Где на Дубровенщине сохранились памятники старинного садово-паркового искусства?

Дубровно, Дубровенский раойн, лес, садово-парковое искусство, Якуб Колос, экология, охрана

КАРОТКАЯ ЛЯСНАЯ ДАВЕДКА

Віцебшчыну называюць краем блакітных азёр: амаль уся тэрыторыя вобласці размешчана ў межах Беларускага Паазер’я. Прыдзвінне — гэта і край неабсяжных лясоў. Яны займаюць 37,4 працэнта ўсёй тэрыторыі. Сярэдняя лясістасць найбольшая ў Полацкім і Расонскім раёнах. Лясы пераважна хваёвыя і яловыя, пашыраны таксама бярозавыя і альховыя, трапляюцца асінавыя. У межах вобласці створаны Нацыянальны парк Браслаўскія азёры. Тут знаходзіцца большая частка Бярэзінскага біясфернага запаведніка. У прыдзвінскім краі створана 26 заказнікаў рэспубліканскага значэння, 78 аб’ектаў аб’яўлены помнікамі прыроды.

КАЗАЧНА-ЛЯСНАЯ ДУБРОВЕНШЧЫНА

Сама назва Дубровенскага раёна — казачна-лясная. Лясы тут займаюць 19 працэнтаў тэрыторыі. Найбольшая лясістасць у паўночнай частцы.

У раёне захаваліся помнікі садова-паркавага мастацтва: у вёсцы Арловічы парк ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя і парк ХІХ стагоддзя ў вёсцы Станіславова.

Пра лес вам могуць расказаць і назвы населеных пунктаў дубровенскай зямлі: Асінаўка, Кляны, Ляды. Не ўсе сёння і ведаюць, што нашы продкі словам “ляда” называлі дзялянку высечанага лесу, хмызняку альбо расчышчанае месца ў лесе пад пасеў або пад сенажаць.

Дубровно, Дубровенский раойн, лес, садово-парковое искусство, Якуб Колос, экология, охрана

ШТО ТАКОЕ ЛЕС?

Лес — гэта нешта такое, што цяжка выказаць словамі. Аднак усё ж паспрабую. Менавіта на бацькоўскай зямлі пачынаеш добра ўсведамляць, што патрэбна вельмі шмат дрэў, каб утварыўся такі відушчы і мудрагелісты лес, якому, як Богу, пачынаеш міжволі пакланяцца. У леса ёсць свае таямнічыя рэсурсы, свае невычарпальныя скарбы. Калі прывыкаеш да нейкага ляснога масіву, пачынаеш адчуваць сябе там як дома.

У лесе міжволі пачынаеш думаць пра жыццё, пра свае карані на бацькоўскай зямлі. Бачыш, як дрэвы моцна трымаюцца каранямі за сваю глебу. Так і мой род Карнелюкоў сваімі каранямі ўжо моцна і трывала прымацаваны да зямлі-матухны… Адчуваеш еднасць каранёў з усім жывым на зямлі.

ПАДАРОЖЖА ПА ЛЯСАХ

Я запрашаю вас, сябры, у падарожжа па родных лясах: у іх столькі незвычайнага і таямнічага, тут сотні галасоў — мілагучных і такіх прыемных сэрцу.

Прыходзьце і прыязджайце ў родны лес — і ён вас сустрэне абрусам-самаборам, калі вы добры да прыроды і наваколля чалавек. Увесь свой вольны час аддавайце лесу — не пашкадуеце! Слухайце, як гамоняць векавыя дубы, партызанскія сосны-сёстры, прыгажуні-бярозкі.

Сябры, ніколі не здраджвайце свайму лесу маленства і юнацтва, які вас выгадаваў і ў многім акрэсліў дарогу ў самастойнае жыццё.

Чалавеча, прытуліся да дрэва! Прыпыніся ў лесе, паслухай, як гамоніць лес. Мусіць, само натхненне ў беларусаў ад лесу: святло і чысціня ад бяроз, сіла — ад дубоў, развага — ад соснаў.

Згодна з сінтаізмам (галоўная рэлігія Японіі), каб быць здаровым, патрэбна знаходзіцца ў лесе не менш 250-500 гадзін у год. Адзначу, што для большасці людзей галоўным “лекарам” сярод дрэў з’яўляецца дуб, для 30 працэнтаў — бяроза, для 20 працэнтаў — ліпа. Ужыванне бярозавых і ліпавых венікаў у лазні паляпшае сон, дубовыя — жывяць энергіяй, бадзёрасцю, ядлоўцавыя — танізуюць.

Любоў да лесу ў мяне ад дзеда Івана. Ніколі не забуду яго словы: “Колькі дрэў чалавек пасадзіў, гэтулькі ён і чалавек!” Чалавек заўсёды з настальгіяй паглядае ў той бок, дзе шумяць пасаджаныя ім дрэвы. А ў старой ліпе дзед зрабіў нават борць, з якой нас частаваў смачным мёдам.

Дубровно, Дубровенский раойн, лес, садово-парковое искусство, Якуб Колос, экология, охрана

ГІСТОРЫЯ ЛЮДЗЕЙ У ЛЯСНЫХ ЧАШЧАХ

Лес для мяне — гэта мая рэлігія, гэта храм, дзе я адпачываю і душой, і целам. Лес для мяне — штосьці святое, я перажываю за кожнае дрэўца. Дрэвы, як і людзі, жывыя: у кожнага свой характар. Я добра ведаю родныя лясы, ні разу ў іх не заблудзіўся. Лес жыве сваімі думкамі, легендамі, памяццю. Лес усё помніць. Дай нам, Божа, хоць долечку ягонай памяці!

Лясныя азёры і рэкі — сапраўдныя жамчужыны, яны здаўна акружылі сябе незвычайнымі фарбамі. Як прыгожа, калі ў азёрнае люстра глядзяцца беланогія бярозкі, трапяткія асіны, ніцыя вербы…
Хочацца, каб мой ліст паспрыяў выхаванню больш беражлівых адносін у дзяцей, падлеткаў і дарослых да нашага зялёнага сябра і яго шматлікіх насельнікаў. Добрыя тыя настаўнікі, якія самі любяць лес і выхоўваюць гэтыя якасці ў сваіх выхаванцаў.

БЕРАЖЫЦЕ ЛЕС!

Адносіны да лесу ў ХХІ стагоддзі не павінны быць дзікунскімі! Дрэва, на жаль, не можа сябе абараніць ад варвараў. Яму цяжэй, чым нават зверу і птушцы. Скажу больш: калі раптам чалавек зноў апынецца ў становішчы малпы, яму можа нават не хапіць дрэў у родным лесе…

Асаблівае дзякуй хочацца сказаць леснікам і лесаводам, якія штодзённа праяўляюць сваё старанне ў адносінах да лесу. За сваё жыццё яны пасадзілі не адно дрэва, а мрногія гектары лесу. Калі гаворыш з леснікамі, уражвае глыбіня думак пра лес. У іх аповедах — столькі паэзіі, фарбаў, што дзіву даешся: ёсць жа такія добрасумленныя людзі на зямлі беларускай! Асноўная ж мэта жыцця лесніка: “Не пашкодзь лесу!”

Лес па сваёй спрадвечнай сутнасці — маўчун. Леснікі ж, наадварот, гаваркія. Асабліва яны любяць распавядаць пра лясы старадаўнія, дыхтоўныя. Год праз сто, калі ў беларускіх лясах ужо будуць гаспадарыць нашы праўнукі, гледзячы на стромкія дрэвы, яны абавязкова ўспомняць пры тых, хто іх пасадзіў, узгадаваў.

У маёй свядомасці ляснік, як і родны лес, — вельмі істотная духоўная крыніца нашага народа, а кожную крыніцу трэба як след берагчы, мацаваць. Лес — наш лёс. І лічу, зусім невыпадкова, што гэтыя словы падобныя па свайму гучанню і нават сэнсу…

Дубровно, Дубровенский раойн, лес, садово-парковое искусство, Якуб Колос, экология, охрана

ЛЕС І БЕЛАРУСКІ ПЯСНЯР

У час Вялікай Айчыннай вайны, знаходзячыся ў далёкай Сярэдняй Азіі, Якуб Колас напісаў такія глыбока патрыятычныя радкі:

Мне лес цяпер міл удвая,
Бо родны лес мой краю служыць,
Бо лес мой туліць смелых, дужых,
Сярод якіх душой і я.

Яго ж бессмяротная паэма “Новая зямля” (дарэчы, адзін з маіх любімых твораў айчыннай літаратуры) — гэта сапраўдная ЛЯСНАЯ БІБЛІЯ:

Каля пасады лесніковай
Цягнуўся гожаю падковай
Стары, высокі лес цяністы…

Абавязкова перачытвайце, сябры, час ад часу гэты вялікі твор!

ШТО ЯК ЗАВЕЦЦА?

Сёння людзі нават лясныя паняцці блытаюць. Звычайны лес называюць няправільна то борам, то гаем.

Лес — гэта дрэвы, якія займаюць значную прастору ці масіў зямлі, зарослы дрэвамі. Цікава, што нашы продкі выкарыстоўвалі паняцці “чорны лес” — лісцевы лес і “чырвоны лес” — хваёвы лес.

Бор — гэта стары густы сасновы лес, які расце на высокім месцы. Старажылы нашы любяць распавядаць пра векавыя цёмныя бары. Існуе нават паняцце “карабельны бор” — гэта высокі, прыгодны для суднабудавання, сасновы бор.

Гай — гэта невялікі лес, звычайна лісцёвы. Такі лес нашы продкі яшчэ называлі дубровай. Цікава, што дубровай беларусы спрадвек называлі і дубовы лес.

Дубровно, Дубровенский раойн, лес, садово-парковое искусство, Якуб Колос, экология, охрана

ЛЕС І НАРОДНАЯ МУДРАСЦЬ

А колькі прыказак і выслоўяў, звязаных з лесам, ведае мой народ: як у цёмным лесе; расці на лес гледзячы; за дрэвамі лесу не бачыць; мядзведзь у лесе здох…

Скончыць мне хочацца такімі трапнымі словамі з верша таленавітага паэта Анатоля Сербантовіча:

Мы пілавалі тут і палявалі,
Душой чысцелі ў чысціні расы,
Мы не заўсёды лес наш ратавалі,
Ды вечна ратавалі нас лясы…

Канстанцін КАРНЯЛЮК,
педагог, краязнаўца

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *