Молоко с дубровенских крестьянских подворьев собирает индивидуальный предприниматель

Дубровно, молоко, село, предприниматель. бизнес, сбор, люди, машина

У маі мінулага года ў насельніцтва, якое жыве ў аграгарадку Баброва, вёсках Расасна і Загваздзіна, малако пачаў закупляць індывідуальны прадпрымальнік Андрэй Мікалаевіч Гураў. За восем месяцаў мінулага года з падвор’яў сялян ён сабраў 313 тон малака.

—Што прымусіла кіраўніцтва ААТ “Баброва-Агра” адмовіцца ад традыцыйнай арганізацыі збору лішкаў малака на падвор’ях з дапамогай малаказборшчыкаў і прапанаваць выконваць гэтую патрэбную для многіх вяскоўцаў работу індывідуальнаму прадпрымальніку? — такое пытанне я задаў старшыні Маласавінскага сельсавета Віктару Леанідавічу Кахноўскаму.

—Само жыццё падказала такое выйсце са складанага становішча, — гаворыць Віктар Леанідавіч Кахноўскі. — У апошнія гады ў былым сельгаскааператыве “Баброва” (цяпер ААТ “Баброва-Агра”) існавала праблема выдзялення транспарту для збору лішкаў малака. Асабліва сітуацыя ўскладнялася пасля далучэння да гаспадаркі суседняга сельгаскааператыва “Расасна”. Пасля аб’яднання гэтых дзвюх гаспадарак у вёсцы Расасна наогул некалькі месяцаў не закуплялі малако, бо не хапала транспарту.

Вось тады па вопыту Глыбоцкага раёна я і ўнёс прапанову кіраўніцтву гаспадаркі даручыць закуп малака ў насельніцтва індывідуальнаму прадпрымальніку. На той час у мяне ўжо быў на прыкмеце адзін ініцыятыўны малады чалавек, жыхар вёскі Баброва, Андрэй Мікалаевіч Гураў. Аднойчы, калі ён зайшоў па нейкіх справах у сельсавет, я прапанаваў яму заняцца зборам малака ў насельніцтва. Андрэй Мікалаевіч паабяцаў, што падумае над маёй прапановай. Праз некалькі месяцаў ён паведаміў, што згодзен заняцца гэтай справай і ўжо купіў аўтамабіль і ёмістасць для перавозкі малака. Праўда, спачатку на працягу некалькіх тыдняў на сваім аўтамабілі ён папрацаваў у якасці перавозчыка малака, якое збіраў на падвор’ях насельніцтва малаказборшчык гаспадаркі. За гэты час ён пазнаёміўся з усімі нюансамі закупу малака ў насельніцтва і ў маі мінулага года пачаў самастойна закупляць малако.

—Як жа спраўляецца з пастаўленай задачай прыватны малаказборшчык? — запытаўся я ў старшыні Маласавінскага сельсавета.

—З той пары, як Андрэй Мікалаевіч Гураў пачаў закупляць малако, скаргаў ад жыхароў аграгарадка Баброва, вёсак Расасна і Загваздзіна на арганізацыю збору лішкаў малака на падвор’ях у сельсавет не паступала.

Пры наведванні вёскі Расасна я бачу, што яе жыхары задаволены работай прыватнага малаказборшчыка, — гаворыць Віктар Леанідавіч Кахноўскі.

Нядаўна аўтару гэтых радкоў давялося сустрэцца з Андрэем Мікалаевічам Гуравым. Ён расказаў, што справа, якой займаецца, задавальняе яго матэрыяльна і маральна. Для збору лішкаў малака на падвор’ях ён купіў за ўласныя грошы грузавы аўтамабіль маркі “ЗІЛ-5301”, спецыяльную ёмістасць для збору малака і прыбор для вызначэння якасці малака “Аналізатар”. Сваю дзейнасць зарэгістраваў у райвыканкаме як індывідуальны прадпрымальнік па аказанню паслуг насельніцтву, плаціць падаткі, рэгулярна раз у тры месяцы дастаўляе свой аўтамабіль на санітарны кантроль у раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі.

Летам, калі штодзённа даводзіцца аб’язджаць падвор’і двойчы, рабочы дзень Андрэя працягваецца 8-9 гадзін, зімой, калі каровы ў запуску, ён збірае лішкі малака праз дзень.

Звычайна, пры зборы лішкаў малака на падвор’ях нярэдка малаказдатчыкі скар-дзяцца на неаб’ектыўнасць пры вызначэнні тлустасці малака. Таму я пацікавіўся ў Андрэя Мікалаевіча Гурава аб тым, ці бываюць у яго канфліктныя сітуацыі з малаказдатчыкамі пры вызначэнні тлустасці малака.

—Такой праблемы ў мяне не існуе, — гаворыць Андрэй Мікалаевіч Гураў, — Справа ў тым, што ў мяне ў машыне пастаянна стаіць прыбор “Аналізатар”, які ў лічаныя секунды вызначае тлустасць, шчыльнасць і наяўнасць вады ў малацэ. У самым пачатку, калі я толькі пачынаў закупляць малако, знаходзіліся людзі, якія здавалі не цэльнае малако — знімалі смятану ці дабаўлялі ваду. Але прыбор “Аналізатар” адразу вызначаў, што малако фальсіфікавана, і здатчыкі самі бачылі, якой якасці яны здалі малако. Некалькі растлумачальных гутарак з малаказдатчыкамі правёў старшыня Маласавінскага сельсавета Віктар Леанідавіч Кахноўскі, і людзі зразумелі, што іх хітрыкі адразу ж выявіць прыбор “Аналізатар”. Таму фальсіфікаванага малака цяпер, як правіла, не здаюць. Я сістэматычна, не радзей, як тры разы ў месяц, у кожнага малака-здатчыка ў яго прысутнасці бяру кантрольныя пробы малака для вызначэння яго тлустасці. Па гэтых паказчыках і вызначаецца сярэдні працэнт тлустасці малака. Сярод малака-зборшчыкаў раёна пакуль толькі я маю прыбор для вызначэння якасці малака “Аналізатар”, які я купіў за 2 мільёны рублёў.

—А хто выплачвае грошы малаказдатчыкам за здадзенае малако?

—Я і выдаю кожнаму малаказдатчыку рэгулярна тры разы ў месяц грошы за здадзенае малако. Нараканняў ад людзей не бывае.

Вось так па ініцыятыве старшыні Маласавінскага сельсавета Віктара Леанідавіча Кахноўскага ўдалося вырашыць праблему збору лішкаў малака на падвор’ях аграгарадка Баброва, вёсак Расасна і Загваздзіна.

Варта адзначыць, што Андрэй Мікалаевіч Гураў не адзіны ў раёне індывідуальны прадпрымальнік, які займаецца закупам малака на падвор’ях. З ліпеня мінулага года ў сельскагаспадарчым філіяле імя Ю.Смірнова ААТ “Аршанскі КХП”, а са снежня і ў ААТ “Рэдзькі” малако ў насельніцтва закупляе індывідуальны прадпрымальнік Рыгор Іванавіч Пекаў. Як жа спраўляецца з ускладзенымі на сябе абавязкамі гэты прыватны малаказборшчык? Для таго, каб атрымаць адказ на гэтае пытанне, патэлефанаваў у Пірагоўскі і Засценкаўскі сельскія Саветы, на тэрыторыі якіх размешчаны вышэйназваныя гаспадаркі.

Сакратары гэтых сельскіх Саветаў Інэса Фёдараўна Макарэвіч і Тамара Аляксандраўна Іонычава адказалі, што нараканняў на работу Рыгора Іванавіча Пекава як малаказборшчыка ад насельніцтва ў сельскі Савет не паступала. Індывідуальны прадпрымальнік арганізаваў збор лішкаў малака на падвор’ях належным чынам.

Як бачна на двух гэтых прыкладах, і ў сельскай мясцовасці ёсць сфера дзейнасці для прыватнага бізнесу, які дапамагае вырашыць наспеўшыя праблемы сельскіх жыхароў.

Андрэй КВІР

2 thoughts on “Молоко с дубровенских крестьянских подворьев собирает индивидуальный предприниматель

  • 16.09.2011 в 7:08 дп
    Permalink

    не похоже на санитарно

    Рейтинг комментария:Vote +1+2Vote -10

  • 16.09.2011 в 11:48 дп
    Permalink

    Конечно, сама редакция не проверяла на санитарность, но санстанция — да. Их диагноз: всё в норме;)

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -1-1

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *