Дубровеншчына сустрэла ўдзельнікаў рэспубліканскага аўтапрабегу «Сімвал адзінства»

Мэта мерапрыемства — аб’яднанне жыхароў краіны, прадстаўнікоў мясцовых органаў улады, грамадзянскай супольнасці. Акцыя прысвечана Году і Дню народнага адзінства, а яе сімвалам з’яўляецца зерне ўраджаю 2021 года. Менавіта мяшочак з зернем перадаюць у кожным раённым цэнтры Беларусі ўдзельнікам акцыі. Дарэчы, калона патрыётаў Беларусі наведае 118 раённых цэнтраў. А пасля прыбыцця ў сталіцу Беларусі напрыканцы Дня народнага адзінства ў Мінску спякуць агульны рэспубліканскі каравай. Ганаровае права перадаць зерне з дубровенскай зямлі было прадастаўлена вядомаму механізатару ААТ «Якубава-Агра» Андрэю Шэндрыку, які ў гэтым годзе разам з напарнікам Валерыем Шастаковым намалацілі больш за 2200 тон збожжа. Яны добра ведаюць кошт хлеба і жадаюць усім цаніць і берагчы гэты галоўны сімвал міру і адзінства.

Сімвалічна, што сустрэча дубровенцаў з удзельнікамі аўтапрабегу адбылася каля помніка Герою Савецкага Саюза Ганне Нікандравай. Дубровенская зямля шчодра паліта крывёй воінаў-вызваліцеляў. Усе разам узгадалі, якой цаной быў заваяваны мір на зямлі. І зараз мы можам спакойна жыць, працаваць і выхоўваць дзяцей.

На мітынгу прысутнічалі людзі розных узростаў, інтарэсаў, веравызнання. Але ўсіх нас аб’ядноўвае адно — любоў да роднай Беларусі. А галоўная і агульная задача сёння — зберагчы мір і спакой на зямлі.

Удзельнікаў мітынгу вітала намеснік старшыні Дубровенскага райвыканкама, старшыня Дубровенскай раеннай арганізацыі РГА “Белая Русь” Святлана Рыжанская.

—Кожны раён Беларусі ўнёс свой уклад у агульную справу. Патрыёты краіны прывязуць у Мінск самае мірнае, што толькі можа быць на зямлі — хлеб», — падкрэсліла Святлана Рыжанская і пажадала усім здароўя і новых поспехаў на карысць нашай краіны.

Затым усе ўдзельнікі мерапрыемства ўсклалі кветкі да помніка Ганне Нікандравай і ўшанавалі памяць воінаў-вызваліцеляў.

Далей па маршруце аўтапоезд пад знакам «Сімвал адзінства» накіраваўся ў г.Орша і пасёлак Копысь. Затым эстафету аўтапрабегу прыме Магілёўская вобласць.

Святлана ШУРПАКОВА.