Сельское хозяйство Дубровенщины вступила в горячий летний сезон

Дубровно, сельское хозяйство, поле, колхоз, крестьянин, урожай, Дубровенский район

Усё, як па сцэнарыю…

Ужо стала традыцыяй: пасля завяршэння сяўбы яравых культур, па ініцыятыве кіраўніцтва ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, праводзіцца аб’езд гаспадарак, у якім прымаюць удзел кіраўнікі гаспадарак, спецыялісты раённага звяна. У час такога мерапрыемства робіцца калектыўная ацэнка работы, выкананай земляробамі на першым этапе барацьбы за ўраджай — мінулагодняй восеньскай і сёлетняй веснавой сяўбе.

Паралельна з аб’ездам азімых і яравых палеткаў, кіраўнікі гаспадарак наведваюць жывёлагадоўчыя фермы, машынныя двары, пашы, дзе кругласутачна ўтрымліваюцца статкі буйной рагатай жывёлы і робяцца адпаведныя ацэнкі і вывады. Асаблівая ўвага таксама звяртаецца на навядзенне парадку на зямлі: не толькі на сельгасугоддзях, але і ў сельскіх населеных пунктах, прыфермаўскіх участках.

Менавіта па такому сцэнарыю праходзіў аб’езд гаспадарак кіраўнікамі сельгаспрадпрыемстваў і спецыялістамі раённага звяна 20 мая гэтага года. Заўважу, што на гэты час сяўба яравых культур была завершана амаль ва ўсіх гаспадарках, за выключэннем КУСГП “Прыдняпроўскі”, дзе яшчэ сеялі кукурузу.

Што і як мы пасеялі?

Падводзячы вынікі веснавой сяўбы, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Алег Міхайлавіч Лындзін адзначыў, што ў гэтым годзе яравыя культуры ў пераважнай большасці гаспадарак пасеяны ў аптымальныя тэрміны, па добра апрацаванай і ўгноенай глебе.

Сёлета, як ніколі за апошнія 16 гадоў, палеткі былі добра запраўлены мінеральнымі ўгнаеннямі і, у першую чаргу, фосфарнымі. Найлепш заправілі ўгнаеннямі яравыя збожжавыя земляробы ААТ “Праўда-С”,, ААТ “Рэдзькі” і “Гігант-Агра”.

Навошта так шмат? Нагадаем, што сёлета перад земляробамі раёна пастаўлена зачада сабраць 123 тысячы тон збожжа — у два разы больш, чым у мінулым годзе. Праўда, ці зможам мы атрымаць рэкордны ўраджай, пакажа час.

А вось аб’езд гаспадарак паказаў, што на пераважнай большасці плошчаў набіраюць сілу раўнамерныя, дружныя ўсходы яравых збожжавых.

Дубровно, сельское хозяйство, поле, колхоз, крестьянин, урожай, Дубровенский район

На зялёных палях…

Зараз наступіў другі, не менш важны, па словах начальніка інспекцыі па насенневодству, каранціну і абароне раслін Галіны Паўлаўны Шляпік, этап барацьбы за ўраджай — догляд пасеваў. Ад таго, на якім узроўні ён будзе праведзены, будзе напрамую залежыць велічыня ўраджаю. У гэтыя дні гаспадаркі завяршаюць хімпраполку яравых збожжавых, а многія — прыступілі да іх падкормкі азотнымі ўгнаеннямі.

З гэтага напрошваецца вывад: калі ў далейшым земляробам будзе спрыяць надвор’е, то можна разлічваць на добры ўраджай яравых збожжавых.

А вось азімыя культуры, наўрад ці забяспечаць запланаваны ўраджай. На вялікіх плошчах азімая пшаніца зрэджаная. На такіх участках вясной давялося падсяваць яравую пшаніцу і ячмень. Так, што грашовыя даходы ад рэалізацыі харчовай пшаніцы, атрыманыя гаспадаркамі раёна ў мінулыя гады, сёлета, відавочна, будуць значна ніжэйшыя.

Цуда-ўгнаенні дапамагаюць сабраць багаты ўраджай

Што рабіць? Выйсце такое. Кампенсаваць недабор выручкі ад рэалізацыі харчовай пшаніцы можна будзе за кошт рэалізацыі харчовым зернем яравых збожжавых: ячменю, аўса, яравой пшаніцы.Але для гэтага, як падкрэслівалася ў ходзе аб’езда, неабходна якасна апрацаваць пасевы ад хвароб і шкоднікаў фунгіцыдамі. Да таго ж, у апошнія гады ў фарміраванні ўраджаю сельгаскультур прыкметна ўзрасла роль мікраўгнаенняў, якія ўтрымліваюць мікраэлементы (медзь, цынк), неабходныя для абароны раслін ад хвароб і фарміравання высокіх ураджаяў. Напрыклад, наш знакаміты льнозавод уносіць мікраэлементы на ўсёй плошчы пад лён і з году ў год атрымлівае стабільна высокія ўраджаі.

У КУСГП “Арловічы”, як падкрэсліў яго дырэктар Аляксандр Анатольевіч Кандрашоў, у апошнія два гады па ініцыятыве маладога агранома Аляксея Окішава мікраўгнаенні выкарыстоўваюць пры вырошчванні азімых збожжавых. Там, дзе яны былі ўнесены, прыбаўка ўраджаю, па заключэнню агранома, склала 7 цэнтнераў зерня.

Нядзіўна, што на адным з такіх палеткаў азімага жыта, якое апрацавана мікраэлементамі, пабывалі ўдзельнікі аб’езду. Старшыня райвыканкама Анатолій Іванавіч Лукашоў звярнуў увагу кіраўнікоў на добра развітыя пасевы жыта, якое на ўсёй плошчы мае цёмна-зялёны колер.

—Сельгаспрадпрыемствы Гродзеншчыны пры вырошчванні збожжавых даўно выкарыстоўваюць мікраўгнаенні. У выніку маюць самую высокую ў краіне аддачу збожжавага палетка, — падкрэсліў старшыня райвыканкама Анатолій Іванавіч Лукашоў і параіў намесніку начальніка райсельгасупраўлення Валерыю Мікалаевічу Мельніку закласці на базе КУСГП “Арловічы” доследнае поле, дзе на практыцы яшчэ раз вывучыць уздзеянне мікраэлемента медзі на ўраджай збожжавых.

Дубровно, сельское хозяйство, поле, колхоз, крестьянин, урожай, Дубровенский район

Чакаем добры ўраджай ільну, буракоў і кукурузы

У ходзе аб’езду гаспадарак звярталася ўвага на стан пасеваў лёну, караняплодаў, кукурузы, шматгадовых траў.

Усюды, і на палетках ільнозавода, і гаспадарак, радуюць вока дружныя раўнамерныя ўсходы лёну. На пераважнай большасці плошчаў ільняныя палеткі засеяны насеннем імпартных сартоў. Зараз лён знаходзіцца ў фазе “елачкі” і наступаюць аптымальныя тэрміны хімпраполкі. На палетках льнозавода гэты аграпрыём выкананы на палавіне плошчаў.

Амаль ва ўсіх гаспадарках з’явіліся ўсходы караняплодаў. Сёлета буракі пасеяны па новай тэхналогіі, якая дазваляе вырошчваць іх без выкарыстання ручной працы. Глебавыя гербіцыды, якія ўнесены пасля сяўбы, даюць эфект: пасевы чыстыя ад пустазелля. У бліжэйшы час пасевы караняплодаў будуць апрацаваны пасляўсходавымі гербіцыдамі (пры неабходнасці два-тры разы), што дазволіць, на думку спецыялістаў райсельгасупраўлення, дагледзець пасевы механізаваным спосабам.

Змагаемся за кожную сотку

Выключна важнае значэнне ў апошнія гады ў раёне надаецца ўключэнню ў севазварот кожнай соткі ўрадлівай зямлі. Узворваюцца і засяваюцца кармавымі культурамі пустуючыя агароды, а таксама ўчасткі зямлі, якія доўгі час не выкарыстоўваліся, тэрыторыі, якія прылягаюць да ферм і машынных двароў.

Гэта я бачыў у час аб’езду гаспадарак. Асабліва актыўна гэта работа вядзецца ў ААТ “Якубава-Агра” і “Герой”.

Адным з рэзерваў дадатковага ўцягнення ў севазварот зямлі з’яўляецца выкананне абласной праграмы “Чыстыя палі”. У мінулым годзе шляхам рэалізацыі гэтай праграмы было акультурана звыш 1000 гектараў сельгасугоддзяў. У гэтым годзе такая работа павінна быць праведзена на плошчы ў два разы большай, чым у мінулым годзе.

Праўда, на жаль, не заўсёды ад гэтага ёсць належны эфект. Напрыклад, на асобных участках ля аграгарадка Ерамееўшчына і вёскі Малое Савіна, дзе ў мінулым годзе быў выкарчаваны хмызняк, а поле ўзарана і засеяна, сёння стаіць вада. А гэта значыць, што на асобных участках, дзе ў рамках праграмы “Чыстыя палі” праводзяцца культур-тэхнічныя работы, неабходна дадаткова праводзіць элементы меліярацыі па адводу лішкаў вады.

Дубровно, сельское хозяйство, поле, колхоз, крестьянин, урожай, Дубровенский район

А ці хопіць зялёных кармоў?

Паралельна з аналізам сітуацыі на палетках азімых і яравых культур у ходзе аб’езду звярталася ўвага і на стан спраў у жывёлагадоўлі — арганізацыю пашавага ўтрымання жывёлы, узнаўленне статка і на падрыхтоўку да будучага зімовага перыяду.

Практыка паказвае, што высокай прадуктыўнасці жывёлы летам можна дасягнуць на пашы, у травастоі якой маецца пяць-шэсць відаў траў з розным тэрмінам паспявання. Такія шматкампанентныя пашы сёння ёсць ва ўсіх гаспадарках. Але іх яшчэ недастаткова.

У ходзе наведвання машынных двароў звярталася ўвага на гатоўнасць кормаўборачнай тэхнікі да сенакосу, які ў некаторых гаспадарках практычна пачаўся.

Замест афіцыйных вынікаў

Такім чынам, працы нам хопіць. І лета будзе ў сельскай гаспадарцы, па традыцыі, спякотным ва ўсіх сэнсах. Таму пасля завяршэння веснавой сяўбы і зімоўкі жывёлы жадаем сельскім працаўнікам цярпення, руплівасці, поспехаў, здароўя і добрага настрою.

Андрэй КВІР

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *