуруза, караняплоды, рапс. У мінулым годзе, напрыклад, па ўраджайнасці кукурузы, караняплодаў і рапсу гаспадарка заняла першае месца ў раёне, па ўраджайнасці збожжавых — другое, лёну — трэцяе месца.

Стабільна высокія ўраджаі — гэта вынік работы па строгаму захоўванню усіх элементаў інтэнсіўнай тэхналогіі вырошчвання.

Трывалы падмурак рыхтуюць у гаспадарцы і пад ураджай 2011 года. У гэтым я пераканаўся пасля гутаркі з галоўным аграномам гаспадаркі Наталляй Іванаўнай ШЭНДРЫК.

На палях гаспадаркі

—Як і ў мінулыя гады, мы сёлета ставім задачу з кожнага гектара ў сярэднім атрымаць па 50 цэнтнераў зерня, — гаворыць Наталля Іванаўна Шэндрык. — І ўсё магчымае робім для таго, каб такі ўраджай вырас на полі.

Галоўны тэхнолаг гаспадаркі расказала, што аснову багатаму ўраджаю пачынаюць закладваць з восені. Своечасова і якасна пасеялі на 1080 гектарах азімыя збожжавыя і на 250 гектарах — азімы рапс. Зараз асноўную ўвагу тут удзяляюць вырошчванню азімай пшаніцы і трыцікале. Гэтымі культурамі мінулай восенню засеялі 900 гектараў, у тым ліку пшаніцай — 680 гектараў. Высокая культура земляробства дазваляе гаспадарцы атрымліваць багаты ўраджай пшаніцы, зерня, якое заў-сёды мае добры попыт у спажыўцоў, ды і закупачная цана на яго самая высокая.

Па словах Наталлі Іванаўны Шэндрык, азімыя збожжавыя і рапс увайшлі ў зімоўку добра развітымі. Умовы зімоўкі таксама не выклікаюць трывогі.

Увесь комплекс восеньскіх палявых работ выкананы і на палетках, дзе будуць пасеяны яравыя культуры. На ўсёй плошчы ўзарана зябліва і, што вельмі важна, унесены калійныя ўгнаенні. За зіму з глебы вымываецца шкодны для раслін хлор, які ўтрымліваецца ў калійных туках. Ды і вясной, калі кожная гадзіна сяўбы вельмі дарагая, не трэба будзе задзейнічаць тэхніку на выкананні гэтага аграпрыёму.

Сакрэт добрага ўраджаю – элітнае насенне

Дубровно, Якубово, сельское хозяйство, урожай, труд, трактор, поле, семена, удобрения, техника, механизаторы

Адным з галоўных фактараў, які фарміруе ўраджай, з’яўляецца насенне. Нездарма ў народзе кажуць: якое семя — такое і племя. Якубаўскія хлебаробы насенню ўдзяляюць асаблівую ўвагу. З году ў год за ўласныя грошы купляюць у перадавых гаспадарках краіны пэўную колькасць пасяўнога матэрыялу збожжавых самых высокіх рэпрадукцый. Пад ураджай мінулага года, напрыклад, купілі 20 тон насення ячменю, аўса і яравой пшаніцы гадавальніка размнажэння і супер-эліты.

Пад ураджай гэтага года яшчэ восенню купілі ў адной з перадавых гаспадарак Гродзенскай вобласці 10 тон ячменю гадавальніка другога года размнажэння сорту “ладны”, 2 тоны супер-элітнага ячменю сорту “бацька” і 6 тон эліты яравой пшаніцы сорту “бамбона”.

Рэгулярная закупка насення самых высокіх рэпрадукцый дазваляе гаспадарцы засяваць палеткі насеннем не ніжэй першай рэпрадукцыі.

—У засеках пад ураджай гэтага года мы маем 197 тон насення піваварнага ячменю сорту “бровар” другой рэпрадукцыі і 77 тон ячменю сорту “стратус” першай рэпрадукцыі, — апавядае Наталля Іванаўна. — Так запісана ў дакументах, бо наша гаспадарка не з’яўляецца элітгасам. Калі б яна мела статус элітгаса, то насенне сорту “бровар” адпавядала б рэпрадукцыі эліта, а “стратус” — супер-эліце. Словам, фактычна палеткі мы засяваем у асноўным элітным насеннем. І гэта дае значную прыбаўку ўраджаю.

Наталля Іванаўна Шэндрык расказала, што гаспадарка забяспечана высакакласным насеннем усіх культур, у тым ліку і насеннем зернебабовых. Значную колькасць якаснага насення збожжавых гаспадарка мае магчымасць прадаць іншым сельгаспрадпрыемствам раёна.

150-гектарны льняны палетак сёлета ўпершыню засеюць насеннем толькі імпартных сартоў.

—У мінулым годзе вельмі добра зарэкамендаваў сябе чэшскі сорт “табар”, — расказвае Наталля Іванаўна Шэндрык. — На асобных участках ураджайнасць дасягала 14 цэнтнераў валакна. Ураджайнасць айчыннага сорту “пралеска” не перавышала 8 цэнтнераў, таму сёлета замест яго будзем сеяць лён французскага сорту “алізе”, насенне якога купілі на льнозаводзе.

Яшчэ адзін сакрэт – добрае ўгнаенне

Дубровно, Якубово, сельское хозяйство, урожай, труд, трактор, поле, семена, удобрения, техника, механизаторы

Асаблівую ўвагу ў ААТ “Якубава-Агра” ўдзяляюць запраўцы глебы ўгнаеннямі. У мінулым годзе на кожны з 1700 гектараў, занятых збожжавымі культурамі, унеслі па 321 кілаграму мінеральных угнаенняў у дзеючым рэчыве, у тым ліку па 130 кілаграмаў — азотных і 80 кілаграмаў — фосфарных тукаў. А ў цэлым на гектар ворыва ў мінулым годзе ўнесена па 220 кілаграмаў тукаў у дзеючым рэчыве.

Так добра заправіць глебу мінеральнымі ўгнаеннямі ўдаецца дзякуючы штогодаваму набыццю ўгнаенняў за ўласныя грошы.

Яшчэ ў снежні 2010 года для сёлетняй сяўбы ААТ “Якубава-Агра” за ўласныя грошы купіла 120 тон сульфату амонію і 60 тон КАСа. Гэта пакуль адзіная гаспадарка, якая пад ураджай 2011 года за ўласныя сродкі набывае тукі.

—Да пачатку сяўбы яшчэ плануем купіць пэўную колькасць азотных і фосфарных угнаенняў за ўласныя грошы. Усё залежыць ад таго, якую падтрымку ў забеспячэнні ўгнаеннямі акажа дзяржава, — гаворыць Наталля Шэндрык.

—І ў якіх дозах пад збожжавыя вы плануеце ўнесці тукі? — пацікавіўся ў галоўнага агранома гаспадаркі.

—Восенню на палетках, дзе сеялі азімую пшаніцу, мы запраўлялі глебу ўгнаеннямі ў дозах з разліку фарміравання ўраджаю 55-60 цэнтнераў з гектара, трыцікале — 50-55 цэнтнераў, жыта — 45-50 цэнтнераў, — апавядае Наталля Шэндрык. — З разліку атрымання ўраджаю 55-60 цэнт-нераў зерня з гектара будзем уносіць тукі і пад яравыя збожжавыя. Зразумела, што на кожным канкрэтным полі, кожным асобным участку дозы ўгнаенняў будуць залежаць ад забяспечанасці глебы пажыўнымі рэчывамі. Раней план выкарыстання ўгнаенняў я рабіла сама. Цяпер такія разлікі пад запланаваны ўра-джай нам робяць спецыялісты абласной аграхімлабараторыі. Ім я толькі дасылаю зыходныя дадзеныя: планавую ўраджайнасць, рэшткі пажыўных рэчываў у глебе і плошчу палеткаў. Ні адзін гектар не будзе засеяны без папярэдняй запраўкі глебы запланаванымі дозамі мінеральных угнаенняў.

—Арганіку, за якую не трэба плаціць грошы і якая паляпшае ўрадлівасць глебы, плануеце ўносіць пад яравыя культуры?

—Безумоўна. На палеткі ўжо вывезена каля 10 тысяч тон арганічных угнаенняў. Яшчэ прыкладна такую колькасць угнаенняў вывезем да пачатку веснавой сяўбы. Асноўную колькасць арганікі выкарыстаем для ўгнойвання палеткаў пад кукурузу і караняплоды, іх будзем вырошчваць адпаведна на 400 і 45 гектарах. Часткова ўгноім палеткі пад яравыя збожжавыя, дзе глеба бедная на пажыўныя рэчывы. Словам, будзем запраўляць палеткі, адведзеныя пад яравыя культуры, мінеральнымі і арганічнымі ўгнаеннямі ў дозах пад запланаваны ўраджай.

