С чего начинается школа?

Пачаўся новы навучальны год. Новы, які, увогуле, паўтараецца і будзе паўтарацца безліч разоў, бо гэта “шлях, які не скончыцца ніколі”. Так сказаў начальнік аддзела адукацыі раённага выканаўчага камітэта В.А.Рыжанскі, педагог і кіраўнік, які ўжо мае права на заслужаны адпачынак, але з уласцівай яму мяккай настойлівасцю цягне, як гаворыцца, нялёгкі воз. З ім наша гутарка.

—Валерый Андрэевіч, чым былі адметны мінулы 2009-2010 і падрыхтоўка да  2010-2011 навучальнага года?

—Пачнем з другой часткі пытання — падрыхтоўкі да новага навучальнага года. Напружана і складана праходзіла яна і яшчэ, можна сказаць, не закончылася. Вось сёння ўжо 30 жніўня, а яшчэ ў разгары капітальны рамонт Асінторфскай сярэдняй школы. Там працуюць некалькі дзесяткаў рабочых розных спецыяльнасцей. Я быў там раніцай і зараз (размова ішла пасля абеду) зноў паеду туды, — патрэбна каардынацыя дзеянняў розных арганізацый, якія вядуць там работы, трэба паскараць ход работ.

Пачыналася ўсё з вясны, з падрыхтоўкі да сезона аздараўленчага лагера “Лугаўцы”, які ад райкама прафсаюза работнікаў агракомплексу перададзены аддзелу адукацыі. Там на выкананне намечаных работ было зрасходавана 69,3 мільёна рублёў. Загадам па аддзелу адукацыі прэміямі ў 100, 50 і 30 тысяч  рублёў адзначана ўдарная праца на аб’екце “Лугаўцы” пятнаццаці педагогаў сярэдніх гарадскіх, сярэдніх і базавых школ раёна. Былі арганізаваны і суботнікі супрацоўнікаў аддзела.

А ўсяго ў мінулым навучальным годзе на правядзенне рамонтных работ затрачана 647,5 мільёна рублёў. На матэрыяльна-рэсурснае забеспячэнне ўстаноў адукацыі накіравана 277,9 мільёна рублёў. На “обустройство” пяці аб’ектаў адукацыі, размешчаных у аграгарадках 2010 года, выдзелена 1,087 мільярда рублёў. Пра “Лугаўцы” я ўжо гаварыў.

—Чым апраўданы, Валерый Андрэевіч, такая напружанасць і вялікія расходы на рамонт і “обустройство” ўстаноў адукацыі, асабліва сельскіх? Колькасць вучняў у іх скарачаецца, будынкі большасці  школ, відаць, паўпустуюць. А трэба несці такія затраты…

—Скажу як адміністратар і педагог. На жаль, у мінулым навучальным годзе захавалася тэндэнцыя скарачэння кантынгенту школьнікаў, колькасць іх у параўнанні з папярэднім годам зменшылася на 248 чалавек. Напаўняемасць класаў у сярэднім склала 18 вучняў у горадзе і 5 — у сельскай мясцовасці, у сельскіх школах да 40 павялічылася колькасць класаў з 1-2 вучнямі. У сувязі з такой дэмаграфічнай і сацыяльна-эканамічнай сітуацыяй была прадоўжана сістэмная рэструктурызацыя адукацыйнай сеткі: была зачынена Якубаўская пачатковая школа, Дубровенская школа-інтэрнат рэарганізавана ў дзіцячы дом, Баброўская базавая школа пераўтворана ў комплекс “дзіцячы сад-базавая школа”, Арловіцкая СШ — у комплекс “дзіцячы сад-сярэдняя школа”.

З 1 верасня 2010 года зачыніліся Дубровенскі дзіцячы дом, Кляноўская сярэдняя школа і Ляднянскі дзіцячы сад. Ляднянская СШ стала дзіцячым садам-сярэдняй школай, Баброўскі дзіцячы сад-базавая школа — дзіцячым садам-пачатковай школай. Як ні сумна  ўсведамляць, але гэта рэаліі нашага часу. Радуе толькі тое, што ў бліжэйшыя тры гады прагназуецца адносная стабілізацыя кантынгенту школьнікаў.

Працэс аптымізацыі сеткі  ўстаноў адукацыі непарыўна звязаны з забеспячэннем падвозу вучняў у школы. У мінулым навучальным годзе быў арганізаваны падвоз 299 школьнікаў — 160 падвозіліся школьнымі аўтобусамі, 139 вучняў забяспечваліся бясплатным праездам у грамадскім транспарце. У гэтым навучальным годзе ўсё таксама будзе адрэгулявана.

Што ж тычыцца расходаў, то гэта таксама рэаліі часу. У 2010 годзе планавыя расходы адукацыйнай сістэмы вызначаны ў памеры 15 мільярдаў рублёў. Удзельная вага бюджэту гэтай галіны ў раённым бюджэце — 38,1 працэнта.

У краіне завяршаецца Дзяржаўная праграма развіцця і адраджэння сяла. У нашым раёне статус аграгарадкоў ужо набылі 14 вёсак, сёлета прыбавяцца яшчэ тры, у тым ліку і пасёлак Асінторф. Як жа пры гэтым можна абыходзіць школы? Да таго ж, калі мы жывём у цэнтры Еўропы, то і ўзровень адукацыі, цывілізацыі неабходна падцягваць да еўрапейскіх узораў.

—Тут, Валерый Андрэевіч, вы ўжо закранаеце не толькі стан і выгляд устаноў адукацыі, але і вучэбна-выхаваўчы працэс, што трэба лічыць асноўным у педагагічнай справе. Як выглядае, якую мае трываласць гэтая аснова?

—Я падрабязна гаварыў аб гэтым на раённай педагагічнай канферэнцыі, якая адбылася напярэдадні новага навучальнага года. Гаварыў для настаўнікаў, бо яны ў адказе за гэты працэс.

Для ўсіх жа чытачоў “Дняпроўскай праўды” скажу наступнае: у 2009-2010 навучальным годзе ў сферы агульнай сярэдняй адукацыі вялася мэтанакіраваная і планамерная работа па выкананню Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2008 года № 15 “Аб асобных пытаннях агульнай сярэдняй адукацыі” і завяршэнню пераходу да 11-гадовай агульнаадукацыйнай школы.

Ёсць у гэтай рабоце і поспехі, і недахопы, што пацвярджаецца дзесяткамі лічбаў і фактаў, а ў цэлым прызнаць трэба наступнае: застаюцца актуальнымі праблемы павышэння якасці ведаў вучнямі, эфектыўнай арганізацыі факультатыўных заняткаў і заняткаў са здольнымі дзецьмі. Па-ранейшаму недастаткова выкарыстоўваюцца ў адукацыйным працэсе інфармацыйныя тэхналогіі. І буду гаварыць прама: пакідае жадаць лепшага ўзровень прафесіянальнай кампетэнтнасці і кіраўнікоў, і педагогаў. Хаця з 551 педагога, якія ўдзельнічалі ў ажыццяўленні гэтага працэсу, вышэйшую адукацыю мелі 67,2 працэнта, вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю — 57,5 працэнта. Забяспечана выкананне плана павышэння кваліфікацыі педагагічных работнікаў на 107 працэнтаў. У ходзе атэстацыі кваліфікацыйную катэгорыю павысілі 36 педагогаў. Таму і аддача павінна быць адпаведная.

—Але вы, як кіраўнік, не можаце не прызнаць, што ніякіх зрухаў наперад не адбываецца, інакш аддзелам адукацыі кіраваў бы іншы чалавек.

—Гэта так. Я прывяду толькі некалькі фактаў. У мінулым навучальным годзе ў школах працавалі 504 факультатывы (на 19 працэнтаў больш у параўнанні з папярэднім годам) па 11 напрамках і 84 праграмах. На факультатывах займаліся 88 працэнтаў школьнікаў, што вельмі блізка да абласнога паказчыка, але ж у нас — сельскі раён.

Навучальны год закончылі 1863 навучэнцы, з іх на 9-10 балаў — 2 працэнты вучняў (на ўзроўні 2008-2009 навучальнага года), на 6-10 балаў (па ранейшаму на 4 і 5) — 46,6 працэнта школьнікаў, што на 3,2 працэнта больш, чым у папярэднім годзе. Па выніках 2010 года ў вышэйшыя навучальныя ўстановы паступілі 50 працэнтаў нашых выпускнікоў (у 2009 годзе — 45,3 працэнта). У Дабрыньскай СШ гэты паказчык склаў 75, у СШ № 1 г.Дуброўна — 70, у Сваташыцкай СШ — 60 працэнтаў. Прыемна тое, што працягваць вучобу ў навучальных установах рознага ўзроўню будуць практычна ўсе выпускнікі сярэдняй школы і вучні, якія атрымалі базавую адукацыю.

—На мой погляд, ды, пэўна, і вы, Валерый Андрэевіч, не станеце адмаўляць, што ў гэтым праяўляецца цяга маладога пакалення да ведаў, жаданне ўступіць у самастойнае жыццё з добрай, а яшчэ лепш, калі і з любімай прафесіяй, што без настойлівай, стараннай вучобы ў наш час немагчыма. Тады такое пытанне: на што будзе звернута першаступенная ўвага ў гэтым навучальным годзе?

—Вызначана 8 асноўных напрамкаў дзейнасці для агульнаадукацыйных устаноў. А звесці ўсё можна да аднаго: развіццё ўсімі даступнымі адукацыйнымі метадамі і сродкамі інтэлектуальнага і творчага патэнцыялу асобы вучняў на ўроку і пазаўрочнай дзейнасці. А гэта ўключае дыферэнцыяцыю і індывідуалізацыю адукацыйнага працэсу; выкарыстанне сучасных адукацыйных тэхналогій і сродкаў навучання; узмацненне ролі факультатыўных заняткаў. І ў завяршэнне ўсяго, а, магчыма, як аснову ўсяго гэтага — павышэнне прафесіянальнай кампетэнтнасці педагагічных кадраў.

Асобую ўвагу трэба ўдзяляць рэалізацыі закона Рэспублікі Беларусь “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”, які ўступае ў дзеянне з 1 верасня 2010 года. Тут у пачатку навучальнага года трэба правесці бацькоўскія сходы, пасяджэнні педсаветаў, каб давесці ўсім неабходнасць новых правілаў, у школах аформіць інфармацыйныя стэнды, увесці факультатыўныя заняткі па беларускай мове.

Неабходна таксама павысіць якасць выкладання замежных моваў у сувязі з увядзеннем у 2012-2013 навучальным годзе абавязковага вуснага экзамена па замежнай мове за перыяд навучання на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі. Задумацца над гэтым павінны і вучні.

Будзе прадоўжана мэтанакіраваная работа па расшырэнню даступнасці спецыяльнай адукацыі для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, іх сацыяльнай адаптацыі і інтэграцыі ў грамадстве. Такія дзеці павінны атрымаць у школе ўсё, каб быць нароўні з усімі і сёння, і ў будучым.

Адным з асноўных напрамкаў будзе ідэалагічнае і грамадзянска-патрыятычнае выхаванне, планаваць якое мэтазгодна з улікам календара дзяржаўных святаў, памятных дат і міжнародных святочных дзён. Пачынаецца гэта з першага ўрока “Беларусь — краіна маёй будучыні!” і мерапрыемстваў, прысвечаных Дню беларускага пісьменства.

Павышаную ўвагу напярэдадні  выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь неабходна ўдзяліць правядзенню інфармацыйных і класных гадзін па паліткультурнай адукацыі вучняў, вывучэнню Канстытуцыі і выбарчага заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

Класным кіраўнікам неабходна ўзмацніць работу па падрыхтоўцы вучняў да працы і выбару прафесіі. Трэба выхоўваць пачуццё гордасці за бацькоў-прафесіяналаў, фарміраваць думку, што няма непрэстыжных работ. Для старшакласнікаў арганізоўваць сустрэчы з прадстаўнікамі розных прафесій,  удзел у днях “адчыненых дзвярэй”, наведванне арганізацый і прадпрыемстваў.

Тут усяго проста не пералічыш і не скажаш…

—Роля і месца настаўніка спакон вякоў займалі і займаюць самы высокі ўзровень у грамадстве, бо гэта — настаўнік Як глядзіце на гэта вы, Валерый Андрэевіч?

—Менавіта так і гляджу: гэта — настаўнік. Ён павінен быць прыкладам ва ўсім. Вырасціць, выхаваць разам з сям’ёй ці дапамагчы сям’і ў гэтай справе добрага чалавека, дастойнага грамадзяніна сваёй Радзімы — задача аднолькава нялёгкая і высакародная. Над яе вырашэннем будзем настойліва і нястомна працаваць.

Гутарку вёў Фёдар КУЛАКОЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *