За февраль 2011 года на Дубровенском льнозаводе сэкономили около 4 миллионов белорусских рублей
Нядаўна на базе ААТ “Дубровенскі льнозавод” адбыўся рэспубліканскі семінар, на якім абмяркоўваліся пытанні выканання патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 чэрвеня 2007 года № 3 “Эканомія і беражлівасць — галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы” ў сельскагаспадарчых і перапрацоўчых арганізацыях рэспублікі.
У рабоце семінара прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, рэспубліканскага аб’яднання “Белаграсэрвіс”, Дэпартаментаў па хлебапрадуктах і па меліярацыі і воднай гаспадарцы, спецыялісты аблсельгасхарчаў, якія курыруюць пытанні энергазберажэння, супрацоўнікі навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па сельскай гаспадарцы, дырэктары льнозаводаў.
Семінар адкрыў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Адамавіч Марыніч. Ён адзначыў, што эканомнае і беражлівае выкарыстанне энергарэсурсаў сёння з’яўляецца галоўным фактарам эканамічнай бяспекі нашай дзяржавы.
—Калі мы не навучымся беражліва выкарыстоўваць энергетычныя і матэрыяльныя рэсурсы, то аб далейшым павышэнні эфектыўнасці гаспадарання марна гаварыць, — падкрэсліў намеснік міністра.
Асаблівую актуальнасць на сучасным этапе набывае выкарыстанне ў якасці энергарэсурсаў мясцовых відаў паліва. Згодна з планамі, на новую пяцігодку ставіцца задача да 2015 года 30 працэнтаў пярвічнай энергіі атрымаць з уласных крыніц.
У гэтым плане пэўная работа праводзіцца на Дубровенскім льнозаводзе, дзе ў пачатку гэтага года пачала выпрацоўваць электраэнергію паравая турбагенератарная ўстаноўка.
Аб тым, што канкрэтна робіцца па энергазберажэнню на прадпрыемствах нашага раёна, паведаміў старшыня райвыканкама Анатоль Іванавіч Лукашоў. Ён адзначыў, што ў раёне асаблівая ўвага ўдзяляецца пераводу кацельняў на выкарыстанне мясцовых відаў паліва, што дазваляе эканоміць прыродны газ, які наша краіна па высокай цане купляе ў Расійскай Федэрацыі. У мінулым годзе ў кацельні пасёлка Асінторф устаноўлены новы кацёл, у якім у якасці паліва выкарыстоўваецца торф. Два катлы на торфе плануецца ўстанавіць у гэтым годзе ў кацельні ЖКГ у горадзе Дуброўна.
Шмат гадоў на льнозаводзе ў якасці паліва выкарыстоўваюць адходы вытворчасці — кастрыцу. У канцы мінулага года тут прыступілі да ажыццяўлення чарговага этапа павышэння энерга-эфектыўнасці — атрымання ўласнай электраэнергіі пры спальванні ў кацельні кастрыцы. Для гэтага ў існуючай кацельні былі зманціраваны паравая турбіна і генератар. Пара, якая ўтвараецца ў катлах, паступае на паравую турбіну, якая ў сваю чаргу прыводзіць у работу генератар магутнасцю 150 кВт.
Аднак эфектыўнасць катлоў на льнозаводзе, якія эксплуатуюцца 30 гадоў, невысокая: каэфіцыент карыснага дзеяння не перавышае 50 працэнтаў. Таму цяпер стаіць задача замяніць старыя катлы на новыя, каэфіцыент карыснага дзеяння якіх будзе складаць 0,84-0,90. З устаноўкай аднаго новага катла (гэтую работу плануецца правесці ў гэтым годзе) колькасць цеплавой энергіі ад спальвання кастрыцы значна павялічыцца, што дазволіць устанавіць на турбіне генератар магутнасцю 250 кВт і такім чынам значна павялічыць выпрацоўку ўласнай электраэнергіі, а таксама знізіць выкарыстанне ў кацельні прыроднага газа. Па падліках спецыялістаў, у мадэрнізаванай кацельні асноўным відам паліва будзе кастрыца.
Намеснік дырэктара ААТ “Дубровенскі льнозавод” Віктар Віктаравіч Бачарэнка паведаміў, што ў лютым гэтага года на льнозаводзе з дапамогай паравога турбагенератара было выпрацавана 22 тысячы кілават-гадзін электраэнергіі. Кошт 1 кВт уласнай электраэнергіі склаў 420 рублёў, у той час, як пакупной — 595 рублёў. Такім чынам, на кожным кілаваце ўласнай электраэнергіі прадпрыемства эканоміць 175 рублёў.
Удзельнікі семінара пабывалі ў цэхах ільнозавода, пазнаёміліся з работай імпартнай лініі па вырабу доўгага льновалакна і паравой турбагенератарнай устаноўкі. Потым усе пераехалі ў ААТ “Маяк Высокае” Аршанскага раёна, дзе пазнаёміліся з пераводам вытворчых аб’ектаў гаспадаркі на дэцэнтралізаванае ацяпленне. Там адбылося падвядзенне вынікаў семінара.
Андрэй КВІР