Некалькі слоў пра «Чыстыя палі»…

—А што робіцца ў вашай гаспадарцы па ажыццяўленню абласной праграмы “Чыстыя палі”? З-за наяўнасці на палетках шматлікіх вымачак і хмызняку таксама недаатрымліваецца значная колькасць прадукцыі?

—Тое, што маглі зрабіць уласнымі сіламі па навядзенню парадку на палях, мы ўжо зрабілі. На 9 гектарах ля вёскі Копці выкарчавалі дрэвы, кустоўе. Ля вёскі Галяшы ёсць шмат забалочаных, заросшых хмызняком участкаў. Там неабходна праводзіць комплекс меліярацыйных работ. І гэта ўжо справа меліяратараў.

На перадавых – механізатары, тэхніка і сучасныя тэхналогіі

Дубровно, Якубово, сельское хозяйство, урожай, труд, трактор, поле, семена, удобрения, техника, механизаторы

Выключна важнае значэнне ў фарміраванні ўраджаю будуць мець тэрміны правядзення веснавой сяўбы. А гэта залежыць ад гатоўнасці тэхнікі і забяспечанасці гаспадаркі механізатарскімі кадрамі.

—Я лічу, што праблем, чым засеяць яравыя палеткі, у нашай гаспадарцы не будзе, — гаворыць Наталля Шэндрык. — Трактары і сельгасмашыны, якія будуць выкарыстоўвацца на веснавых палявых работах, ужо адрамантаваны. Наяўнай тэхнікі дастаткова, каб правесці веснавую сяўбу ў аптымальныя тэрміны. Не існуе асаблівых праблем і з кадрамі механізатараў.

Наталля Іванаўна Шэндрык расказала таксама, што гаспадарка за ўласныя грошы набыла ўжо сродкі абароны раслін: спецыяльныя прэпараты для пратручвання насення збожжавых, лёну і кукурузы, гербіцыды для знішчэння пустазелля на палавіне пасяўных плошчаў збожжавых, кукурузы і караняплодаў.

Галоўны аграном таксама паведаміла, што ў гэтым годзе гаспадарка пераходзіць на новую тэхналогію вырошчвання караняплодаў. Калі ў мінулыя гады шырыня міжрадкоўя складала 70 сантыметраў і сеялі кармавыя буракі звычайнай гародніннай сеялкай, то ў гэтым годзе сяўба будзе ажыццяўляцца сеялкай дакладнага высеву з шырынёй міжрадкоўя 45 сантыметраў. Для сяўбы будзе выкарыстоўвацца аднарастковае насенне паўцукровых буракоў. Такая тэхналогія дазволіць цалкам механізаваць увесь працэс вырошчвання і ўборкі буракоў. Для зніжэння пустазелля ўжо закуплены гербіцыды. Пры сяўбе аднарастковым насеннем адпадае патрэба ў прарэджванні караняплодаў.

Уборка буракоў будзе ажыццяўляцца спецыяльным камбайнам. Дарэчы, і мінулай восенню ў гэтай гаспадарцы караняплоды ўбіралі камбайнам, які арандавалі ў суседняй гаспадарцы Аршанскага раёна. Праўда, якасць уборкі, па словах Наталлі Іванаўны Шэндрык, жадала быць лепшай. Справа ў тым, што камбайн разлічаны на ўборку караняплодаў з шырынёй міжрадкоўя 45 сантыметраў, а фактычная была 70 сантыметраў. Таму кожны пяты радок камбайн падразаў, мяў.

Сёлета ў сувязі з тым, што вырошчванне буракоў пераводзіцца на механізаваную аснову, плошчы пад гэтую культуру пашырацца да 45 гектараў або больш як у два разы.

Падводзячы вынікі гутаркі з Наталляй Іванаўнай Шэндрык, можна зрабіць вывад, што хлебаробы адкрытага акцыянернага таварыства “Якубава-Агра” грунтоўна рыхтуюцца да веснавых палявых работ 2011 года і зноў, як і ў папярэднія гады, бяруць курс на атрыманне рэкордных ураджаяў.

Андрэй КВІР

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *