Першая ў Дуброўна!

Дубровно, дубровенский, образование, отличник

Амаль 1,5 тысячы школьнікаў прынялі ўдзел у заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды, які прайшоў з 26 па 30 сакавіка. Зборная каманда Віцебскай вобласці налічвала пятнаццаць чалавек, з якіх дзевяць вярнулісь у родныя школы з дыпломамі і памятнымі прызамі ад арганізатараў. У г. Мазыр Гомельскай вобласці, дзе праходзілі выпрабаванні па беларускай мове і літаратуры, адправілася неаднаразовая пераможца абласных этапаў алімпіяды вучаніца дзясятага класа сярэдняй школы №1 Алена Каляга. Аб перамогах Лены даўно ведаюць і сябры, і настаўнікі, і патэнцыйныя сапернікі. Беларускай мовай мэтанакіравана яна займаецца з восьмага класа, і ў тым жа годзе дэбютавала на раённым і абласным этапе алімпіяды, і адразу яна апыналася ў ліку пераможцаў.
—Мне падабаецца беларуская мова, бо яна для мяне родная. Люблю яе і паважаю, таму і займаюся заўсёды з задавальненнем, — расказала Алена.
Настаўнікі з цеплынёй і гонарам кажуць пра Алену Каляга, падкрэсліваюць яе матывацыю, талент, і не толькі ў сферы гуманітарных навук (яна на павышаным узроўні вывучае рускую мову). Таксама Алена паглыблена вывучае матэматыку, штогод удзельнічае ў алімпіядзе і па гэтым вучэбным прадмеце.
—Ёй усё добра даецца, — прызнаецца маці і адначасова яе настаўнік беларускай мовы Лілія Анатольеўна. — Займаецца яна самастойна, я толькі раю, якія заданні варта ўзяць, на што звярнуць увагу. У якасці асновы заняткаў — практыкаванні для алімпіяды мінулых гадоў, у тым ліку і для адзінаццатых класаў. Але я яе ніколі не прымушаю, — падкрэсліла Лілія Анатольеўна, — для мяне галоўнае — яе ўласная зацікаўленасць і меркаванне.
Шлях да заключнага этапу быў няпростым. Дзяўчына, як і іншыя ўдзельнікі каманды Віцебскай вобласці, шмат працавалі. Заняткі праходзіі на базе і з выкладчыкамі ВДУ імя П.М.Машэрава. Але Алена не кажа пра цяжкасці, яна распавядае пра прыемныя ўражанні і новыя веды, якія атрымала падчас падрыхтоўкі. І вось, абвяшчэнне вынікаў — Алена Каляга ўзнагароджваецца дыпломам III ступені.
—У новай гісторыі нашай школы — гэта першая перамога такога ўзроўню, — прызнаецца намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Наталля Калеснікава. — Вядома, былі высокія вынікі на абласных этапах, але рэспубліканская алімпіяда мае іншае значэнне. Мы вельмі рады за Алену, гэта дзяўчынка, якая ўсяго дабіваецца сама, — падкрэсліла Наталля Браніславаўна.
А сама Алена кажа не пра перамогі, яна распавядае пра цікавыя мерапрыемствы і забаўляльную праграму, пра новых сяброў, якіх знайшла за час алімпіяды, і толькі потым пра свае вынікі.
Школа сустракала Алену Каляга ўрачыста, з сувенірамі і мноствам цёплых слоў. Як адной з лепшых вучаніц рэспублікі ёй былі ўручаны прызы ад Міністэрства адукацыі, а таксама яна і яе педагог адзначаны прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.
Яна ГУРСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *