В Дубровно десятки приёмных детей встречают День семьи с мамами и папами

Дубровно, Дубровенский район, Днь семьи, приёмная семья, дети, родители

Дзень сям’і быў зацверджаны Генеральнай Асамблеяй Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у 1993 годзе і набыў статус міжнароднага, паколькі асноўная яго задача — прыцягнуць увагу людзей да пытанняў сям’і.

Усім нам у гэты дзень варта задумацца аб тым, як жывуць сучасныя сем’і, якія цяжкасці адчуваюць і як іх пераадольваюць. Менавіта ў сям’і ў чалавека фарміруюцца адносіны да навакольнага свету, выхоўваюцца асноўныя якасці характару, закладваюцца маральныя прынцыпы. Любоў, душэўнае цяпло, ласку чалавек атрымлівае толькі ў сям’і. Дзяржава павінна клапаціцца аб гэтым інстытуце грамадства, таму што моцныя сем’і — гэта залог дабрабыту народа. Паколькі ў 2011 годзе тэмай Дня сям’і выбраны праблемы беднасці сям’і, яе сацыяльнай ізаляцыі, сёння мы павядзем размову аб сем’ях, якія займаюцца выхаваннем дзяцей на прафесійнай аснове — прыёмных. Аб тым, як наладжана работа з прыёмнымі сем’ямі ў нашым раёне, апавядае спецыяліст па ахове дзяцінства раённага аддзела адукацыі Наталля Уладзіміраўна МІНКЕВІЧ.

НМ—На базе аддзела адукацыі працуюць 39 прыёмных сем’яў, у якіх выхоўваюцца 46 дзетак, — гаворыць Наталля Уладзіміраўна. — Яшчэ ў нас існуе такая форма сямейнага ўладкавання як апека: зараз налічваецца 15 апякунскіх сем’яў, у якіх на выхаванні знаходзяцца 17 дзяцей.

ЛЧ—Наталля Уладзіміраўна, давайце адразу вызначым такія паняцці, як прыёмная сям’я і прыёмныя бацькі.

НМПрыёмная сям’я з’яўляецца адной з форм уладкавання на выхаванне дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Муж і жонка або адзін з іх, або адзінокія грамадзяне выконваюць абавязкі па выхаванню дзяцей на аснове дагавору аб перадачы дзяцей на выхаванне ў прыёмную сям’ю, які заключаны паміж органамі апекі і папячыцельства (мясцовы выканаўчы і распарадчы орган), і працоўнага дагавору, які заключаны паміж аддзелам адукацыі па месцы жыхарства і прыёмнымі бацькамі. Агульная колькасць дзяцей у прыёмнай сям’і, уключаючы родных і ўсыноўленых, не павінна перавышаць 4 чалавек. Дзяржава выплачвае штомесячныя грашовыя сродкі на ўтрыманне прыёмных дзяцей. Размер штомесячных грашовых выплат пералічваецца з улікам змянення цэн на тавары і паслугі. Асоб, якія стварылі прыёмную сям’ю, называюць прыёмнымі бацькамі. Так рэгламентавана Палажэннем аб прыёмнай сям’і, якое зацверджана пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 1678 ад 28 кастрычніка 1999 года.

Дзеці, уладкаваныя ў прыёмныя сем’і, знаходзяцца там на правах выхаванцаў і захоўваюць права на належачую ім пенсію (па выпадку страты кармільца, інваліднасці і г.д.).

Прыёмныя бацькі ў адносінах да прынятых на выхаванне дзяцей валодаюць правамі і выконваюць абавязкі апекуна, папячыцеля. Апекуны з’яўляюцца законнымі прадстаўнікамі малалетніх падапечных (дзеці да 14 гадоў) і здзяйсняюць ад іх імя і ў іх інтарэсах усе неабходныя здзелкі. Папячыцелі над непаўналетнімі ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў аказваюць падапечным садзейнічанне пры ажыццяўленні імі сваіх правоў і выкананні абавязкаў, даюць згоду на здзяйсненне тых здзелак, якія па закону непаўналетні не можа здзейсніць самастойна, а таксама ахоўваюць іх ад злоўжыванняў з боку трэціх асоб.

Прыёмныя бацькі атрымліваюць заработную плату за работу па выхаванню дзяцей, прынятых у свае сем’і. Такім чынам, прыёмная сям’я — гэта прафесіянальная форма сямейнага клопату аб дзецях, якія засталіся без апекі бацькоў.

ЛЧ—І якія функцыі ўскладзены на прыёмных бацькоў, Наталля Уладзіміраўна?

НМ—Тыя ж самыя, што і на нас з вамі, хто мае сваіх уласных дзяцей і займаецца іх выхаваннем. Прыёмныя бацькі выхоўваюць, клапоцяцца аб іх здароўі, маральным і фізічным развіцці, ствара-юць умовы для атрымання дзецьмі адукацыі, рыхтуюць іх да самастойнага жыцця, садзейнічаюць пераадоленню негатыўнага жыццёвага вопыту дзіцяці на аснове вывучэння гісторыі яго развіцця і выхавання. А яшчэ — арганізуюць зносіны дзіцяці з братамі, сёстрамі, бацькамі і іншымі членамі яго сям’і, рыхтуюць дзіця да магчымага вяртання ў родную сям’ю або да пераходу ў сям’ю ўсынавіцеляў, фарміруюць у яго пазітыўны вопыт жыцця ў сям’і, рыхтуюць дзіця да сацыялізацыі ў грамадстве, развіваюць яго самастойнасць, абараняюць правы і прадстаўляюць яго інтарэсы ў любых органах, кіруюць маёмасцю сваіх выхаванцаў.

ЛЧ—А цяпер, Наталля Уладзіміраўна, давайце пагаворым аб тым, як спраўляюцца бацькі са сваімі абавязкамі па выхаванню дзяцей у прыёмных сем’ях.

НМ—Як я ўжо адзначала вышэй, на сённяшні дзень у раёне паспяхова працуюць 39 прыёмных сем’яў, у якіх выхоўваюцца 46 дзетак. Такой вялікай колькасці прыёмных сем’яў за ўсю гісторыю іх існавання ў нас не было. Як правіла, ва ўсіх сем’ях дзеці акружаны клопатам і ўвагай сваіх прыёмных бацькоў.

Дубровно, Дубровенский район, Днь семьи, приёмная семья, дети, родители

Славіцца сваімі прыёмнымі сем’ямі вёска Баброва. Там пражывае найбольшая колькасць прыёмных бацькоў.

З 2003 года з’яўляецца прыёмнай маці Галіна Аляксееўна Гаршына. Яна выхавала чатырох прыёмных дзяўчынак, дзве з якіх ужо заканчваюць сярэдне-спецыяльныя ўстановы (Горацкі педагагічны каледж і Віцебскі індустрыяльна-педагагічны каледж), знаходзяцца на поўным дзяржаўным забеспячэнні, але працягваюць прыязджаць да прыёмнай маці на выхадныя, якая ахінае іх клопатам і ўвагай, як родных. Яшчэ дзвюх дзяўчынак школьнага ўзросту Галіна Аляксееўна ўзяла на выхаванне крыху раней — Насцю — шэсць гадоў, Машу — 4 гады назад. У яе сям’і дзеці нічым не абдзелены, акружаны клопатам і ўвагай.

У гэтай жа вёсцы жыве прыёмная маці Таццяна Патапаўна Шыцікава. Так склаўся яе лёс, што рана засталася без мужа (трагічна загінуў), сыны сталі дарослымі, завялі свае сем’і. Таццяна Патапаўна — чалавек па жыцці жыццярадасны, з вялікім запасам нерастрачанай мацярынскай энергіі, звярнулася ў наш райаддзел адукацыі з просьбай даць ёй на выхаванне дзяцей. Ну як было адмовіць! Зараз у яе сям’і двое прыёмных дзяцей, якіх яна любіць, а тыя плацяць ёй тым жа. Старэйшая прыёмная дачка Таццяна сёлета заканчвае Расасенскую сярэднюю школу, хоча стаць урачом. Таццяна Патапаўна запісала яе на падрыхтоўчыя курсы ў медуніверсітэт, сама іх аплачвае, купіла дачцэ ноутбук для паспяховай падрыхтоўкі да ўступных экзаменаў. Адным словам, гэта жанчына даўно ўжо пераступіла функцыі прыёмнай маці, стала для чужых дзяцей самай роднай. А ў малюнках яе малодшай дачкі Дар’і, якая вучыцца ў Баброўскай базавай школе і захапляецца маляваннем, Таццяна Патапаўна заўсёды на першым плане і заўсёды пад імі подпіс: “Мая мама”.

Рабянкова Дзіна Уладзіміраўна з Баброва занялася выхаваннем траіх чужых дзетак. Самага старэйшага Рамана прыняла ў сям’ю, калі хлопчык вучыўся ў 9 класе. Клопату з ім мела шмат, але, тым не менш, давяла хлопчыка да заканчэння школы, уладкавала на вучобу ў адзін з аршанскіх ліцэяў. Цяпер ён жыве самастойна, а Дзіна Уладзіміраўна займаецца выхаваннем малодшых прыёмных дзяцей.

У Дуброўне жыве Зінаіда Іванаўна Дудаўцова, якая мае дзвюх дарослых дачок. Адна з яе прыёмных дачок Насця таксама жыве і вучыцца ў Віцебску, а самая маленькая Каця, якую Зінаіда Іванаўна ўзяла на выхаванне зусім маленькай, называе яе мамай. Зінаіда Іванаўна цярпліва вырашае ўсе праблемы са здароўем маленькай прыёмнай дачушкі, вучыць яе размаўляць, фарміруе няпросты характар.

Асаблівай удзячнасці, па словах спецыяліста па дзяцінству райаддзела адукацыі Наталлі Уладзіміраўны Мінкевіч, заслугоўвае сям’я Шлупаковых з Дуброўна.

Таццяна Іванаўна Шлупакова — чалавек жыццялюбівы і жыццярадасны, з гарачым і шчодрым мацярынскім сэрцам. У свой час яе сям’я пераехала ў Дуброўна з чарнобыльскай зоны. На руках Таццяны Іванаўны 88-гадовая маці, якой патрэбен догляд. Сын Шлупаковых — студэнт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Таццяна Іванаўна разам з мужам узялі на выхаванне двух хлопчыкаў, аддаюць ім усё цяпло свайго бацькоў-скага сэрца. Прыёмны сын Дзіма выхоўваецца ў сям’і з 2005 года, за час знаходжання ў сям’і пасталеў і стаў вельмі падобны на сваіх прыёмных бацькоў па характару: добразычлівы, адкрыты, паспяхова вучыцца ў сурэдняй школе № 1 г.Дуброўна і школе мастацтваў па класу баяна.

Гавораць, што дзіця не ашукаеш. Яно, нягледзячы на ўзрост, здольнае адчуць, убачыць у чалавеку тое, што нябачна іншым.

Малодшага 5-гадовага прыёмнага сына Шлупаковых спрабавалі аддаць спачатку ў іншую сям’ю, дзе ён правёў некалькі дзён. Там яго добра сустрэлі і прынялі, але ў наступны раз хлопчык адмовіўся туды ісці. Знайшлі іншых прыёмных бацькоў. Паўтарылася тое ж самае. У сям’ю Шлупаковых пайшоў адразу, наладзіў кантакт са старэйшым прыёмным брацікам, з нецярпеннем кожны раз чакае прыезду з работы бацькі, які працуе на новабудоўлях Віцебшчыны, і, вяртаючыся дамоў, ніколі не прыязджае без падарункаў для малых.

У сям’і Наталлі Канстанцінаўны і Валерыя Аляксандравіча Апет ніколі не было сваіх дзяцей. Усё цяпло сваёй душы гэтыя людзі аддаюць прыёмным. Іх старэйшая прыёмная дачка зараз вучыцца ў Аршанскім тэхнічным ліцэі на базе мясакамбіната, кожны дзень прыязджае дамоў. Не так даўно Наталля і Валерый Апет узялі на выхаванне яшчэ хлопчыка Дзіму, стан здароўя якога выклікаў вялікае сумненне, і зрабілі ўсё для таго, каб ён пакрапчэў, пазбавіўся хвароб і быў прыняты ў дзіцячы сад, дзе яго палюбілі і дзеткі, і выхавальнікі.

У Дуброўне пражывае мнагадзетная сям’я Ніны Анатольеўны і Міхаіла Мікалаевіча Груца. У іх сваіх 5 дзяцей, сярод якіх трое дашкольнага ўзросту. Так склаліся абставіны, што давялося ўзяць на выхаванне дзяўчынку.

—У цеснаце — не ў крыўдзе, — лічаць Ніна і Міхаіл Груца. — Вырасцім усіх, хіба ж мы не людзі? Такое вось іх жыццёвае крэда.

У сям’і Валянціны Іванаўны Балашовай з вёскі Буда выхоўваюцца дзве дзяўчынкі — родная дачка Карына і другая прыёмная — Вікторыя. Дзяўчынкі вельмі сябруюць, маці абедзвюм аддае ўсё цяпло свайго сэрца. Дзяўчынкі наведваюць клас па ігры на цымбалах, прымаюць удзел у конкурсах, часта выступаюць на сцэне раённага Дома культуры.

Дубровенка Раіса Антонаўна Звяркова — жанчына-пенсіянерка, аформіла апеку над дзяўчынкай, якая жыла па суседству, але па пэўных абставінах трапіла ў Дубровенскі дзяржаўны раённы дзіцячы сацыяльны прытулак. Наташа Лаўрова пад апекай Раісы Антонаўны знаходзіцца з 2007 года. І дзяўчынцы, і яе апекуну вельмі добра разам.

ЛЧ—Наталля Уладзіміраўна, скажыце, наколькі часта паступаюць заяўкі на стварэнне прыёмных сем’яў?

НМ—У 2010 годзе было створана 5 новых прыёмных сем’яў, сёлета — 1. Нядаўна выказалі жаданне стварыць прыёмную сям’ю Андрэй і Лілія Чарнаморцавы. Так склаліся абставіны, што ў іх сям’і хворае дзіця. Яны ўзялі на выхаванне дзяўчынку. Вельмі клапоцяцца аб ёй, радасць дзяўчынкі ад зносін з новымі бацькамі літаральна можна прачытаць на яе твары. Як тут не парадуешся за бацькоў і іх прыёмнае дзіця.

ЛЧ—Разумею вас, Наталля Уладзіміраўна, як і тое, што вы можаце яшчэ доўга апавядаць аб прыёмных бацьках, іх сардэчнасці, адказнасці за тых, каго яны выхоўваюць. Але скажыце вось аб чым: адкуль бяруць у прыёмныя сем’і дзяцей? Ці могуць бацькі самі выбраць дзіця для сябе?

НМ—У адпаведнасці з артыкулам 170 Кодэкса аб шлюбе і сям’і падбор дзяцей для перадачы іх у прыёмную сям’ю ажыццяўляюць органы апекі і папячыцельства. Пры звароце з пытаннем аб стварэнні прыёмнай сям’і вы маеце права выказаць свае перавагі пры выбары дзіцяці: пол, узрост, стан здароўя. Аднак нельга забываць, што прыёмныя бацькі — гэта асобы, якія прыняты на работу. І аб’ект вашай працы вызначае вам наймальнік у асобе аддзела адукацыі па месцы жыхарства, а не наадварот. Вам прадставяць інфармацыю аб дзецях — жыхарах вашага раёна, якіх не ўдалося ўладкаваць на ўсынаўленне або ў сем’і блізкіх родзічаў на апеку, і якія маюць патрэбу ва ўладкаванні ў прыёмную сям’ю. Вы атрымаеце накіраванне для наведвання гэтых дзяцей і ўстанаўлення кантакту з імі. Пазнаёміцца з дзецьмі, на якіх выдадзена накіраванне, можна ва ўстанове, дзе яны знаходзяцца — у Дубровенскім дзяржаўным раённым дзіцячым сацыяльным прытулку. Зараз у прытулку знаходзяцца 11 дзяцей, у адносінах 7 з іх рыхтуюцца матэрыялы на пазбаўленне бацькоўскіх правоў іх бацькоў. Гэта значыць, што дзеці могуць быць размеркаваны ў прыёмныя сем’і.

ЛЧ—Скажыце, Наталля Уладзіміраўна, ці можна ўсынавіць выхаванца прыёмнай сям’і?

НМ—Выхаванцы прыёмных сем’яў, якія маюць прававы статус усынаўлення і стаяць на цэнтралізаваным уліку ў рэспубліканскім банку аб усынаўленні дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, могуць быць прапанаваны для ўсынаўлення (удачарэння).

Прыёмныя бацькі не маюць права замінаць усынаўленню або ўдачарэнню іх выхаванцаў іншымі асобамі.

Усынаўленне з’яўляецца самай пераважнай формай уладкавання, таму што ў выніку дзіця атрымлівае не толькі бацькоў, але і ўсе правы сына, дачкі. Прыёмная сям’я — толькі часовая форма ўладкавання дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Таму прыёмныя бацькі абавязаны прымаць меры па перадачы сваіх выхаванцаў на ўсынаўленне (удачарэнне): падрыхтаваць да таго, што іх могуць усынавіць і яны будуць жыць у новай, ужо пастаяннай сям’і. Прыёмныя бацькі таксама маюць права ўсынавіць сваіх выхаванцаў.

Усім грамадзянам, хто хоча ўзяць на выхаванне ў прыёмную сям’ю дзіця, каго цікавяць пытанні, хто можа стаць прыёмнымі бацькамі, на які тэрмін заключаецца дагавор аб перадачы дзяцей на выхаванне, як доўга дзеці, прынятыя на выхаванне, могуць знаходзіцца ў прыёмнай сям’і, якую дакументацыю павінны весці прыёмныя бацькі, куды ім звяртацца за дапамогай у выпадку узнікшых праблем з выхаваннем прыёмнага дзіцяці, раю звяртацца ў раённы аддзел адукацыі па месцы жыхарства. Мы акажам дапамогу ўсім, хто гатовы прыняць дзяцей у сваю сям’ю на выхаванне, растлумачым, якія формы прыняцця дзіцяці ў сям’ю і чым яны адрозніваюцца, прадаставім усю неабходную інфармацыю па заканадаўству, працэдурах афармлення, праблемах выхавання, акажам псіхолага-педагагічную падтрымку і дадзім неабходныя кансультацыі па праблемных сітуацыях, запросім на сустрэчы з прыёмнымі бацькамі, якія могуць падзяліцца вопытам выхавання, а таксама мы вядзём кантроль за выкананнем ускладзеных на прыёмных бацькоў абавязкаў па ўтрыманні, выхаванні і адукацыі дзяцей.

ЛЧ—Вялікі дзякуй, Наталля Уладзіміраўна, за змястоўную гутарку. Поспехаў вам у вашай нялёгкай рабоце.

НМ—А я пажадаю ў сваю чаргу ўсім сем’ям нашага раёна шчасця, радасці ў кожным доме, бо з сям’і пачынаецца жыццё чалавека, у ёй ён фарміруецца як асоба. Сям’я — крыніца любові, павагі, салідарнасці, прыхільнасці, тое, на чым будуецца любое цывілізаванае грамадства, без чаго не можа існаваць чалавек.

Дабрабыт сям’і — асноўная мерка развіцця і прагрэсу краіны.

Лідзія ЧАПЯЛОВА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *