Дубровенский животновод выбрал вместо пенсии работу

Дубровно, животновод, Анатолий Кураленко, Новополоцк, пенсия, работа, природа, село, ферма, бычки

Больш за пятнаццаць гадоў працуе даглядчыкам адкормачнага пагалоўя буйной рагатай жывёлы ў камунальным сельгаспрадпрыемстве імя Чарняхоўскага Анатоль Уладзіміравіч Кураленка. І прыкладна столькі ж часу ён у ліку перадавых жывёлаводаў раёна. Бычкі, якіх даглядае гэты старанны і працавіты чалавек на аддаленай міхалінаўскай ферме, растуць, як на дражджах. У мінулым годзе, напрыклад, кожны яго гадаванец у сярэднім за суткі прыбаўляў у вазе на 870 грамаў.

Амаль кожны год Анатоль Уладзіміравіч Кураленка прыязджае на злёт перадавікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці ў ранзе пераможцы ці прызёра раённага спаборніцтва жывёлаводаў. Раней у такім форуме з нагоды прафесійнага свята працаўнікоў сяла рэгулярна прымала ўдзел і жонка Анатоля Уладзіміравіча — Яўгенія Мікалаеўна, якая разам з мужам працавала на ферме, але чатыры гады назад пайшла на заслужаны адпачынак.

Нагадаем, што Анатоль Уладзіміравіч і Яўгенія Мікалаеўна Кураленкі нарадзіліся і выраслі на Дубровеншчыне. Потым чвэрць стагоддзя яны жылі і працавалі ў Наваполацку. Але жыццёвы лёс у пачатку дзевяностых гадоў зноў вярнуў іх на малую радзіму, у бацькоўскую хату, дзе жывуць і зараз.

У чарговы раз я сустрэўся з Анатолем Уладзіміравічам Кураленкам 19 лістапада мінулага года на злёце перадавікоў сельскай гаспадаркі, на які ён прыехаў у ранзе пераможцы раённага спаборніцтва, дзе з рук кіраўнікоў раёна атрымаў заслужаную нястомнай працай узнагароду.

—Відавочна, што ў апошні раз я прыехаў на такі форум сельскіх працаўнікоў, — перад пачаткам урачыстасцяў гаварыў Анатоль Уладзіміравіч Кураленка. — Памяшканне, дзе мы гадуем бычкоў, знаходзіцца ў аварыйным стане. Рамантаваць яго ўжо няма сэнсу, бо ў вёсцы жывуць адны пенсіянеры. Недалёкі той час, калі жывёлу перавядуць на іншую ферму. Таму ў мяне і Яўгеніі Мікалаеўны, вобразна кажучы, чамаданны настрой. Як закрыюць ферму, зноў вернемся ў Наваполацк, дзе нас чакае кватэра. Мы ўжо пенсіянеры і настаў час адпачываць.

Анатоль Уладзіміравіч і Яўгенія Мікалаеўна заслужылі адпачынак добрасумленнай працай, у тым ліку і на сельскай ніве, адкуль іх карані.

Пасля той сустрэчы мінула тры месяцы. Днямі патэлефанаваў дырэктару КУСГП імя Чарняхоўскага Мікалаю Антонавічу Салдаценку і пацікавіўся, ці працуе на ферме Анатоль Кураленка.—Так, працуе, я ўгаварыў яго папрацаваць на ферме яшчэ год, — адказаў дырэктар.

Андрэй КВІР

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *