Размова пра палын
Толькі ўявіце: сцэна прыбрана пад інтэр’ер вясковай хаты. Тут ёсць і стылізаваная печ, на якой можна заўважыць мноства траў. А пасярод пакою за сталом паўнаважна сядзіць гаспадыня. Яна беражліва перабірае травы, складвае іх у пучкі, а ўнучка звязвае іх ільняной ніткай. Так пачыналіся народныя вячоркі ў гаспадыні з аграгарадка Расасна ў раённым Доме культуры пад назвай «Палын пад плотам, мір пад дахам». Траўніца Валянціна Бязносенка запрасіла ўсіх у сваю стылізаваную хату, багатую кветкамі і зёлкамі. На адкрытае пасяджэнне клуба народных традыцый і звычаяў «Траўніца» прыйшлі гаспадыні з раёнага і сельскіх дамоў культуры. Галоўнай тэмай іх размовы стаў палын — трава, якую шмат людзей лічаць звычайным пустазеллем.
—Гэтая трава мае шмат назваў. Таксама ў народзе яго клічуць чарнобыльнік, палын горкі, цытварны, звычайны, палявы ці мяцельчаты. На зямле ёсць вялікае мноства назваў і відаў палыну. А на гербе горада Шымкент красуе палын Дарміна, — паведала траўніца Валянціна Бязносенка.
Кожная з жанчын дзялілася сваімі ведамі збору і захоўвання палыну. «Збіраць палын патрэбна ў ліпені і жніўні, калі пачынае цвесці. І абавязкова сходамі», — тлумачыла адна з іх. Другая дадавала, што найбольшая карысць ад палыну, сабранага на Успенне 28 жніўня. «Палын трэба у хаце букетамі ставіць, каб мух, тараканаў ды блох не было! Яшчэ яго носяць з сабою у кармане у чырвоным мяшэчку, каб спіна не балела і каб сабакі не пакусалі», — распавядала другая гаспадыня. Траўніца прапанавала сваім гасцям звязаць пукі для акурвання, паказала абрад акурвання хаты, хлявоў і хворых. Кожная з гаспадынь у гэты дзень паспрабавала сама звязаць пукі для акурвання.
Клуб народных традыцый і звычаяў «Траўніца» існуе на Дубровеншчыне больш за семь гадоў. Яго ініцыятарам з’яўляецца Валянціна Бязносенка, загадчыца Расасенскага сельскага клуба. Ідэя стварэння клуба ўзнікла нездарма: у аграгарадке Расасна жыла жанчына, якую ў народзе празвалі траўніца. Многія верылі ў гаючую сілу сабраных ёю траў, рэцэптамі якіх яна не шкадуючы дзялілася з жыхарамі навакольных вёсак.
У Беларусі сустракаецца звыш чатырох тысяч відаў раслін, якія змяшчаюць розныя біялагічна актыўныя рэчывы. У натуральных умовах расце больш за 100 відаў лекавых раслін.
Сёння клуб народных традыцый і звычаяў «Траўніца» раённага Дома культуры з’яўляецца брэндам Дубровеншчыны і пастаянным удзельнікам Міжнародных фестываляў «Дняпроўскія галасы ў Дуброўне», «Славянскі базар у Віцебску», «Дажынак» і іншых культурных мерапрыемстваў.
Юлія СТАРАВОЙТАВА