У Дубровенскай бібліятэцы прайшлі мерапрыемствы да Міжнароднага дня роднай мовы

Святкаванне Міжнароднага дня роднай мовы стала традыцыйным мерапрыемствам для дзіцячай бібліятэкі г.Дуброўна, вельмі важным святам для дзяцей і дарослых. 

Так, 17 лютага ў  бібліятэцы адбыўся шэраг мерапрыемстваў  да Міжнароднага  дня роднай мовы пад агульнай  назвай «Гукі роднай мовы!».

Кожнаму, хто ў гэты дзень завітаў у бібліятэку, прапаноўвалі паўдзельнічаць у паэтычным марафоне, віктарынах. Для самых маленькіх чытачоў бібліятэкары пачыталі беларускія казкі, каб дзеці павучыліся жыццёвай мудрасці ў іх герояў.

У чытальнай зале гучала беларуская музыка і народныя песні. Адчуць прыгажосць і хараство роднай мовы дарослым чытачам дапамагло чытанне вершаў класікаў беларускай літаратуры Я.Купалы, Я.Коласа, М.Танка і інш. Кожны ўдзельнік свята атрымаў парады, як пачаць размаўляць па-беларуску, бо трэба карыстацца роднай мовай, каб яна не адыйшла ў нябыт і ў забыццё.

Спадзяемся, што мерапрыемствы, якія мы прысвяцілі нашай роднай мове, нікога не пакінулі абыякавымі, і мы змаглі данесці, што трэба ведаць і любіць «зямлі бацькоў­скай слова»! Любіце, шануйце, паважайце родную мову, размаўляйце на ёй!

Алеся Селюкова, загадчык сектара дзіцячай літаратуры.