В Дубровно прошли встречи представителей власти с трудовыми коллективами

Сустрэчы прадстаўнікоў улады з працоўнымі калектывамі Дубровенскага раёна даўно сталі традыцыяй. Выгада ад такіх мерапрыемстваў карысная для абодвух бакоў. У людзей ёсць магчымасць напрамую атрымаць адказ на тое ці іншае пытанне, узняць хвалюючую праблему. А прадстаўнікі райвыканкама не толькі праінфармуюць людзей па нейкай актуальнай для пэўнага часу тэме, раскажуць пра тое, як развіваецца раён, але і самі ўбачаць, чым жыве працоўны калектыў.

У мінулую пятніцу такія сустрэчы адбыліся ў цэнтральнай раённай бальніцы і на льнозаводзе. У ліпені агульнай тэмай для інфармавання сталі вынікі правядзення ІІ Еўрапейскіх гульняў. Тэма спорту і здаровага ладу жыцця актуальна для медыцынскіх работнікаў. Таму намесніку старшыні Дубровенскага райвыканкама Сяргею Палуйчыку было проста размаўляць з медыкамі. Яны зацікаўлены ў тым, каб людзі вялі больш актыўны лад жыцця і менш хварэлі. Таму і пытанні ў іх былі звязаны непасрэдна з магчымасцю займацца спортам. Яны цікавіліся, ці будзе ў Дуброўна будавацца басейн альбо іншыя спартыўныя аб’екты.

Працяг гэтай тэмы быў і на льнозаводзе. На сустрэчу з прадстаўнікамі градаўтваральнага прадпрыемства прыйшоў Алег Лындзін, старшыня Дубровенскага райвыканкама. Дарэчы, на гэтым прадпрыемстве арганізаваны рэгулярныя выезды як у басейн, так і на розныя культурныя і спартыўныя мерапрыемствы. Працаўнікі льнозавода з цікавасцю слухалі начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Людмілу Дудараву і памочніка ўрача агульнай практыкі Дубровенскай ЦРБ Алесю Чарняўскую. Тэмы іх выступленняў былі сугучныя: заняткі спортам, здаровы лад жыцця, захаванне агульных санітарных норм і правіл.

Працягам размоваы стала выступленне начальніка Дубровенскага РАНС Уладзіміра Жызнеўскага, які акцэнтаваў увагу прысутных не толькі на забеспячэнне пажарнай бяспекі, але і агульнай бяспекі на працы, дома, у лесе. Ён прадэманстраваў, як працуе мабільны дадатак «Дапамога побач».

Працаўнікі льнозавода не ўпусцілі шанс задаць кіраўніку раёна хвалюючыя іх пытанні. Яны датычыліся як здаровага ладу жыцця і бяспекі жыццядзейнасці, так і добраўпарадкавання асобных вуліц і тэрыторый. На некаторыя пытанні кіраўнік раёна даў адказы, а асобныя праблемы можна вырашыць з цягам часу і пры наяўнасці фінансавання. Усе пытанні ўзяты на кантроль і паступова будуць вырашацца.

Падводзячы вынікі дня інфармавання, Алег Лындзін адзначыў, што заўсёды прыемна сустракацца з калектывам добра працуючага прадпрыемства. «Зараз напружаны час уборкі ўраджаю, а гэта свайго роду праверка зладжанасці працы кіраўніцтва прадпрыемства і ўсіх працаўнікоў. Гэта магчымасць аб’яднацца і праявіць лепшыя свае здольнасці, а па выніках працы атрымаць падзякі і ўзнагароды. Жадаю, каб у вас усё атрымалася і Дубровенскі льнозавод і далей быў у ліку лепшых», — сказаў Алег Лындзін.

Святлана ШУРПАКОВА.