В дубровенской школе № 1 дела идут отлично!

На гэтым фота адлюстраваны настаўнікі сярэдняй школы № 1 горада Дуброўна. Не ўсе, вядома, бо ўвесь педагагічны калектыў навучальнай установы — гэта шэсць дзесяткаў чалавек. Людзей, такіх розных па ўзросту, што добра бачна з фотаздымка, па характарах і схільнасцях, што разгледзіш толькі пры больш блізкім знаёмстве. Але ў многім падобных у адным, самым  галоўным — у адданасці выбранай прафесіі, у адданасці вучням, якіх тут каля шасці з палавінай соцень, і кожнаму з іх настаўнікі імкнуцца перадаць як мага больш ведаў, і кожнаму — часцінку сваёй душы.

Так было заўсёды — і дзесяцігоддзі назад, і цяпер. Нумар 1 для гэтай школы — не проста парадкавы, а гістарычны. Яна была адчынена ў далёкім 1919 годзе, калі з краю ў край грозна перакатваліся хвалі і навальніцы грамадзянскай вайны. Паступова стала поўнай сярэдняй школай № 1, а ў маі 1938 года адбыўся першы выпуск 1-й паўнацэннай СШ у Дуброўне. Атэстат сталасці тады атрымаў 31 вучань.

Мянялася месцазнаходжанне школы. Мянялася яе аблічча, напрыклад, яе цяперашні галоўны корпус — з’ява не такіх далёкіх дзён. Мянялася колькасць вучняў — зноў жа ў не такія далёкія часы іх тут навучалася каля тысячы чалавек.

Карэнная рэканструкцыя школы дазволіла непараўнальна пашырыць магчымасці вучэбна-выхаваўчага працэсу. Цяпер тут абсталяваны 53 кабінеты, у тым ліку  2 — лінгафонныя, камп’ютарны, выяўленчага мастацтва, музыкі і спеваў. Тут прасторныя актавая і дзве спартыўныя залы і… адзіны такі ў раёне школьны краязнаўчы музей хоць і ў не вельмі прасторным, але асобным памяшканні.

У школе пастаянна штосьці мяняецца, абнаўляецца, асвойваецца, здзяйсняецца, — такі стыль работы і гэты стыль, бадай, адзінае з таго, што застаецца нязменным.

Хацелася б назваць імёны педагогаў школы розных часоў, якія стваралі гэты стыль, гэтыя метады работы і працуюць над іх удасканаленнем. Імёны вядомы, але пералік атрымаецца вельмі доўгі, ды можна многіх не назваць, а, значыць, пакрыўдзіць няўвагай. Таму назавём толькі Святлану Сямёнаўну Шурпакову (на здымку у першым радзе другая справа), якая некалі вучылася ў гэтай школе і ўжо шмат гадоў узначальвае яе калектыў, упэўнена падтрымлівае той дух, той агонь, што панавалі тут заўсёды.

Вось чаму СШ № 1 не проста ў цэнтры Дуброўны, а ў цэнтры ўвагі.

За дзевяць дзесяткаў гадоў са сцен школы выйшлі больш за чатыры тысячы выпускнікоў, гэта прыкладна палавіна цяперашняй колькасці насельніцтва Дуброўны. І сярод іх нямала яркіх, слаўных імён, проста выдатных працаўнікоў і выдатных людзей. Ды зноў тая ж перасцярога: назавеш  пяць чалавек, а ўсе тыя чатыры тысячы ўсё роўна застануцца неназванымі.

Дык няхай сёння ўсе, хто вучыў і вучыўся некалі, хто вучыць і вучыцца цяпер у СШ № 1, парадуюцца за сваю школу, ганарацца ёю, падтрымліваюць і прымнажаюць яе лепшыя  традыцыі.

Фёдар КУЛАКОЎ.

Фота Ганны КАЦІКАВАЙ.

One thought on “В дубровенской школе № 1 дела идут отлично!

  • 19.10.2010 в 1:39 пп
    Permalink

    Хорогая школа и отличный коллектив.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *