Дубровенцы отправляются за путёвками в санаторий

Дубровно, отдых, санаторий, туризм, здоровье, красота, спа, Беларусь

Набліжаецца лета, — найлепшая пара для адпачынку, санаторна-курортнага лячэння і аздараўлення насельніцтва. Натуральна, што ў многіх грамадзян у гэты час узнікае пытанне, як атрымаць пуцёўку ў здраўніцы нашай краіны.

Вось і раніцай таго дня, калі аўтар гэтага матэрыялу па службовых справах завітаў у рабочы кабінет галоўнага спецыяліста прадстаўніцтва Віцебскага абласнога ўпраўлення Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленню і санаторна-курортнаму лячэнню насельніцтва Дубровенскага раёна Таццяны Аляксандраўны Лукашовай, да яе на прыём заходзілі людзі. Адны цікавіліся ў Таццяны Аляксандраўны, якія дакументы неабходна прадставіць для таго, каб атрымаць пуцёўку ў санаторый, іншыя здавалі дакументы для пастаноўкі на чаргу для атрымання санаторнай пуцёўкі.

ТЛ—Галоўныя прынцыпы санаторна-курортнага лячэння і аздараўлення насельніцтва ў нашай краіне вызначаны ва Указе Прэзідэнта краіны ад 28 жніўня 2006 года № 542 “Аб санаторна-курортным лячэнні і аздараўленні насельніцтва”, — расказвае Таццяна Лукашова. —У нашым раёне аздараўленне насельніцтва вядзецца па некалькіх напрамках пры падтрымцы дзяржавы.

Па лініі сацыяльнага страхавання льготныя пуцёўкі з частковай аплатай іх кошту (у залежнасці ад размеру даходу атрымальніка пуцёўкі да сярэднямесячнай зарплаты работнікаў у цэлым па краіне) могуць атрымаць работнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна розных форм уласнасці, юрыдычны адрас якіх зарэгістраваны ў нашым раёне і яны робяць адлічэнні ў фонд сацыяльнага страхавання, за кошт якога і вядзецца аплата пуцёвак у санаторыі. Пуцёўкі ў санаторыі могуць атрымаць і іх дзеці, якія маюць патрэбу ў санаторным лячэнні.

Па лініі сацыяльнага страхавання ў мінулым годзе прайшлі курс лячэння і аздараўлення ў санаторыях 114 чалавек, у тым ліку 78 дзяцей. 50 санаторных пуцёвак, у тым ліку 36 — для дзяцей па лініі сацыяльнага страхавання жыхары нашага раёна атрымалі ў гэтым годзе.

Другі напрамак — гэта аздараўленне ветэранаў працы, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, інвалідаў І і ІІ групы, дзяцей-інвалідаў. Аплата пуцёвак у санаторыі для гэтай катэгорыі грамадзян ажыццяўляецца поўнасцю ці часткова з рэспубліканскага бюджэту.

У мінулым годзе ў санаторыях краіны пабывалі 39 ветэранаў працы і вайны, з іх 3 інваліды І групы, акрамя таго, трое дзяцей-інвалідаў ва ўзросце да васемнаццаці гадоў у суправаджэнні бацькоў.

АК—Якая катэгорыя грамадзян атрымлівае пуцёўкі бясплатна?

ТЛ—Без аплаты пуцёўкі ў санаторыі выдаюцца інвалідам І і ІІ групы, дзецям-інвалідам, асобам, якія іх суправаджаюць, а таксама ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны. Дзеці накіроўваюцца ў санаторыі ў суправаджэнні маці ці бацькі.

АК—Куды неабходна звяртацца і якія дакументы прадставіць, каб атрымаць пуцёўку ў санаторый?

ТЛ—Грамадзяне, якія працуюць і маюць патрэбу ў санаторным лячэнні, падаюць заяву і прадстаўляюць медыцынскую даведку ў камісію па аздараўленню, якая створана на кожным прадпрыемстве ці арганізацыі. Ветэраны вайны і працы, інваліды І і ІІ групы, дзеці-інваліды звяртаюцца за пуцёўкай у санаторый непасрэдна да мяне. Пры сабе яны павінны мець медыцынскую даведку, пашпарт, пенсіённае пасведчанне і працоўную кніжку.

У сувязі з аптымізацыяй сістэмы санаторна-курортнага лячэння і аздараўлення насельніцтва ўстаноўлены больш строгі кантроль за выдачай медыцынскіх даведак для санаторнага лячэння. Цяпер медыцынскія даведкі, а, значыць, і санаторныя пуцёўкі атрымліваюць тыя людзі, якія маюць патрэбу ў санаторным аздараўленні. Прынцып размеркавання санаторных пуцёвак паміж раёнамі просты: пуцёўкі вы-дзяляюцца прапарцыянальна наяўнай колькасці работнікаў, занятых у эканоміцы раёна, і колькасці ветэранаў працы, якія жывуць у раёне.

Хачу заўважыць, што для працаздольных грамадзян і ветэранаў працы існуе чарга на атрыманне пуцёвак. На сённяшні дзень у чарзе на атрыманне санаторнай пуцёўкі стаяць больш за 200 ветэранаў працы, а ў мінулым годзе пуцёўкі атрымалі толькі 39 чалавек.

АК—Колькі трэба даплачваць за санаторную пуцёўку працаздольным грамадзянам і пенсіянерам?

ТЛ—Размер даплаты за пуцёўку ў санаторый для работнікаў прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў, а таксама ветэранаў залежыць ад даходу грамадзяніна за апошнія 12 месяцаў, ці, лепш сказаць, ад размеру зарплаты ці пенсіі ў адносінах да сярэднямесячнай зарплаты на гэты перыяд у цэлым па краіне. На практыцы работнікі прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў нашага раёна даплачваюць за пуцёўку прыкладна 15-50 працэнтаў яе кошту, пенсіянеры — 15-20 працэнтаў. Размер даплаты залежыць таксама і ад сезона, у які праходзіць лячэнне ў санаторыі. Зімой размер даплаты крыху ніжэй, чым у летні перыяд.

АК—Які поўны кошт пуцёўкі ў санаторый?

ТЛ—Поўны кошт пуцёўкі залежыць ад шэрагу фактараў: умоў пражывання, месца размяшчэння санаторыя (за мяжой больш дарагія пуцёўкі) і сезона.

У сярэднім за суткі за пражыванне ў санаторыі, які размешчаны на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, неабходна плаціць ад 70 да 150 тысяч беларускіх рублёў. Канкрэтную інфармацыю аб кошце пуцёўкі, аб умовах аздараўлення ў тым ці іншым санаторыі можна атрымаць па тэлефоне 4-32-20: я дам нумары тэлефонаў маркетынгавай службы таго ці іншага санаторыя.

АК—Ці можна набыць санаторную пуцёўку без прадстаўлення медыцынскай даведкі?

ТЛ—Так, можна. Але ў такім разе неабходна будзе заплаціць поўны кошт пуцёўкі. За ўласныя грошы можна купіць пуцёўку ў любы санаторый, які на правах уласнасці належыць нашай краіне, незалежна, дзе ён размешчаны — у рэспубліцы Беларусь ці за яе межамі. Прычым, пуцёўку можна купіць на любы тэрмін — ад 3 да 30 дзён.

Хачу звярнуць увагу на тое, што аб набыцці пуцёўкі за поўны кошт таксама неабходна клапаціцца загадзя, бо ў летні перыяд свабодных месцаў у санаторыях няма. У санаторыях Беларусі ў гэты час папраўляюць сваё здароўе многія грамадзяне Расіі.

Умовы пражывання ў санаторыях нашай краіны камфортныя, грама-дзяне жывуць у аднамесных ці двухмесных нумарах з усімі зручнасцямі ці павышанай камфортнасці.

За інфармацыяй аб набыцці пуцёўкі ў санаторыі i пансионаты, якія размешчаны за межамі нашай краіны, можна звяртацца ў Віцебскае прадстаўніцтва беларускага турагенцтва “Центркурорт” па тэлефонах 8-0212-36-54-84 ці 8-0212-37-06-64.

У сістэму Упраўлення справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь уваходзяць дзесяць лепшых здраўніц краіны, якія размешчаны ў маляўнічых кутках Беларусі, Літвы, Рыжскага ўзмор’я, Чарнаморскага ўзбярэжжа. Гэтыя санаторыі — гармонія прыродных лячэбных фактараў і магутнай лячэбна-дыягнас-тычнай базы.

Усе санаторыі Беларусі аснашчаны апаратамі УЗІ, прыборамі функцыянальнай і лабараторнай дыягностыкі, стаматалагічнымі кабінетамі. Такім чынам, за дадатковую аплату можна прайсці медыцынскае абследаванне, атрымаць стаматалагічныя паслугі.

У санаторыях прадугледжана разнастайная культурная праграма.

Словам, усім грамадзянам, хто мае намер паехаць у санаторый па льготнай пуцёўцы ці купленай за ўласныя грошы, жадаю прыемнага адпачынку і якаснага аздараўлення.

АК—Дзякуй за змястоўную гутарку.

Андрэй КВІР

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *