На Доске Почёта Дубровенского района появились новые имена

Дубровно, 1 мая, праздник труда. район, Доска почёта, люди, награды

Ясным сонечным красавіцкім днём збіраліся гэтыя людзі ў раённы Дом культуры, каб разам з усімі прыняць удзел у святочным пасяджэнні, прысвечаным першамайскаму Святу працы. Сярод іншых іх вызначала асаблівая ўзрушанасць. Гэта былі прадстаўнікі працоўных калектываў, лепшыя з лепшых, чые партрэты і прозвішчы нядаўна былі занесеныя, згодна з рашэннем Дубровенскага раённага выканаўчага камітэта №292, на абноўленую Дошку Гонару.

Усіх, хто прыйшоў на ўрачыстасць, сардэчна віталі вядучыя свята Нэлі Ціханава, Юлія Міхайлоўская і Вячаслаў Сцяпанаў. Затым яны прадаставілі слова старшыні раённага выканаўчага камітэта Анатолю Іванавічу Лукашову, які сардэчна павіншаваў сваіх суайчыннікаў са Святам працы — сімвалам стварэння, міру і вясны. Гэта свята блізкае і зразумелае усім нам, ветэранам і маладым, яно аб’ядноўвае і радніць цэлыя пакаленні людзей.

—Ад умення кожнага жыць і працаваць залежаць стабільнасць у краіне і дабрабыт у доме, а аднадушнасць і салідарнасць даюць нам сілы вытрымліваць цяжкія выпрабаванні, рашаць няпростыя праблемы, — гаварыў Анатоль Іванавіч. — Мы хочам, каб наша жыццё было прыгожым і стабільным, каб на ўсёй планеце былі мір і парадак, а праца прыносіла ў дом радасць і задавальненне.

Толькі ўсе разам, агульнымі намаганнямі мы зможам зрабіць больш прыгожымі мясціны, дзе мы жывём, умацаваць эканоміку раёна, забяспечыць дастойнае функцыянаванне ўстаноў адукацыі і культуры, медыцыны і сацыяльнай абароны, гандлю і бытавога абслугоўвання. Працавітасць, веды, прафесіяналізм заўжды ў цане.

І сёння мы аддаём даніну павагі тым, хто старанна працуе, робіць наша жыццё змястоўным, а родную Беларусь — прыгожай і моцнай. Хачу назваць працоўныя калектывы і перадавікоў вытворчасці, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё народнагаспадарчага комплексу.

Падведзены вынікі работы ў першым квартале 2011 года. Яны абнадзейваюць. На 38,5 працэнта выраслі аб’ёмы прамысловай вытворчасці, на 21,7 працэнта — аб’ёмы рознічнага тавараабароту. На 25 працэнтаў больш аказана платных паслуг насельніцтву. Створана 39 новых рабочых месцаў. У сельскай мясцовасці ўведзены ў эксплуатацыю 431 кв.м. жылля. У маі будзе здадзены ў эксплуатацыю 40-кватэрны дом па вуліцы Аршанская ў горадзе Дуброўна.

Гарачыя працоўныя будні зараз у жыхароў сельскіх населеных пунктаў, працаўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў, якія абслугоўваюць сельскагаспадарчую вытворчасць. У разгары палявыя работы, на вагу золата кожная хвіліна рабочага дня. Нездарма ў народзе гавораць, што веснавы дзень — год корміць. Спазніўшыся на дзень з пасяўнымі работамі, — восенню не дабярэш не адзін цэнтнер ураджаю. У разгар пасяўной кампаніі вельмі важныя арганізаванасць, дысцыпліна, пачуццё адказнасці за даручаны ўчастак работы. Менавіта такія якасці праяўляюць сельскія працаўнікі ў пераважнай большасці гаспадарак. А тон у кіпучых працоўных буднях задаюць такія сельскагаспадарчыя прадпрыемстввы як ААТ “Гігант-Агра” (дырэктар Пётр Іванавіч Жарыкаў), “Праўда-С” (дырэктар Сяргей Міхайлавіч Дранеўскі) і “Якубава-Агра” (дырэктар Уладзімір Васільевіч Байголаў), якія першымі ў раёне завяршылі сяўбу збожжавых культур.

Надзейнымі партнёрамі працаўнікоў вёскі ў гэты няпросты час паказалі сябе і арганізацыі, якія абслугоўваюць аграпрамысловы сектар раёна. Тут на правым флангу такія прадпрыемствы, як УП “Дубровенскае ПМС” (дырэктар Уладзімір Еўдакімавіч Малчанаў) і ААТ “Дубровенскі райаграсэрвіс” (дырэктар Дзмітрый Уладзіміравіч Цімошчанка), многія іншыя працоўныя калектывы і іх кіраўнікі.

Традыцыйна напярэдадні Свята працы раённы выканаўчы камітэт прымае рашэнне аб занясенні на раённую Дошку Гонару лепшых працоўных калектываў, асобных працаўнікоў — прадстаўнікоў прамысловасці, сельскай гаспадаркі і інтэлегенцыі, якія дабіліся высокіх вынікаў у працы ў мінулым годзе (у дадзеным выпадку —2010 годзе).

Разам са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Аленай Віктараўнай Ціханавай старшыня райвыканкама Анатоль Іванавіч Лукашоў уручыў кіраўнікам перадавых калектываў, занесеных на раённую Дошку Гонару, дыпломы, а лепшым людзям раёна, чые партрэты таксама ўпрыгожваюць раённую Дошку Гонару, уручыў, акрамя дыпломаў, грашовыя прэміі.

А я ў сваю чаргу вырашыла бліжэй пазнаёміцца з галоўнымі героямі святочнай вечарыны.

Дубровно, 1 мая, праздник труда. район, Доска почёта, люди, награды

Сярод тых, хто падымаўся на сцэну і атрымліваў заслужаную ўзнагароду з рук кіраўнікоў раёна, была сацыяльны работнік аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму дзяржаўнай установы “Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дубровенскага раёна” Людміла Русланаўна Гутарава. Вось што пра яе гаварыла дырэктар цэнтра Таццяна Валянцінаўна Кір’янава:

—Людміла Русланаўна — чалавек ад Бога: міласэрная, спагадлівая, клапатлівая. Такія рысы характару ў яе рабоце самыя галоўныя. Яна аказвае сацыяльна-бытавую дапамогу на даму людзям, якія абдзелены клопатам і ўвагай. Цяпла душы ў яе на ўсіх хапае.

У калектыве, дзе працуе, умее ствараць спрыяльны псіхалагічны клімат. Па жыцці актыўная, прымае ўдзел у спартыўна-аздараўленчых і культурных мерапрыемствах. На працягу шасці гадоў узначальвае пярвічную арганізацыю “Чырвоны Крыж”.

У 2007 годзе на раённым злёце перадавікоў бюджэтнай і сацыяльнай сферы ёй было прысвоена званне “Лепшы па прафесіі”, у мінулым аб’яўлена Падзяка старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама.

Наталлю Валянцінаўну Пятрухіну у Дуброўне ведаюць многія людзі. Яна ўрач, загадчыца тэрапеўтычнага аддзялення ўстановы аховы здароўя “Дубровенская ЦРБ”.

Наталля Валянцінаўна вельмі любіць сваю работу, выконвае яе кваліфікавана, з усёй адказнасцю, павысіла катэгорыю па кваліфікацыі ўрач-тэрапеўт. У нашым раёне працуе з 1997 года. Праз яе рукі прайшлі сотні хворых, якім яна дапамагла паправіць здароўе, паверыць у свае сілы.

Дубровно, 1 мая, праздник труда. район, Доска почёта, люди, награды

Мікалай Дзмітрыевіч Коцікаў працуе вадзіцелем паліва-мыечнай машыны аўтатранспартнай гаспадаркі УП ЖКГ “Дуброўна-Камунальнік”.

—Транспартны сродак у Мікалая Коцікава заўсёды на хаду, — гаворыць дырэктар камунальнай службы Раман Леанідавіч Самажонаў. — А сам ён вельмі працавіты чалавек, усе даручэнні выконвае своечасова, у адносінах з іншымі — таварыскі і добразычлівы. Я рады, што Мікалай Дзмітрыевіч удастоены гонару быць занесеным на раённую Дошку Гонару.

Анатоль Уладзіміравіч Кураленка — жывёлавод КУСГП імя Чарняхоўскага. Аб гэтым чалавеку мы неаднойчы апавядалі ў газеце. Ён неаднаразовы пераможца раённага і абласнога спаборніцтва сярод жывёлаводаў раёна. Прывагі бычкоў у групе, якую даглядае Аналоль Уладзіміравіч, у 2010 годзе склалі 870 грамаў. Адным словам, чаму б за такую работу не быць удастоеным такога гонару — занесеным на раённую Дошку Гонару.

Людміла Анатольеўна Сухорская, аператар машыннага даення кароў ААТ “Праўда-С”, таксама заслужыла такога высокага гонару сваёй працай. У 2010 годзе надой на карову ў яе групе склаў 5649 кілаграмаў малака, перавысіў папярэдні паказчык на 260 кілаграмаў. Галіна Анатольеўна — цудоўная маці, яна выхоўвае дваіх дзяцей — сына, студэнта Аршанскага чыгуначнага каледжа і дачку-старшакласніцу Сіпішчаўскай базавай школы.

Уладзімір Аляксандравіч Петрачэнка працуе вадзіцелем у ААТ “Дубровенскі райаграсэрвіс” адзін год.

—Добрага працаўніка і за такі тэрмін распазнаеш, — гаворыць дырэктар прадпрыемства Дзмітрый Уладзіміравіч Цімошчанка. — Уладзімір — вельмі мабільны і працаздольны чалавек. Ён можа спраўляцца з вялікім аб’ёмам работы, заўсёды праяўляе настойлівасць у давядзенні пачатай справы да канца, не баіцца браць на сябе адказнасць, умее адстаяць свае погляды. Пры ўсім гэтым ён вельмі тактоўны чалавек.

Дубровно, 1 мая, праздник труда. район, Доска почёта, люди, награды

Людміла Віктараўна Міронава адпрацавала ў вузле электрычнай сувязі некалькі дзесяткаў гадоў, з 1982 года — яна аператар сувязі Пункта калектыўнага карыстання.

Людміла Віктараўна прадастаўляе абанентам міжнародныя і гарадскія размовы па аўтаматызаванай схеме, прымае і апрацоўвае заказы на міжгароднія тэлефонныя размовы, прымае і перадае факсімільныя паведамленні, прадастаўляе доступ да сеткі Інтэрнэт з дапамогай ПЭВМ, паслугі “Машынны час”, аказвае дапамогу кліенту пры карыстанні паслугай сеткі “Інтэрнэт”. Адным словам, яна валодае вялікім кругаглядам, за што карыстаецца заслужаным аўтарытэтам у сваім працоўным калектыве.

Я распавяла далёка не аб усіх лепшых людзях раёна, якія ўдастоены вялікага гонару — быць занесенымі на раённую Дошку Гонару. У іх адрас прагучала шмат цёплых слоў удзячнасці за шчырую нястомную працу, шмат песень, ім было прысвечана нямала нумароў мастацкай самадзейнасці. Сваёй творчасцю іх парадавалі Ала Капцерава і Антаніна Марозава, Анатоль Вараб’ёў, Алена Шлег, танцавальны калектыў “Конфетти” Асінторфскай сярэдняй школы, Юлія Дзерваед, аркестр вучэбнага класа “Валошкі” аграгарадка Дабрынь.

Вось так адзначылі ў нашым раёне Свята працы. Хаця пераважная большасць суайчыннікаў адзначылі яго стараннай працай на палях і фермах, дзе ў гэтыя дні працягваецца ў пэўным сэнсе слова гарачая бітва за ўраджай, выкананне працоўных паказчыкаў першага года новай пяцігодкі.

Дык няхай жа Першамай заўсёды застаецца з намі як сімвал мірнай вясны і народнай згоды ўсёй працоўнай Беларусі: нашай Дубровеншчыны, згоды ў імя нашых дзяцей і ўнукаў. Няхай святло і цяпло Першамая заўсёды будуць з намі.

Лідзія ЧАПЯЛОВА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *