Что помнят заключённые фашистского концлагеря в Осинторфе?

На Дубровеншчыне вельмі беражліва адносяцца да ўсяго, што звязана з падзеямі часоў Вялікай Айчыннай вайны, надзвычай многа выпрабаванняў выпала на долю гэтага невялікага куточка беларускай зямлі.

Святкаванні 65-годдзя Перамогі над фашызмам, гадавіны вызвалення Беларусі яшчэ раз пацвердзілі тое, пра што сказана вышэй. Было шмат падрыхтоўчай работы, а потым — яркіх, запамінальных падзей. Адна з іх — выраб памятнага знака і ўстаноўка яго на 5-м пасёлку Асінторфа — на месцы былога фашысцкага канцлагера для савецкіх ваеннапалонных і мірнага насельніцтва.

Яшчэ жывуць людзі, якія былі сведкамі ўтрымання ваеннапалонных у гэтым лагеры смерці ці яго вязнямі. Супрацоўнікі Асінторфскай сельскай бібліятэкі запісалі іх успаміны, якія мы прапануем увазе чытачоў “Дняпроўскай праўды”.

З успамінаў Аляксея Іванавіча СЦЕПАНЕНКІ.

Аляксей Сцепаненка нарадзіўся ў 1926 годзе на Цэнтральным пасёлку Асінторфа. Бацькоўскі дом стаяў каля самага стадыёна, які быў прыцягальным цэнтрам для заняткаў фізкультурай і спортам не толькі моладзі, але і вучняў, месцам правядзення ведамасных спартыўных спаборніцтваў ажно да рэспубліканскага ўзроўню.

У пасёлку вялося інтэнсіўнае жыллёвае і сацыяльна-культурнае будаўніцтва. Адным з аб’ектаў была новая сярэдняя школа, але павучыцца ў ёй не давялося нікому — пачалася вайна.

У сувязі з рэканструкцыяй стадыёна сям’я Сцепаненкаў перасялілася на 11-ы пасёлак, які межаваў з пасёлкам  № 5, дзе размяшчаліся баракі для сезонных рабочых. Былі тут сталоўка, магазін і нават летняя сцэна, а танцы пад духавы аркестр наладжваліся штодзённа. Можна было палюбавацца палётам на аэраплане стаханаўцаў-перадавікоў, дзетвары такое задавальненне было недаступным.

На 11-м і 5-м пасёлках, дзе будаваліся баракі летняга тыпу, і зімой жылі маладыя сем’і, якія ўтварыліся летам. Не хацела моладзь пакідаць Асінторф. Тыя, што заставаліся (ажаніліся), атрымлівалі часовы пашпарт на 6 месяцаў (у вёсках пашпарты моладзі ў той час не выдавалі). «Временщики» ў першую чаргу заставаліся тут працаваць на новы летні сезон, іх не трэба было зноў вербаваць. А ўжо пасля 2-га летняга сезона на рукі выдавалі пастаянны пашпарт, які даваў права не вяртацца ў вёску. Можна было працягваць працаваць у Асінторфе, а многія ехалі ў гарады і ўладкоўваліся на працу на заводы і фабрыкі…

…Страшнае слова вайна парушыла кіпучае, яркае жыццё Асінторфа. Апусцелі баракі на 5-м пасёлку, але не надоўга… Абнеслі іх фашысты калючым дротам, пабудавалі вышкі, вароты і сталі патруляваць з аўтаматамі і сабакамі. Са шматгалосага, бурлівага маладой весялосцю пасёлка адразу гэтае месца ператваралася ў страшную турму для савецкіх ваеннапалонных.

Фашысты ў тэрміновым парадку аднаўлялі здабычу торфу для БелДРЭС. Зняволеных, хворых, галодных гналі на цяжкія работы — летам на торфараспрацоўкі, зімой — на дарожныя, будаўнічыя. Харчаванне не забяспечвала доўгага выжывання: на значную групу зняволеных, змарнелых людзей — на дзень выдавалі трохі зваранай пустой капусты і некалькі бульбін на ўсіх. Вопратка на людзях ператварылася ў лахманы… Ад непасільных работ, голаду, холаду ваеннапалонныя хутка гублялі сілы і  паміралі. Колькі іх тут легла — не злічыць, ды ніхто і не лічыў.

15-гадовы Аляксей Сцепаненка таксама павінен быў працаваць на здабычы торфу. Праца была надзвычай цяжкая, нормы выпрацоўкі — непамерна высокія, бо электрастанцыя павінна была працаваць на поўную магутнасць, харчаванне людзей — мізэрнае, і людзі падалі, як восеньскія мухі.

Фашысты папаўнялі лагер пастаянна за лік жыхароў-бежанцаў (як яны называлі партызан) і ваеннапалонных — савецкіх салдат і афіцэраў. У такіх умовах вязням-ваеннапалонным прапаноўвалі ўступаць у рады так званай “рускай вызваленчай арміі”.

У памяць Аляксея ўрэзалася пачутая ў той час інфармацыя, што сфарміраваны цэлы полк з маладых салдат, якім выдалі адзенне, прадукты харчавання, нават боепрыпасы. Але нядоўга радаваліся “ўласаўцы” — камандзіры — праз 4-5 месяцаў сфарміраваныя падраздзяленні пайшлі ў лес, да партызан, з усёй амуніцыяй. За сабой замініравалі 2-і пасёлак, дзе дагэтуль было іх месца размяшчэння. Калі туды нахлынулі немцы, без выбухаў і ахвяр не абышлося… “Спісаць” такое на дыверсію партызан было нельга.

Такім чынам,, частка ваеннапалонных з 5-га пасёлка, з лагера смяротнікаў выратавала сябе ад смерці і бясслаўя, бо другая частка, якая тут заставалася, паверыўшы гітлераўскай і ўласаўскай прапагандзе і “верная” нейкім “вызваленчым” ідэям, засталася тут навечна. Колькі іх засталося — аб гэтым маўчаць кар’еры, якія паглынулі іх прах. Але такіх было не так і многа. Ды хто б як ні паступіў, але месца іх пагібелі — гэта вечнае пракляцце фашызму, які каштоўнасць чалавечага жыцця звёў на нішто.

У 1944 годзе пры вызваленні Асінторфа ад фашысцкіх акупантаў быў вызвалены і канцлагер на 5-м пасёлку.

Але Аляксей Сцепаненка гэтага не бачыў, паколькі ў 1943 годзе разам з членамі падпольнай камсамольска-маладзёжнай арганізацыі пад кіраўніцтвам Станіслава Шмуглеўскага праз Сухую граду выйшлі ў лес, дзе далучыліся да партызан. Пазней А.І.Сцепаненка змагаўся з ворагам у радах Чырвонай Арміі, быў паранены, яму ампутавалі кісць правай рукі, камісавалі са службы, інвалідам ІІ групы ён вярнуўся на Асінторф, стаў добрым сем’янінам і веруючым чалавекам. І колькі жыве ў Асінторфе, столькі цвёрда быў перакананы, што трэба абавязкова абазначыць месца, дзе размяшчаўся канцлагер на 5-м пасёлку. І абавязкова адслужыць паніхіду па замучаных голадам, холадам і знясільваючай працай людзях. І настойліва дабіваўся гэтага.

З успамінаў Марыі Яфімаўны ДАЛЖАНКОВАЙ (у дзявоцтве —Бондаравай), жыхаркі п. Асінторф.

Нарадзілася ў снежні 1925 года ў вёсцы Азёры Дубровенскага раёна ў вялікай сям’і. Каб лягчэй было пракарміцца, летам збіралі ягады, грыбы, насілі прадаваць у пасёлак Красное на Смаленшчыну. Там іх ведалі многія.

І так атрымалася, што ў час вайны Марыя стала сувязной партызанскага атрада. Было ёй шаснаццаць гадоў, было ў яе падпольнае прозвішча — Багданава. Паскуднік-бургамістр па прозвішчу Лапін (мянушка — Рапет) выдаў Марыю немцам. Яе і стрыечных брата і сястру забралі і прывезлі на Асінторф, на 7-ы пасёлак. Трымалі ў бараку, штодзень вадзілі на допыты, білі, пагражалі расстрэлам. Потым былі аршанская турма, зноў Асінторф і злавесны канцлагер на 5-м пасёлку. Увесь канцлагер быў абнесены калючым дротам, іншыя яго прыкметы — вышкі для назіральнікаў і шыбеніца — для вязняў.

Прабыла Марыя ў гэтым страшным лагеры амаль год.

Расстрэлы ваеннапалонных у канцлагеры сталі дзікай, але амаль звыклай з’явай. Восенню 1943 года папаўзлі чуткі, што расстраляюць ці згоняць у адзін ці некалькі баракаў і спаляць усіх — і ваенных, і мірных вязняў. Найбольш смелыя і адчайныя сталі разбягацца. Удалося ўцячы і Марыі. Яна трапіла ў хату Аграфены Шышаковай з вёскі Судзілавічы, якая яе прытуліла і даглядала, пакуль змарнелая дзяўчынка набралася трохі сіл…

Усё далейшае расказваць доўга, варта ўвагі тое, што да канца вайны працавала на кухні ў лётнай воінскай часці. У 1953 годзе выйшла замуж, паехала жыць у Асінторф, дзе нарадзіла і вырасціла 4 дзяцей. Цяпер у Марыі Яфімаўны 5 унукаў, 6 праўнукаў і яна разам з мужам Васілём Кузьмічом жывуць у Асінторфе, на 2-м пасёлку.

***

Памятны знак, пастаўлены на 5-м пасёлку Асінторфа, праз дзесяцігоддзі пасля трагічных падзей — гэта людская памяць сэрца аб бязвінных ахвярах самай жорсткай і крывавай вайны ў гісторыі чалавецтва.

Алена ДЗІКАРАВА,

загадчык Асінторфскай сельскай бібліятэкі.

На здымках: 1.Аляксей Іванавіч Сцепаненка на месцы адкрыцця памятнага знака вязням канцлагера на 5-м пасёлку Асінторфа.

2.Памятны знак бязвінным ахвярам фашысцкага канцлагера ў Асінторфе.

Фота Лідзіі ЧАПЯЛОВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *