У Дуброўна прайшоў канцэрт Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь народнага ансамбля песні і музыкі «Крыніца»

Душа радуецца, вельмі хораша спяваюць! Гэтыя шчырыя словы гучалі ў адрас Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь народнага ансамбля песні і музыкі «Крыніца», калі яны выступалі ў чацвер на сцэне раённага Дома культуры. Увогуле, кожны нумар у выкананні «Крыніцы» — сапраўдны падарунак для слухачоў. Адметная манера выканання, танцы, яскравыя творы, мілагучнасць, арыгінальная аранжыроўка, тонка падабраны рэпертуар — усё гэта вылучае прыгожы эфектны ансамбль з шэрагу калектываў гэтага накірунку. А якія касцюмы ў нацыянальным стылі!

Творчы шлях «Крыніцы» налічвае амаль тры дзесяцігоддзі. На працягу дваццаці сямі гадоў у народным ансамблі песні і музыкі «Крыніца» спяваюць людзі самых розных узростаў і прафесій, якіх у адну вялікую песенную сям’ю аб’яднаў са­праўдны знаўца народнай песні Міхаіл Шлег. Зараз калектыў значна змяніў свой склад. З ліку тых, хто з першых дзён з’яўляецца яго ўдзельнікам — саліст Генадзь Пугачоў і ўдзельніца інструментальнай групы, баяністка Людміла Свішчова, якія сваім талентам натхняюць моладзь і дапамагаюць спевакам. У канцэртнай зале прысутнічалі і былыя артысты калектыву, і тыя, хто стаяў у вытокаў яго дзейнасці.

Нягледячы на час, нязменнымі ў ансамбле застаецца любоў да песні і жаданне радаваць слухачоў. Беларуская народная песня ў выкананні «Крыніцы» заўсёды гучала і гучыць мілагучна, самабытна, узнёсла. З «Прывітальнай песні» і пачалося мерапрыем­ства. Кожны нумар у выкананні народнага ансамбля зала сустракала шчырымі і дружнымі апладысментамі.

Творы, якія выконваюць удзельнікі калектыву, розныя па жанравых напрамках, характары, стылі выканання. Рэпертуар пастаянна абнаўляецца і лёгка ўспрымаецца гледачамі. Ён багаты на мноства канцэртных праграм, якія ўключаюць у сябе сінтэз розных жанраў мастацтва, што з’яўляецца візітнай карткай калектыву. У адным канцэрце глядач зможа пачуць беларускія народныя і аўтарскія песні, убачыць выдатныя пастаноўкі танцаў з элементамі ўвасаблення беларускіх нацыянальных традыцый, пачуць майстэр­ства інструментальнага аркестра.

Сярод найбольш вядомых твораў, якія ўваходзяць у рэпертуар калектыву, народныя, а таксама аўтарскія песні кіраўніка Міхаіла Шлега «Фестывальная», «Эх, дажыначкі», «Добрым людзям» і іншыя.

Творчы шлях калектыву даволі насычаны. Амаль ні адно раённае свята не абыхо­дзіцца без удзелу дубровенскіх спевакоў. Штогод калектыў з’яўляецца актыўным удзель­нікам розных мерапрыемстваў: свята-кірмашу працаўнікоў вёскі Віцебскай вобласці «Дажынкі», Міжнароднага фестывалю песні і музыкі «Дняпроўскія галасы ў Дуброўне», Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Выступленне калектыву — гэта заўсёды яскравыя і цікавыя дзеянні, якія адбываюцца на сцэнічных пляцоўках. Дарэчы, у гэтым годзе калектыў уваходзіў у склад зводнага хору Віцебскай вобласці на абласном свяце працаўнікоў вёскі «Дажынкі» у Віцебску.

Сустракалі працяглымі апладысментамі дубровенскіх артыстаў і за межамі нашай краіны. У іх творчай біяграфіі вялікая колькасць выступленняў у Расіі, Украіне, Літве, Латвіі, Малдове і іншых краінах. 

Дубровенскі раён ганарыцца ансамблем песні і музыкі «Крыніца» і лічыць яго творчай візітнай карткай раёна. Калектыў застаецца месцам натхнення, энергіі і творчасці. Выканальніцкае майстэрства і  сцэнічная культура, шматлікія выступленні, беражлівыя адносіны да беларускага музычнага, песеннага мастацтва з’яўляюцца ўзорам высокага прафесіяналізму яго кіраўніка і ўсіх ўдзельнікаў. І гэта было адзначана прафесійнай абласной камісіяй, якая ў чарговы раз ацэньвала майстэрства дубровенскіх выканаўцаў.   А яны ў сваю чаргу падцвердзілі званне Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь народнага ансамбля песні і музыкі «Крыніца».

Юлія СТАРАВОЙТАВА