«Женщины года Дубровенщины» добиваются успехов в любой сфере деятельности

Дубровно, женщина года, звание, награда, 8 марта, семья, мама, культура, общество, медицина, услуги

Нядаўна ў раённым Доме культуры адбыўся святочны канцэрт, на якім былі ўшанаваны лаўрэаты ганаровага звання «Жанчына года Дубровеншчыны». Самадзейныя артысты прадставілі ўвазе гледачоў цікавую і відовішчную праграму. Гэтае мерапрыемства стала сапраўдным падарункам для самых мілых, ласкавых і пяшчотных прадстаўніц чароўнай паловы насельніцтва.

Старшыня раённага выканаўчага камітэта Анатолій Іванавіч Лукашоў звярнуўся да жанчын з такімі словамі:

—Сёння інтарэсы нашых жанчын шматбаковыя і шматпланавыя. Яны прымаюць удзел у палітычным і грамадскім жыцці, стварэнні матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей, выхоўваюць і вучаць новыя пакаленні.

У аграпрамысловым комплексе, сацыяльным абслугоўванні, гандлі і грамадскім харчаванні, ахове здароўя, адукацыі і культуры Дубровеншчыны большасць працаўнікоў — прадстаўніцы прыгожага полу. І ўсюды вы не толькі выдатна працуеце, але і выступаеце ініцыятарамі творчага падыходу да працы, ажыццяўляеце на практыцы новыя праекты.

У Дубровенскім раёне жанчыны ўзначальваюць 35 працоўных калектываў.

Новымі гранямі ў сучасных умовах высвечваецца ваша актыўнасць у жыцці дзяржавы і грамадства.

42 працэнты дэпутатаў мясцовых Саветаў — гэта жанчыны, а ў нашым раённым Савеце іх каля 30 працэнтаў.

Мы па праву ганарымся жанчынамі дубровенскай зямлі, якія сталі ардэнаносцамі, лаўрэатамі звання “Чалавек года Віцебшчыны”, абласной прэміі імя Героя Савецкага Саюза Зінаіды Тусналобавай-Марчанка, пераможцамі спаборніцтваў у розных галінах.

Дзякуй вам, паважаныя жанчыны, за тое, што напаўняеце светам і сэнсам наша жыццё, за тое, што не даяце забыцца пра галоўнае ў шэрагу будзённых клопатаў. Дзякуй за вашы вернасць і падтрымку, любоў і цярпенне.

Ганаровага звання “Жанчына года Дубровеншчыны” ў нашым раёне ўдастоены 8 жанчын. Усе яны былі адзначаны дыпломамі і грашовымі прэміямі.

У намінацыі “Жанчына ў сістэме прамысловага комплексу” пераможцай стала кіраўнік вытворчасці адкрытага акцыянернага таварыства “Дубровенскі льнозавод” Наталля Анатольеўна Зайцава. У 1987 го-дзе Наталля Анатольеўна прыйшла працаваць на льнозавод і за гэты час вызначылася як добрасумленны і адукаваны спецыяліст. Яна з душой падыходзіць да любой прапанаванай справы, прымае актыўны ўдзел у грамадскім жыцці завода, Наталля Анатольеўна з’яўляецца добрым арганізатарам вытворчасці, заўсёды імкнецца павышаць свае веды. Як кіраўнік, яна патрабавальная да сябе самой і сваіх работнікаў, у калектыве і сярод спецыялістаў завода карыстаецца заслужаным аўтарытэтам.

У намінацыі “Жанчына ў сістэме аграпрамысловага комплексу” лепшай стала Людміла Анатольеўна Сухорская, якая працоўную дзейнасць пачынала на прадпрыемстве “Праўда-С” у якасці лабаранта. Зараз Людміла Анатольеўна — аператар машыннага даення. Гэтая жанчына адказна падыходзіць да выканання сваіх абавязкаў, на працягу некалькіх гадоў дзякуючы сваёй добрасумленнасці забяспеч-вае высокія надоі малака. Так, за мінулы год яна надаіла 5648 кілаграмаў.

Званне “Жанчына года ў сістэме адукацыі” было прысвоена выхавальніцы вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі яслі-сада № 4 горада Дуброўна Таццяне Аляксееўне Адзіночкінай, педагагічны стаж якой налічвае 35 гадоў. “Такіх людзей, як Таццяна Аляксееўна, інакш, як майстар сваёй справы і не назавеш,” — гавораць яе калегі па рабоце. Гэтая жанчына з лёгкасцю знаходзіць падыход да дзяцей, улічваючы асабістыя інтарэсы і здольнасці кожнага з іх.

“Жанчынай года ў сістэме аховы здароўя і медыцыны” па праву назвалі ўчастковую медсястру Дубровенскай цэнтральнай раённай бальніцы Вікторыю Валянцінаўну Хадунову, якая з 1996 года працуе ў медыцыне. Вікторыя Валянцінаўна мае першую кваліфікацыйную катэгорыю і за высокія паказчыкі ў рабоце неаднойчы атрымлівала заахвочванні ад адміністрацыі бальніцы.

Таццяна Віктараўна Сямёнава, паштальён Дубровенскага раённага вузла паштовай сувязі, была адзначана як «Жанчына года ў сістэме сацыяльных паслуг». Яна шмат увагі ўдзяляе павышэнню ўзроўню абслугоўвання кліентаў, укараненню новых тэхналогій, рэкламаванню паштовых і няпрофільных паслуг. Таццяна Віктараўна план па падпісцы выконвае на 102,5 працэнта. У працоўным калектыве і сярод насельніцтва горада гэтая жанчына карыстаецца павагай, аўтарытэтам.

У сферы культуры і мастацтва жанчынай года стала загадчыца Расасенскага сельскага клуба Валянціна Мікалаеўна Бязносенка. У 2001 годзе яна заступіла на гэтую пасаду, плённа працавала і адначасова спасцігала азы прафесіі ў Віцебскім дзяржаўным вучылішчы мастацтваў. “Валянціна Мікалаеўна — патрабавальны, вопытны кіраўнік, творчы і добрасумленны спецыяліст. Яна надзелена выдатнымі арганізацыйнымі здольнасцямі, таму ў яе заўжды з лёгкасцю атрымліваецца дакладна і граматна скласці сцэнарый, з якога потым атрымліваецца яркае і запамінальнае мерапрыемства,” — гавораць пра Валянціну Мікалаеўну калегі па творчай дзейнасці ў аддзеле культуры райвыканкама. Нельга не адзначыць рознабаковасць інтарэсаў гэтай жанчыны: у сельскім клубе яна арганізавала гурткі мастацкай самадзейнасці, якія, у сваю чаргу, падтрымліваюць інтарэсы розных па ўзросце людзей. На сённяшні дзень у аграгарадку Расасна пад кіраўніцтвам Валянціны Бязносенка існуюць вакальная група “Сударушка”, дзіцячая вакальная група “Вясёлка” і аматарскае аб’яднанне “Женский взгляд”, і кожны з яго членаў можа знайсці тут сабе заняткі па густу. Да таго ж, Валянціна Мікалаеўна з’яўляецца актыўным членам народнага клуба нацыянальнай кухні і беларускай гульні “Дубровенскія прысмакі” раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра.

Жанчынай года ў грамадскім жыцці ў 2010 годзе стала старшыня Дубровенскай раённай арганізацыі “Беларускі саюз жанчын” Клаўдзія Рыгораўна Гарэлікава. Гэта творчы і таленавіты чалавек, майстар на ўсе рукі, яе работамі ўпрыгожаны кабінеты Цэнтра дзіцячай і юнацкай творчасці, дзе яна калісьці працавала, ТЦСАН, неаднойчы яе работы былі прадстаўлены і на раённых выставах. Клаўдзія Рыгораўна, будучы на заслужаным адпачынку, працуе ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дзе пад яе кіраўніцтвам існуюць далёка не адзіны гурток, клуб ці аб’яднанне, а кожнае свята, дзякуючы яе намаганням і асабістаму ўдзелу, вызначаецца арыгінальнасцю і непаўторнасцю.

Ганаровае званне “Жанчына ў сям’і” было прысвоена Таццяне Іванаўне Шабусавай, бухгалтару адкрытага акцыянернага таварыства “Каманіна” — маці, якая выхоўвае тры дачкі і сем сыноў. Двое дзяцей Таццяны Іванаўны дашкольнага ўзросту, чатыры вучацца ў школе, трое атрымліваюць вышэйшую адукацыю, старшы сын ужо працуе ў Мінску. Пра сям’ю Шабусавых можна пачуць толькі добрыя словы. Дзяцей Таццяна Іванаўна выхавала добрасумленнымі і працавітымі. Яны добра вучацца ў школе, прымаюць актыўны ўдзел у мерапрыемствах. У хаце гэтай гаспадыні заўжды чысціня, парадак, цёпла і ўтульна, нагатавана шмат страў.

Пра кожную з гэтых жанчын можна гаварыць бясконца. Усе яны асаблівыя і выдатныя не толькі таму, што сталі лепшымі ў сваёй сферы дзейнасці, а таму, што яны — Жанчыны з вялікай літары!

Ганна КАЦІКАВА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *