«Дняпроўка» вручила призы подписчикам
У новым годзе зноў рады сустрэчы з вамі, нашы паважаныя чытачы. І далей будзем працягваць дружбу. Калектыў рэдакцыі заўсёды адчувае адказнасць перад вамі. У «Дняпроўскай праўды» ёсць добрыя традыцыі, якія неабходна зберагчы. Ёсць і новыя ідэі, якія хочацца ўвасобіць у жыццё. Пры гэтым, як заўсёды, рэдакцыі не абыйсціся без вас, вашай зацікаўленасці, вашых меркаванняў, вашых падказак і прапаноў. Калі ў вас ёсць ідэі, прапановы, звесткі пра значныя падзеі альбо асобы, якія заслугоўваюць ўвагі, пішыце, тэлефануйце. Мы заўсёды рады расказаць пра цікавых людзей альбо справы, выслухаць, прыйсці на дапамогу, калі ўзнікаюць нейкія жыццёвыя праблемы.
У сакавіку бягучага года споўніцца 90 год з часу ўтварэння раённага выдання і першага выпуску газеты. Увесь гэты час асноўнай мэтай рэдакцыі было зрабіць газету цікавай і карыснай для нашых чытачоў і рэкламадаўцаў. Усе разам мы развіваліся, нягледзячы на цяжкасці і рэальныя праблемы, рабілі маленькі крок наперад і станавіліся больш вопытнымі.
Калектыў рэдакцыі працуе ў адной звязцы з тыпаграфіяй, поштай і Белсаюздрукам. Здараецца, што па незалежачых ад нас абставінах, чытачы не заўсёды своечасова атрымліваюць газету, а калі-нікалі атрымліваюць яе не зусім якасную. Гэта не ідзе нам на карысць. Нехта ўсё разумее, а нехта сварыцца і ва ўсім абвінавачвае рэдакцыю. Але, як кажуць, бог ім суддзя. З нашага боку робіцца ўсё, каб свежая інфармацыя своечасова даходзіла да чытачоў. Паверце, сёння з намі застаюцца самыя адданыя чытачы, правераныя часам землякі. І мы ім за гэта ўдзячны.
Сярод іх Стэфанія Іванаўна Малахава і Іван Аконавіч Гулідаў, якія ў новым годзе аказаліся ў ліку шчасліўчыкаў і падчас падпісной кампаніі выігралі прызы ад «Дняпроўкі».
У размове з імі даведаліся, што раённую газету яны выпісваюць усё жыццё. Стэфанія Іванаўна родам з Украіны, з мужам пазнаёміліся на цаліне. У пяцідзясятых гадах мінулага стагоддзя абаснаваліся на малой радзіме мужа. Менавіта з таго часу бесперапынна сябруе з раённым выданнем. А цікавяць Стэфанію Іванаўну самыя розныя тэмы: і палітыка, і эканоміка, і мясцовыя падзеі, і канешне ж, нашы людзі.
А вось Івану Аконавічу больш па душы навіны сельскай гаспадаркі, бо менавіта ёй ён прысвяціў усё сваё жыццё. І сёння ўважліва сочыць, як развіваецца былы саўгас «1 Мая», чым жывуць працаўнікі філіяла «Першамайскае», разам з імі перажывае нейкія няўдачы, асабліва радуецца іх працоўным поспехам і асабістым дасягненням. Добра памятае ветэран працы былых калег, цікавіцца працоўнымі дынастыямі, уважліва чытае ўсе матэрыялы пра мясцовых жыхароў. Іван Аконавіч жадае ўсім дубровенцам, усім беларусам, каб жылі ў міры і згодзе, узаемаразумення і ўзаемапавагі, удзячнасці і гонару за мінулае роднай зямлі.
А мы, у сваю чаргу, выказваем словы падзякі ўсім нашым чытачам. Прыемна, што вы, паважаныя, не разлюбілі свежы пах тыпаграфскай фарбы, не разучыліся чытаць, думаць і рабіць вывады.
Калектыў рэдакцыі і надалей будзе расказваць аб падзеях у нашай краіне і вобласці, прыносіць вам свежыя навіны пра свой раён і нашых землякоў, несці ў вашы дамы пазітыў, веру і надзею. Жадаем нашай дружбе з вамі, чытачы, доўгіх год, моцнага ўсім здароўя, міру і дабрабыту. Няхай у вашы дамы прыходзяць толькі добрыя навіны.
Святлана ШУРПАКОВА