Дубровенщина воспитала Героев Советского Союза

Дубровно, Дубровенский район, Великая Отечественная фойна, солдат, Герой Советского Союза, медаль, орден

Вялікая Айчынная вайна адышла ў мінулае. Але памяць пра гераізм, праяўлены сынамі і дочкамі нашай некалі адзінай Савецкай Радзімы ў барацьбе супраць фашызму, навечна застанецца ў нашых сэрцах.

Праз вайну прайшлі мільёны савецкіх воінаў — байцоў і камандзіраў, партызан і падпольшчыкаў. Сённяшні мой кароткі аповед пра тых, хто першымі сярод першых ішлі на ворага, натхнялі сваіх таварышаў, змагаліся да апошняга дыхання. За выключныя баявыя подзвігі больш за 11600 чалавек удастоены вышэйшай узнагароды — звання Героя Савецкага Саюза. Ёсць сярод гэтых слаўных імён ураджэнцы Дубровеншчыны, ёсць тыя, хто змагаўся за яе вызваленне ў 1943-1944 гадах. Напомнім іх імёны у Дзень Перамогі, пачынаючы з нашых землякоў.

Дубровно, Дубровенский район, Великая Отечественная фойна, солдат, Герой Советского Союза, АвековПершым з іх Героем Савецкага Саюза (24 жніўня 1943 года) стаў Іван Аўдзеевіч Авекаў, які нарадзіўся 19 мая 1919 года на станцыі Асінаўка Дубровенскага раёна. Яго імя ў нашай прыдняпроўскай старонцы, як і яго подзвігі, былі вядомы даўно. У 2008 годзе, да гадавіны вызвалення Дубровеншчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў на будынку вакзала станцыі Асінаўка ў гонар і памяць Героя ўрачыста адкрыта мемадыяльная дошка.

Я некалькі разоў сустракаўся з дачкой Героя Нінай Іванаўнай Авекавай, якая звязала сваё жыццё і нялёгкую працу зваршчыка-арматуршчыка з Оршай, расказваў аб гэтым ў “Дняпроўскай праўдзе”. Як пісалі да мяне і іншыя перыядычныя выданні рэспублікі, Ніна Іванаўна засталася дастойным нашчадкам бацькі, камандзіра 3-й эскадрыллі 519-га знішчальнага авіяпалка капітана І.А.Авекава. Ён не дажыў да радаснай звесткі аб тым, што яму прысвоена званне Героя Савецкага Саюза, не дажыў да Перамогі, яго жыццё абарвалася 17 красавіка 1943 года, але, як даўно і правільна сцвярджаецца, героі не паміраюць. Жыве памяць, жыве сувязь пакаленняў, жыве працяг у дзецях, унуках і праўнуках…

Аляксей Канстанцінавіч Габрусеў, сялянскі сын з вёскі Гарошкава Дубровенскага раёна, баявое хрышчэнне прайшоў у змаганні за абарону Масквы, ваяваў на Варонежскім і 1-м Украінскім франтах, разам з франтавымі таварышамі ўдзельнічаў у вызваленні Польшчы і Чэхаславакіі.

Вызначыўся старшы сяржант А.К.Габрусеў у верасні 1943 года пры фарсіраванні Дняпра паўночней Кіева, каля сяла Вышгарад. З групай разведчыкаў ноччу пераправіўся цераз раку, прабраўся ў размяшчэнне праціўніка і разведаў яго абаронныя ўмацаванні. Затым яму прыйшлося замяніць загінуўшага камандзіра ўзвода. Пад яго камандаваннем узвод адбіў 10 контратак і ўтрымліваў плацдарм да падыходу асноўных сіл палка.

Званне Героя Савецкага Саюза Аляксею Габрусеву было прысвоена 10 студзеня 1944 года (нарадзіўся ён 1 студзеня 1922 года). Стаў кадравым ваенным, да вясны 1964 года служыў у Савецкай Арміі.

Некалі я меў з Аляксеем Канстанцінавічам непрацяглую службовую перапіску, на падставе якой быў зроблены грунтоўны матэрыял у раённую газету “Дняпроўская праўда”. Там усё тое, што выкладзена ў трох папярэдніх абзацах, было раскрыта цікава і падрабязна, але паўтарацца не будзем…

Пра Івана Дзмітрыевіча Кандрацьева, таксама сялянскага сына з вёскі Гарошкава (нарадзіўся 11 верасня 1917 года), мне расказвала яго ўдава, з якой я сустрэўся ў суседняй вёсцы Карумны, дзе жыла сям’я былога воіна. Апавядала пра іх мірнае жыццё. Іван Дзмітрыевіч працаваў старшынёй Засценкаў-скага сельскага Савета. Памёр 8 чэрвеня 1958 года.

На фронт трапіў у першыя дні вайны. Камандзір разліку станковага кулямёта І.Д.Кандрацьеў вызначыўся пры фарсіраванні рэк Паўднёвы Буг і Прут. Вызначыўся двойчы. 15 і 26 сакавіка 1944 года трапным агнём свайго кулямёта знішчыў 5 варожых агнявых кропак, чым садзейнічаў пераправе нашых падраздзяленняў.

Званне Героя Савецкага Саюза яму было прысвоена 13 верасня 1944 года. Як расказвала мне яго жонка, залатую Зорку Героя І.Д.Кандрацьеву ўручалі ў Маскве ўжо пасля Перамогі, наколькі гэта дакладна, сцвярджаць не бяруся. А вось што яго імя было прысвоена Засценкаўскай сярэдняй (цяпер базавай) школе — гэта факт неабвержны.

Па службовай перапісцы я быў знаёмы і з Мікітам Іванавічам Смарчковым, які нарадзіўся 30 красавіка 1916 года ў сялянскай сям’і ў вёсцы Трафіменкі Дубровенскага раёна.

Яго з дзяцінства вабіла неба, ён марыў стаць лётчыкам і стаў ім. Толькі не ведаў юнак, колькі выпрабаванняў прыгатуе для яго лёс у гады вайны, на Калінінскім, Варонежскім, 1-м, 2-м, 3-м Украінскіх франтах, у баях пад Масквой, Варонежам, на курскай дузе, пры вызваленні Украіны, Румыніі, Югаславіі, Венгрыі. Камандзір эскадрыллі штурмавога авіяпалка зрабіў 196 баявых вылетаў, заслужыў званне Героя Савецкага Саюза (23 лютага 1945 года), быў адзначаны югаслаўскім ордэнам Партызанскай Зоркі.

Як сціпла выглядае гэта ўсё ў яго пісьмах-рукапісах, хоць франтавікі ўвогуле народ не вельмі гаварлівы. Там, на фронце, даказваць усё даводзілася справай, нярэдка — жыццём.

Хачу звярнуць увагу, што ўсе нашы героі-землякі, былі такімі маладымі і ім так хацелася жыць. І зазначыць, што ўсе чацвёра на фронце звязалі свой лёс з партыяй камуністаў. Высокі патрыятызм і высокая ідэйнасць — у гэтым спалучэнні сіла гераізму і непераможнасці…

Ніхто з іх не змагаўся з ворагам непасрэдна за вызваленне Беларусі, але змагаліся сыны і дочкі нашых народаў гэтак жа гераічна і самааддана — Радзіма тады на ўсіх была адна. Мы назавём іх. Назавём у тым парадку, калі імі былі здзейснены гераічнчыя подзвігі.

Дубровно, Дубровенский район, Великая Отечественная фойна, солдат, Герой Советского Союза, Подзигун…Наступленне нашых войск позняй восенню 1943 года. Камандзір аддзялення разведкі артылерый-скага палка, 20-гадовы старшы сяржант Уладзімір Піліпавіч Падзігун у баях каля вёскі Каз’яны 14 лістапада знішчыў дзот з яго гарнізонам, а асабовы склад другога дзота ўзяў у палон. Пры адбіцці контратакі ў рукапашным баі знішчыў 5 гітлераўцаў, 7 фашыстаў узяў у палон, прыняў на сябе камандаванне стралковым батальёнам, падняў яго ў атаку і адкінуў ворага.

Званне Героя Савецкага Саюза прысвоена 22 жніўня 1944 года. Да 1961 года служыў у Савецкай Арміі, падпалкоўнік. Украінец, ён нарадзіўся і жыў на Украіне…

Дубровно, Дубровенский район, Великая Отечественная фойна, солдат, Герой Советского Союза, Буканов…Камандзір узвода ўпраўлення лейтэнант Іван Аляксандравіч Буканаў 15 лістапада 1943 года карэкціраваў агонь артылерыйскай батарэі: у ходзе бою знішчыў 5 кулямётных кропак праціўніка. Пры адбіцці варожай контратакі з двума байцамі знішчыў гарматны разлік ворага, захапіў пушку і біў з яе па пяхоце і танках праціўніка, да таго часу, пакуль хапіла снарадаў. Затым узарваў сваю часовую зброю, а забітага і параненага баявых сяброў вынес да сваіх.

Загінуў у баі 3 снежня 1943 года. Званне Героя Савецкага Саюза прысвоена пасмяротна 3 чэрвеня 1944 года. Подзвіг Івана Буканава натхняў тых, хто працягваў змагацца, набліжаючы Перамогу.

На фронт Аляксей Рыгоравіч Махнёў, рабочы хлопец з Урала, затым ваеннаслужачы, трапіў у сакавіку 1943 года. 17 лістапада наводчык гарматы сяржант А.Р.Махнёў у час бою на левым беразе ракі Расасенка са сваім разлікам стрымліваў атаку 200 салдат праціўніка, якіх падтрымлівалі танкі. Нават калі застаўся адзін, паранены, працягваў весці агонь і знішчыў каля 150 гітлераўцаў.

З залатой зоркай Героя Савецкага Саюза (званне прысвоена 23 сакавіка 1944 года) пасля Перамогі адважны артылерыст вярнуўся на Радзіму.

Дубровно, Дубровенский район, Великая Отечественная фойна, солдат, Герой Советского Союза, СапрыкинНават для ваеннага часу незвычайны і драматычны лёс камандзіра батальёна капітана Уладзіміра Аляксеевіча Сапрыкіна. У Чырвонай Арміі ён служыў з 1939 года, на фронце — з чэрвеня 1941 года.

У пачатку снежня 1943 года ў баях за вёску Чырвоная Слабада, што прылягае да старой Смаленскай дарогі, ён з групай воінаў стрымліваў націск ворага, адбіваючы за дзень па 10-12 контратак. 3 снежня батальён гітлераўцаў пры падтрымцы 15 танкаў акружыў групу, Сапрыкін быў вымушаны выклікаць на сябе агонь нашай артылерыі.

Лічылася, што ён загінуў у тым апошнім для яго баі, 3 чэрвеня 1944 года яму было прысвоена пасмяротна званне Героя Савецкага Саюза. На самой справе ён у тым баі паранены быў узяты ў палон, прайшоў праз усе пакуты фашысцкага пекла і ўжо ў мірны час трапіў у Канаду. Быў пазбаўлены і адноўлены ў званні Героя, але да апошняй радаснай весткі не дажыў, памёр у 1990 годзе.

Прах яго прывезены з Канады і ўрачыста перапахаваны ў брацкую магілу каля вёскі Чырвоная Слабада, дзе вечным агнём спіць амаль увесь яго батальён.

Для перапахавання вельмі многае зрабілі яго зямляк, франтавік і журналіст Пётр Дунаеў, Дубровенскі райвыканкам, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка.

Адна цікавая дэталь: Уладзімір Сапрыкін родам з вёскі Сухадол Ліпецкай вобласці, рускі, змагаўся і пахаваны ў вёсцы Чырвоная Слабада. Наш зямляк, беларус Іван Авекаў пахаваны ў брацкай магіле ў горадзе Данкоў Ліпецкай вобласці. Яшчэ адзін яркі прыклад еднасці беларускага і рускага народаў-братоў.

Дубровно, Дубровенский район, Великая Отечественная фойна, солдат, Герой Советского Союза, Ветчинкин…Самыя скупыя звесткі пра Героя Савецкага Саюза (29 сакавіка 1944 года) Рыгора Пятровіча Вітчынкіна.

У канцы снежня 1943 года ў баі за вышыню ў Дубровенскім раёне гітлераўцы кінулі супраць савецкіх воінаў самаходныя гарматы і танкі. З разліку нашай гарматы, у разліку якой наводчыкам быў яфрэйтар Рыгор Вітчынкін, у жывых засталіся толькі ён і заражаючы. Але атаку адбілі. Гэта і быў подзвіг.

23 чэрвеня 1944 года пачалася Беларуская стратэгічная наступальная аперацыя “Баграціён”. Выключна жорсткія баі разгарнуліся на тэрыторыі Дубровенскага раёна.

Дубровно, Дубровенский район, Великая Отечественная фойна, солдат, Герой Советского Союза, НикандроваІ ў першы дзень наступлення пад вёскай Кіраёва наша пяхота, трапіўшы пад шквальны агонь праціўніка, залегла. Атака зрывалася. Тады ўзнялася ва ўвесь рост руская дзяўчына з сялянскай сям’і, камсорг стралковага палка, старшы лейтэнант Ганна Аляксееўна Нікандрава. За ёй узняліся ўсе байцы… Яна загінула ў гэтым баі. Пахавана ў брацкай магіле ў горадзе Дуброўна, над якой узвышаецца помнік палымянай дзяўчыне. Тут, ля магілы Героя Савецкага Саюза (24 жніўня 1945 года) Ганны Нікандравай праходзяць мітынгі, тут школьнікаў прымаюць у піянеры, адсюль пачынаюцца святочныя шэсці. Сапраўды, героі не паміраюць…

Дакладна хочацца сказаць пра подзвіг Героя Савецкага Саюза (6 кастрычніка 1944 года), 19-гадовага рускага юнака з горада Камар’еў Кастрамской вобласці Юрыя Васільевіча Смірнова.

Дубровно, Дубровенский район, Великая Отечественная фойна, солдат, Герой Советского Союза, Смирнов

Прарываючыся ў складзе танкавага дэсанта ў тыл ворага, ён, цяжка паранены, трапіў у палон і, не выдаўшы ваенную тайну, раз’юшанымі гітлераўцамі-катамі быў распяты на крыжы ў бліндажы каля вёскі Шалашына. Пра гэта ўсім добра вядома.

Вядома і тое, што імя Юрыя Смірнова насіў мясцовы саўгас. Сюды часта прыязджала маці Юрыя — Марыя Фёдараўна. А ў 1965 годзе ў саўгасе пабываў старшыня калгаса “Радзіма” Кастрамской вобласці К.З.Марозаў. Ён унёс прапанову смірноўцам — спаборнічаць паміж сабой. Так мацавалася дружба рускіх і беларускіх хлебаробаў.

У нашы дні саўгас імя Ю.Смірнова страціў сваю назву, але па настойлівых просьбах мясцовых жыхароў адноўленаму гаспадарчаму прадпрыемству яна вернута зноў. І гэта не проста справядліва, а сімвалічна.

Горад Дуброўна быў вызвалены ад акупантаў 26 чэрвеня 1944 года. Вызначыўся пры гэтым камандзір стралковага батальёна капітан Пракоп Фёдаравіч Клепач, украінец, родам з вёскі Клепачы Харольскага раёна Палтаўскай вобласці. Гэтак жа ўмела і адважна змагаўся ён і далей пры вызваленні беларускай зямлі, за што яму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза (24 сакавіка 1945 года).

І ў Дзень Перамогі, і ў кожны будзённы дзень дубровенцы памятаюць і глыбока ўдзячны ўсім, хто выстаяў перад лютым ворагам і даў ім магчымасць свабодна і шчасліва жыць на роднай зямлі.

Фёдар КУЛАКОЎ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *