Тварэц гісторыі

Заслужаны настаўнік Беларусі, ураджэнец Дубровенскага раёна, Аляксандр Мікалаевіч Аляксееў быў і выкладчыкам гісторыі, і яе тварцом. У школе №1 горада Горкі, дзе ён выкладаў апошнія дваццаць гадоў,

Аляксандра Мікалаевіча называлі хадзячай энцыклапедыяй.«Урокі Аляксандра Мікалаевіча былі самой гісторыяй», адзначыў неяк адзін з выпускнікоў школы. Але не кожны ведае, што чырвонаармеец дэсантнага батальёна танкавай брыгады Аляксееў у гады Вялікай Айчыннай вайны на палях бітваў сам унёс важкі ўклад ў гісторыю, сваімі баявымі дзеяннямі прыбліжаючы Перамогу над нацызмам.

Пацвярджэннем гэтаму з’яўляюцца ўзнагароды салдата: два ордэны Чырвонай Зоркі і ордэн Славы трэцяй ступені, а таксама медалі «За адвагу», «За ўзяцце Кёнігзберга» і інш. За знішчэнне некалькі дзясяткаў гітлераўцаў, бывала, снайпераў прадстаўлялі да звання Героя. Калі ж падлічыць па наградным лістам, колькі варожых салдат палегла под кулямі аўтаматчыка ў ходзе баёў, то выявіцца не меньшая лічба — 52 салдата і афіцэра. І гэта рабіў чалавек самай мірнай прафесіі — настаўнік.

Яшчэ да вайны, пасля заканчэння Аршанскага настаўніцкага інстытута, ён ужо выкладаў гісторыю ў Заборскай школе Полацкага раёна. А калі пачалася вайна, Аляксееў стаў у рады абаронцаў Айчыны. Спачатку быў сувязным, а з 1942 года і байцом 115-й горацкай партызанскай брыгады. Удзельнічаў у правядзенні баявых аперацый ў тылу ворага, цяжкіх абарончых баях у маі 1944 года, прарыве з блакады і выхадзе з акружэння.

Пасля злучэння з часцямі Чырвонай Арміі удзель­нічаў у баях ў складзе войск першага Прыбалтыйскага, другога і трэцяга Беларускіх франтоў.

Вызваляў Беларусь, ваяваў ва Ўсходняй Прусіі, дайшоў да Чэхаславакіі. Быў танкістам-дэсантнікам, гарэў у танке, быў паранены.

Аб гэтым на ўроках гісторыі Аляксандр Мікалаевіч расказваў рэдка, больш аб сваіх аднапалчанах, танкістах 25-ай танкавай брыгады, аб партызанах Горацкай партызанскай брыгады, аб агульным укла­дзе савецкага народа ў разгром нацызма.

А яшчэ ўсё сваё жыццё ён прысвяціў вывучэнню, захаванню гісторыі роднага краю. Яго урокі былі не толькі крыніцай ведаў для школьнікаў, але і школай мужнасці і патрыя­тызма.

Ён лёгка знаходзіў агульную мову як з падлеткамі, так і са сталымі людзьмі, з якімі праводіў заняткі ў вячэрняй школе.

У Горках добра памята­юць ураджэнца вёскі Жарнеўка Дубровенского раёна Віцебскай вобласці, героя Вялікай Айчыннай вайны, удастоеннага ў мірны час высокага звання «заслужаннага настаўніка Беларускай ССР», кавалера 4 баявых ордэнаў і іншых баявых узнагарод, узнагароджанага Ганаровымі граматамі і Граматамі розных узроўняў Аляксеева Аляксандра Мікалаевіча.

Дзмітрый ХРОМЧАНКА,

кандыдат гістарычных навук.