Аграрии Дубровенщины принимали поздравления

Спакон вякоў кажуць: “Хлеб усяму галава”. І спакон вякоў праца аграрыяў — адна з самых ганаровых і паважаных. У мінулую суботу ў раённым Доме культуры працаўнікі і ветэраны сельскай гаспадаркі Дубровеншчыны прымалі шчырыя віншаванні і заслужаныя ўзнагароды з нагоды прафесійнага свята.
З прывітальнай прамовай да прысутных звярнуўся Алег Лындзін, старшыня Дубровенскага райвыканкама. Ён падвёў вынікі сельскагаспадарчага года і назваў перадавыя гаспадаркі і імёны лепшых працаўнікоў, з якіх трэба браць прыклад.
—Нягледзячы на складаныя пагодныя ўмовы ў канцы вясны-пачатку лета нашы працаўнікі вёскі ў выніку дасягнулі добрых рэзультатаў. Намалот зерневых і зернебабовых склаў 60,7 тысячы тон пры сярэдняй ураджайнасці 30 цэнтнераў з гектара, рапса — 6,3 тысячы тон пры ўраджайнасці 13,8 цэнтнера з гектара.’
Добрыя вынікі атрымалі льнаводы раёна. Мы ў лідарах вобласці як па валавым зборы трасты, так і па яе якасці. У гэтым годзе ў раёне нарыхтавана 13 тысяч тон ільнотрасты сярэднім нумарам 1,10. Ураджайнасць трасты склала 46,8 ц/га, валакна — 14,9 цэнтнера з гектара. Вялікая заслуга ў гэтым рэзультаце і працаўнікоў ільнозавода, і льносеючых гаспадарак, такіх як ААТ “Якубава-Агра”, “Каманіна”, КУСГП “Зарубы” і ААТ “Баброва-Агра”. Лідарамі па вытворчасці зерня ў гэтым годзе з’яўляюцца ААТ “Праўда-С”, КУСГП “Першамайскае” і імя Чарняхоўскага, — адзначыў Алег Лындзін.
Кіраўнік раёна падкрэсліў, што развіццё аграрнага сектара шмат у чым залежыць ад вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі жывёлагадоўлі. Лепшыя паказчыкі па вытворчасці і продажы малака дэманструюць працаўнікі КУСГП “Прыдняпроўскі”, ААТ “Праўда-С”, ААТ “Якубава-Агра”. А па вытворчасці мяса ў раёне лідзіруюць ААТ “Герой”, СГФ “Першамайскае” і КУСГП імя Чарняхоўскага.
Алег Лындзін адзначыў, што ўсе дасягненні аграрыяў Дубровеншчыны — гэта вынік захавання пераемнасці вопыту і ведаў ветэранаў працы, самаадданасці і вернасці сваёй справе ўсіх працаўнікоў вёскі. Старшыня райвыканкама выразіў ім словы падзякі, павіншаваў з прафесійным святам і пажадаў моцнага здароўя, дастатку ў сем’ях, спрыяльнага надвор’я і высокіх ураджаяў.
Да слоў віншавання далучыліся Мікалай Мартынаў, генеральны дырэктар холдынга “Марка”; Аляксандр Хрыстафораў, начальнік камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама; Ігар Левянкоў, начальнік упраўлення землеўпарадкавання аблвыканкама, і Міхаіл Ляшчынскі, намеснік старшыні абласнога савета ветэранаў. Усе яны падзякавалі працаўнікоў вёскі і выказалі шчырыя словы павагі.
Лепшыя з лепшых у гэты дзень атрымалі ганаровыя ўзнагароды. Так, граматамі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання ўзнагароджаны Сяргей Гусянцоў, галоўны аграном СГФ “Першамайскае”, і Ала Палійчук, аператар машыннага даення СГФ імя Ю.Смірнова. Граматы Віцебскага аблвыканкама атрымалі Валерый Пыркін, дырэктар КУСГП “Прыдняпроўскі”, і Аляксандр Агароднікаў, галоўны ветэрынарны ўрач ААТ “Герой”. Трактарысты-машыністы Віктар Лукашоў з КУСГП “Прыдняпроўскі” і Сяргей Развянкоў з ААТ “Дубровенскі льнозавод” узнагароджаны граматамі Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў. Граматы камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама ўдастоены дырэктар СГФ імя Ю.Смірнова Артур Сыса, аператар машыннага даення з КУСГП імя Чарняхоўскага Святлана Галех і трактарыст-машыніст з ААТ “Каманіна” Аляксандр Белавусаў. Падзяка камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама аб’яўлена Максіму Ханякову, начальніку ўчастка ДП «Дубровенскае ПМС».
Некалькі гадзін падводзілі вынікі раённага спаборніцтва працаўнікоў вёскі ў розных намінацыях. Увесь гэты час у іх адрас гучалі словы падзякі і апладысменты, а ўвазе прадстаўлены лепшыя нумары мастацкай самадзейнасці артыстаў-аматараў Дубровеншчыны.
Упэўнена, нашы працаўнікі вёскі заслужылі такой павагі. Наперадзе ў іх нялёгкія працоўныя будні, новыя мэты і задачы, новыя перамогі і дасягненні. А агульны вынік працы ўсіх аграрыяў — гэта аснова жыцця дзяржавы.

  • Дубровно, дубровенский, день сельского хозяйства

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *