«Днепровские голоса 2010»: Фестиваль подарил три дня праздника жителям и гостям района

Так ужо заведзена ў нашым жыцці, што ўсё ў ім скорацечна,  мае свой пачатак і канец. Яшчэ, здаецца,  учора наш горад жыў прыгатаваннямі да прыезду  гасцей з-за  мяжы на  XVIІ Міжнародны фестываль песні і музыкі Падняпроўя “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”, а ўжо сёння   гэта падзея адышла амаль што ў гісторыю, засталася ў мінулым.

Тры дні карагодзіў, смяяўся, пераліваўся рознымі колерамі вясёлкі гэты песенны фэст. Колькі ўражанняў павезлі з сабой нашы госці,  колькі сустрэч са старымі сябрамі і новых знаёмстваў  адбылося ў гэты час, а ўспамінаў, што засталіся ў нас — ад кантактаў з замежнымі гасцямі, спадзяюся,  і ў іх, уражаных нашай гасціннасцю, добразычлівасцю,  сардэчнасцю на працягу тых незабыўных трох дзён, не злічыць!

Госці не хавалі сваіх пачуццяў, шчыра выказвалі іх у час афіцыйнай сустрэчы, якая адбылася ў суботні дзень у раённым выканаўчым камітэце. На сустрэчу прыйшлі прадстаўнікі пераважнай большасці калектываў, якія  прымалі ўдзел  у “Дняпроўскіх галасах у Дуброўне”. Іх сардэчна віталі старшыня раённага выканаўчага камітэта Анатоль Іванавіч Лукашоў і старшыня раённага Савета дэпутатаў Алена Віктараўна Ціханава, адзін з галоўных арганізатараў фестывалю—начальнік  упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, Ганаровы грамадзянін горада Дуброўна Мікалай Пятровіч Пашынскі, а таксама Галіна Фёдараўна Баркевіч — начальнік аддзела культуры і мастацтва ўпраўлення культуры Віцебскага  аблвыканкама,  галоўны спецыяліст аддзела  па справах нацыянальнасцей і прававой работы Камітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцей пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь  Міхаіл Леанідавіч Рыбакоў, намеснікі старшыні райвыканкама Мікалай Мікалаевіч Рандарэвіч, Святлана Валер’еўна Рыжанская, старшыня абласнога ўпраўлення па працы, занятасці і абароне насельніцтва Міхаіл Аляксандравіч Ляшчынскі.

У прыватнасці, Анатолій Іванавіч Лукашоў апавядаў гасцям  аб гістарычным мінулым і сённяшнім дні раёна, яго сацыяльна–эканамічным становішчы, з задавальненнем гаварыў аб тым, наколькі паспяхова ўвасабляецца ў жыццё Дзяржаўная праграма адраджэння і развіцця сяла – на сённяшні дзень у раёне ўладкаваны 14 аграгарадкоў. Паведаміў кіраўнік раёна гасцям і аб  тым, якія набыткі  мае  раён у эканоміцы і культуры, іншых галінах народнай гаспадаркі. У якасці прыкладу было названа ААТ “Дубровенскі льнозавод”, якое па выніках работы за 2009 год заняло першае месца ў рэспубліцы па вытворчасці  і перапрацоўцы лёну сярод ільнозаводаў рэспублікі, а раён — трэцяе месца ў рэспубліканскім спаборніцтве за дасягненне высокіх паказчыкаў па вырошчванні лёну і вытворчасці льнотрасты.

Гасцям цікава было даведацца, што фестываль, які сёлета сабраў удзельнікаў з розных краін Еўропы, праводзіцца ў нас ужо ў семнаццаты раз. Пачынаючы з 1993 года, заявіўшы аб сабе як абласны  агляд песні з нагоды 600-годдзя  Дуброўны, ён перарос межы спачатку вобласці, потым — і Рэспублікі Беларусь.


Калі спачатку ў фестывалі прымалі ўдзел толькі мастацкія калектывы Расіі, Украіны і Беларусі — брацкіх славянскіх народаў, якіх аб’ядноўвае і злучае Дняпро, то ўжо з 2006 года ў ім прымалі ўдзел нашы латвійскія сябры, праз год – да нас прыехалі на фэст літоўскія і эстонскія самадзейныя артысты, — гаварыў Анатолій Іванавіч. — Сёння наш фестываль прымае самадзейныя калектывы з 8 краін свету — менавіта столькі дзяржаўных флагаў развяваецца на флагштоках, устаноўленых на гарадскім стадыёне, дзе адбудзецца гала-канцэрт. На сцэнічных пляцоўках у райцэнтры і сельскіх Дамоў культуры будуць выступаць   самадзейныя артысты з Беларусі, Расіі Украіны, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Польшчы і Славакіі, — адзначыў старшыня райвыканкама.

Звяртаючыся да гасцей, начальнік абласнога ўпраўлення культуры Мікалай Пятровіч Пашынскі адзначыў, што фестывалі такога рангу трэба разглядаць не проста як магчымасць выступіць перад іншымі,  а як майстар- класы прафесіяналаў-самародкаў, на якіх можна многаму павучыцца і многае пераняць. Па словах Мікалая Пятровіча Пашынскага, у вобласці штогод рэалізуюцца каля 30 праектаў фестываляў рознага ўзроўню. Напрыклад, фестываль “Браслаўскія зарніцы” праводзіцца ўжо 42 гады, а Міжнародны фестываль “Славянскі базар  у Віцебску” сёлета будзе прымаць гасцей з 34 краін свету, удзельнічаць у ім будуць нават краіны афрыканскага кантынента. Ён —  сапраўдны  брэнд Рэспублікі Беларусь, які праслаўляе яе ў свеце.  

Галоўны спецыяліст аддзела па справах нацыянальнасцей і прававой работы Камітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцей пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь Міхаіл Леанідавач  Рыбакоў зачытаў прывітальны адрас ад Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь Л.П.Гулякі, уручыў дыпломы “За правядзенне на высокім узроўні міжкультурнага дыялогу ў Рэспубліцы Беларусь і супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой” раённаму выканаўчаму камітэту і калектыву раённай газеты “Дняпроўская праўда»“За высокапрафесійнае асвятленне  пытанняў міжнацыянальных і міжканфесіянальных адносін, міжкультурнага дыялогу ў Рэспубліуцы Беларусь і супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой”, а таксама кнігі аб славутым брэндзе нашай краіны — Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь — М.П.Пашынскаму, М.А.Ляшчынскаму і іншым.

Выступленні гасцей былі хвалюючымі, кожны  выказваў бязмежную ўдзячнасць арганізатарам фэсту ў асобе  раённага выканаўчага камітэта і яго структурных падраздзяленняў за сардэчны прыём, запрашэнне прыняць удзел у фестывалі такога высокага ўзроўню і прадэманстраваць такім чынам на ім сваё песеннае, харэаграфічнае, танцавальнае майстэрства.

Святлана Серафімовіч, мастацкі кіраўнік народнага ансамбля “Ярыца” Рэкцянскага СДК Жлобінскага  раёна Гомельскай вобласці:

— Наш калектыў яшчэ малады і не распешчаны пакуль славай і гастролямі па краіне. Прыезд у Дуброўна мы расцэньваем як вялікі  аванс у сваёй будучай рабоце. Пастараемся яго апраўдаць і перад дубровенскай публікай, і перад сваёй.

Раиса Канова, саветнік  па міжнародных культурных сувязях, якая прыехала на фестываль “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”  з фальклорным калектывам ROZMARIJA (г.Прэшау, Славакія):

— У Дуброўна мы прыехалі ў другі раз. Летась мы ў вас выступалі. Нас тут вельмі цёпла прымалі. І сёлета ў нас быў выбар, куды паехаць на фестываль: у Грэцыю або ў Беларусь — у ваша Дуброўна. Выбралі Дуброўна, бо не можам  забыць душэўнасць і гасціннасць дубровенцаў, прыгажосць і веліч   гэтага фэсту. Пабыць у Грэцыі таксама прэстыжна, але там і гледачы, і арганізатары артыстаў прымаюць стрымана,  там менш магчымасці раскрыць сябе, сваю культуру, звярнуць на яе ўвагу іншых. Я застаюся быць беларускай, нягледзячы на тое, што 20 гадоў пражыла ў Славакіі. Радзіма, яе культура прыцягваюць мяне больш, чым захад з яго ўсёдазволенасцю…

Юзэф Дабкевіч, спецыяліст па пытаннях культуры Краслаўскага краявога Савета (Латвія) :

— Я ўжо не магу злічыць, у які раз прыязджаю  ў Дуброўна на фестываль. У мяне тут многа знаёмых і сяброў. З імі сустракаемся на стадыёне, я ўсіх памятаю і да кожнага стараюся падысці сам, каб прывітацца. Да глыбіні душы мяне кранаюць вашы гасціннасць і словы “Калі ласка”.  У вас ёсць чаму павучыцца — як ладзіць фестывалі падобнага роду, як прымаць гасцей, як складаць канцэртную праграму. Мы заўсёды вучымся ў вас нечаму новаму, але штогод вы зноў прыдумваеце нешта новае, яшчэ больш арыгінальнае… Вучыцца ў вас можна бясконца. Значыць, будзем сутракацца яшчэ не раз. На гэты раз мы правезлі да вас вакальны ансамбль “Вікторыя” Робежніекскага Дома культуры Краслаўскага края, які прыемна здзівіць неардынарнасцю свайго выступлення.

Алена Гарбылёва, рэктар Смаленскага дзяржаўнага інстытута мастацтваў (Расія):

— У нашым інстытуце вучыцца многа студэнтаў з Беларусі, якія даносяць нам сваю культуру, у якой  ёсць чаму павучыцца. Сёння мы прывезлі вам часцінку сваёй культуры, магчыма, вы нечаму павучыцеся і ў нас. Перад вамі выступяць 32 з 60  удзельнікаў  тэатра народнай песні і  танца Смаленскага дзяржаўнага інстытута мастацтва. Яны — будучыя дырыжоры, менеджэры  самадзейна-культурнай дзейнасці, рэжысёры, харэографы. Ім прадастаўлена цудоўная магчымасць павучыцца кантактаваць на вялізным  полі культурнай прасторы…

Людміла Віткоўская, кіраўнік  ансамбля  Беларускага культурнага цэнтра “Крок” (Літва):

—Голас Радзімы нас кліча сюды, дзе гучаць любыя з дзяцінства мелодыі, дзе нас слухаюць душой і ўспрымаюць нашу творчасць сэрцам. Дзякуй арганізатарам за тое, што сёння мы тут, маем магчымасць парадаваць землякоў  сваёй творчасцю, перадаць ім прывітанне ад суайчыннікаў, якія жывуць у Літве.

Раіса Пузырова, заслужаны работнік Украіны, мастацкі  кіраўнік  фальклорнага калектыву “Червона  калина” (г.Нежын Чарнігаўскай вобласці, Украина):

—Нам пашчасціла  пабываць на фестывалі “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне” раней. Дабрацца  сюды няпроста, і дарога далёкая, і мытню прайсці… Ды толькі сяброўства  не мае межаў і пераадолее любыя перашкоды.  Прыязджаем у Дуброўна раней за іншых і ад’язджаем апошнімі. Хочацца ўсё пабачыць,  усё запомніць, каб потым успамінаў хапіла на цэлы год. На Дубровеншчыне душэўныя талерантныя людзі. Я прывезла вам зборнікі вершаў нашых нежынскіх паэтаў, дзе праслаўляецца ваш фестываль і ваш талерантны гасцінны народ. І яшчэ прыміце здымкі, якія мы зрабілі з папярэдніх фестываляў. Няхай яны засведчаць нашу павагу да беларускага народа, яго культуры, прызнанне фестываля як вялікага культурнага форуму.

Людміла Віткоўская, кіраўнік ансамбля “Світанак” Беларускага культурнага цэнтра “Крок”(Вісагінас, Літва) :

—Мы выступалі ў многіх  еўрапейскіх краінах. Нас добра там прымалі гледачы, яны апладзірапвалі нам за мастацкае выкананне, але яны не разумелі нашых песень. А ў песні ж яшчэ ёсць душа. Вось яе вашы гледачы  адчуваюць асабліва тонка. Гэта вельмі імпануе нашым артыстам. Тут мы падпітваемся творчай энергіяй суайчыннікаў і сваіх калег па сцэне. Ваш фестываль мае высокі ўзровень. Вечарам  сустрэнемся  з гледачамі ў вёсцы Сіпішчава. Падрыхтавалі  для іх вялікую канцэртную праграму. Пастараемся не расчараваць нікога..

Людміла Матросава-Зыбіна, старшыня Саюза рускіх асветніцкіх і дабрачынных таварыстваў у Эстоніі, старшыня аргкамітэта свята песні і танца “Славянскі вянок”:

—Мы праехалі па Беларусі. Магчыма, аўтадарогі у нас у Эстоніі крыху лепшыя за вашы. Затое ваша зямля дыхае цяплом і ласкай. У нас  на радзіме штогод праводзіцца фестываль “Славянскі вянок”. Аднак да ўзроўню “Дняпроўскіх галасоў” нам яшчэ трэба расці  і расці. Проста прашу: прысылайце на наш “Славянскі вянок” штогод хаця б па аднаму калектыву, які несумненна ўпрыгожыць наша свята, унясе ў яго адценне шчырасці і толькі ўласцівай беларусам мудрасці. Дзякуй за гасцінны прыём  і прадастаўленую магчымасць нашаму ансамблю народнай песні “Любава” Цэнтра рускай культуры горада Таліна прадэманстраваць на такім высокім узроўні сваё майстэрства.

Міхаіл Ляшчынскі,  адзін з  арганізатараў першага і  дзесяці наступных  фестываляў “Дняпроўскія галасы” у Дуброўне”:

— Як вядома, у госці прыязджаюць з падарункамі, і гасцінныя гаспадары таксама  рыхтуюць і  дораць іх тым, хто прыходзіць да нас з чыстымі памкненнямі і першым  падае руку для прывітання, сцвярджаючы тым самым, што прыйшоў да нас з мірам. Так  было і на гэты раз.

Пасля прэс-канферэнцыі на пляцоўцы раённага Дома культуры адбылося ўрачыстае адкрыццё фестывалю. Кожная дэлегацыя прывезла са свайго краю маленькі дыванок, які дарыла гасцям фестывалю. З маленькіх дывановых лапікаў майстры Дома рамёстваў за ноч змайстравалі вялікі дыван  фестывалю “Дняпроўскія галасы  ў Дуброўне” —2010, які быў вынесены  на  галоўную сцэну фэсту ў час гала-канцэрта на гарадскім стадыёне.

Не першы год ў раёне выношвалася ідэя ўстанаўлення ў скверы ля Дома культуры мемарыяльнай дошкі  ў гонар   нашага земляка,  вядомага флатаводца Аляксандра Іванавіча    Казарскага, які служыў на расійскім флоце ў Севастопалі. Задуманая мара нарэшце ажыццявілася. Сярод ганаровых удзельнікаў фестывалю былі госці з Севастопаля – Ігар Аляксеевіч Ісцягін, старшыня Ленінскага раённага Савета  дэпутатаў горада Севастопаль  Леанід Лявонцьевіч  Сушко, старшыня грамадскай арганізацыі “Сябры”, дэпутат раённага Савета г.Севастопаль, якія даставілі з Севастопаля, дзе ўстаноўлены помнік нашаму земляку камандзіру брыга “Меркурый” Аляксандру Казарскаму, мемарыяльную дошку з такім жа  надпісам:  “Казарскому. Потомкам в пример». У цырымоніі адкрыцця мемарыяльнай дошкі прынялі ўдзел І.А.Ісцягін і старшыня раённага выканаўчага камітэта А.І.Лукашоў.

Сёлетні фестываль “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне” быў прыўрочаны  да святкавання 66-й гадавіны з дня вызвалення Дубровеншчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Госці  фестывалю, моладзь, прадстаўнікі працоўных калектываў прынялі ўдзел ў мітынгу на мемарыяльным комплексе “Рыленкі”,  ушанавалі хвілінай  маўчання памяць амаль 40 тысяч загінуўшых за вызваленне раёна  байцоў і камандзіраў,  да падножжа мемарыяла ўсклалі  жывыя кветкі. На мітынгу выступіў старшыня раённага выканаўчага камітэта А.І.Лукашоў.

Тут жа адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця памятнага знака, узведзенага ў гонар 269-га медыка-санітарнага батальёна 251 стралковай дывізіі, медработнікі якога на працягу ўсяго часу, пакуль тут стаяў фронт — дзевяць месяцаў — ратавалі жыцці салдат і камандзіраў, выносячы іх, параненых , з поля бою і нярэдка  самі заставаліся на гэтым полі назаўсёды…

Тэма ваенная прагучала на фестывалі і на наступны дзень перад пачаткам вялікага гала-канцэрта на гарадскім стадыёне. Там культработнікі нашага раёна прадэманстравалі  гледачам і ўдзельнікам фестывалю тэатралізаваны хвалюючы момант вызвалення, які перажылі нашы бабулі і маці 26 чэрвеня 1944 года, калі быў поўнасцю  вызвалены ад немцаў Дубровенскі раён

Суботнім вечарам прыехаўшыя на фестываль  самадзейныя артысты прынялі ўдзел у прэзентацыі сваёй творчай дзейнасці , а затым раз’ехаліся па аграгарадках, дзе ў сельскіх Дамах культуры і клубах выступілі  з вялікімі  канцэртамі перад вяскоўцамі, прадэманстравалі свой творчы  патэнцыял і песеннае мастацтва. Канцэрты прайшлі ў 12 населеных пунктах раёна: Ерамееўшчыне і Якубаве, Станіславове і Сіпішчаве, Баброве і Зарубах, Сваташыцах і Лядах, Калінаўцы і Будзе, Дабрыні і Рэдзьках.

У гала-канцэрце, які адбыўся на гарадскім стадыёне ў нядзелю, прынялі ўдзел больш за  20 калектываў. Акрамя  ўжо вышэй названых калектываў, нас парадавалі сваёй творчасцю вакальны калектыў “Ластаўкі” Беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым” (Даўгаўпілс, Латвія), салістка  таварыства польскай  культуры “Струмень” Эвія Вагале, салістка вакальнай студыі “Алегро” Альмэ (Эстонія), народны ансамбль народнай песні і музыкі  “Бабруйскія музыкі” Цэнтра культуры і досугавай дзейнасці Ленінскага раёна  горада Бабруйск  Магілёўскай вобласці, народны ансамбль народных інструментаў “Спадчына” дзіцячай школы мастацтваў №1 аддзела культуры Крычаўскага райвыканкама, эстрадна–духавы аркестр Віцебскай ваеннай камендатуры, ансамбль барабаншчыц “Віват” і ўзорны ансамбль эстраднага танца “ВераНіка” Глыбоцкага  гарадскога Дома культуры,  народны ансамбль песні і танца “Яблынька” Гарадоцкага Дома культуры, фальклорны калектыў “Родники” Краснінскага раёна Смаленскай вобласці (Расія), ансамбль народнай творчасці “Вячоркі” Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтва, хор “Веста” жыллёва-камунальнага прадпрыемства горада Віцебск, народны ансамбль народнай песні “Відзаўчанка” Браслаўскага раёна, калектыў Лёзненскага народнага хору, якія кіруе наш зямляк Юрый Казлоў. Вялікім упрыгажэннем свята быў удзел у ім Нацыянальнага акадэмічнага хору імя Цітовіча пад кіраўніцтвам Міхаіла Дрынеўскага, які прапанаваў увазе гледачоў відовішчную канцэртную праграму і  ў выкананні якога ў фінале канцэрта прагучала  песня, якая таксама ўжо за шмат гадоў стала своасаблівым брэндам “Дняпроўскіх галасоў у Дуброўне”—песня пра Дняпро…

Я не буду апавядаць аб тым, як выступалі калектывы,  каторы чым запомніўся. Канцэртны вянок, рознакаляровы і каларытны, атрымаўся як заўжды цудоўны. Кожны калектыў прадэманстраваў высокае майстэрства, дастойна апраўдаў той давер, які даў яму права на ўдзел у фестывалі “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”.  У выступленні  калектываў адчуваліся багаты каларыт і рэгіянальныя асаблівасці, песні кожнага вызначала высокае мастацкае гучанне,  адточаная рэжысура пастаноўкі нумара. Як трапна  адзначыў, падводзячы рысу пад выступленнямі, старшыня аргкамітэта фестывалю, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Мікалай Пашынскі, фестываль  “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне” ў чарговы раз “выліўся  ў свята музыкі і  песні, ад якіх нашы сэрцы пяюць”.

Застаецца толькі дадаць, што Дубровеншчыну  прадстаўлялі на фестывальным гала-канцэрце  заслужаны аматарскі калектыў  Рэспублікі  Беларусь ” Крыніца” і фальклорны гурт “Калінаўскія маладзіцы”, а ў прыёме гасцей  і арганізацыі розных культурных мерапрыемстваў прымалі ўдзел практычна ўсе культработнікі: члены клуба нацыянальнай кухні і беларускай гульні “Дубровенскія прысмакі” арганізацыйна-метадычнага цэнтра райаддзела культуры, “Ліра”— студыя эстраднай  песні раённага Дома культуры,  члены народнага клуба  майстроў “Дубрава” раённага Дома рамёстваў.

Кожны  калектыў гасцей павёз на сваю радзіму з нашага фестывалю яго сімвал — гліняную скульптурку маленькай птушкі — салаўя, птушкі, якая, несумненна, у гэтыя летнія дні абуджае наваколлі і Беларусі, і Украіны,  і Расіі, цешыць сваім, нікім  і нічым  неперадаваемым пошчакам  і літоўцаў, і палякаў, і латышоў, і эстонцаў, і славакаў. А яшчэ кожны з іх павёз  каравай, выпечаны з мукі, змолатай з зерня, якое вырасла  на зямлі, шчодра палітай кроўю і потам яе абаронцаў, і, вядома ж, — да глыбіні душы  шчымлівыя ўспаміны аб днях, праведзеных на гасціннай дубровенскай зямлі, той сардэчнасці  і цеплыні яе гаспадароў, якімі яны былі ахінуты з першых  і да апошніх хвілін знаходжання   ў нашым раёне ў гэтыя летнія чэрвеньскія  дні.

Зрабіць  больш поўнае ўяўленне аб тым, як праходзіў  XVII Міжнародны фестываль песні і музыкі Падняпроўя   “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”, сябры,  вы можаце і па нашых здымках, якія адлюстроўваюць асобныя яго імгненні. Дарэчы, у рамках фестывальнай праграмы “Дняпроўскіх галасоў ў Дуброўне”  праходзіў Дзень горада. Аб гэтым прыгожым свяце мы раскажам вам ў наступным нумары газеты.

Лідзія ЧАПЯЛОВА.

One thought on “«Днепровские голоса 2010»: Фестиваль подарил три дня праздника жителям и гостям района

  • 22.07.2010 в 10:28 дп
    Permalink

    Действительно,интересное мероприятие. Хотелось бы, чтобы такие фестивали проводились чаще!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *