Назад в прошлое: 26 июня 1944 года Красная Армия освободила Дубровенщину

Дубровно, Дубровенский район, Победа, освобождение, солдат, 26 июня

Пра вызваленне занятай акупантамі амаль да канца чэрвеня 1944 года часткі тэрыторыі Дубровенскага раёна і непасрэдна Дуброўна ў “Дняпроўскай праўдзе” расказвалася шмат разоў. Але гэта не старэючая тэма і ў адным ключы (апошняе вельмі пажадана) яна будзе паўтарацца праз дзесяцігоддзі і стагоддзі, як, напрыклад, тэма Айчыннай вайны 1812 года, да 200-годдзя якой мы ўжо набліжаемся. Ад падзей вызвалення нашага роднага краю ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў мы, па сутнасці, яшчэ не паспелі аддаліцца. Жывуць, на шчасце, яшчэ ўдзельнікаі і сведкі тых векапомных дзён.

А дні былі сапраўды векапомныя…

Апошнія дні перад вызваленнем

Мэтай Беларускай наступальнай аперацыі “Баграціён”, праведзенай 23 чэрвеня — 29 жніўня 1944 года, быў разгром нямецка-фашысцкай групы армій “Цэнтр” і вызваленне Беларусі. Да зыходу 22 чэрвеня фронт працягласцю звыш 1100 кіламетраў праходзіў па лініі возера Няшчэрда, усходней Віцебска, Оршы, Магілёва, Жлобіна, па рацэ Прыпяць, утвараючы вялізны выступ, звернуты сваёй вяршыняй на ўсход.

На тэрыторыі Дубровенскага раёна 23 чэрвеня і разгарнуліся кровапралітныя баі па прарыву выключна ўмацаванай варожай абароны, якія вялі войскі 11-й гвардзейскай арміі (камандуючы генерал-лейтэнант К.М.Галіцкі), 31-й арміі (камандуючы генерал-лейтэнант В.В.Глаголеў), 1-я паветраная армія (камандуючы генерал-лейтэнант авіяцыі М.М.Громаў). Гэтыя арміі ўваходзілі ў склад 3-га Беларускага фронта (камандуючы генерал-палкоўнік І.Д.Чарняхоўскі).

Не будзем глыбока ўнікаць у планы і задумкі палкаводцаў-камандуючых. Спусцімся непасрэдна ў войскі, да дзеянняў камандзіраў ніжэйшых рангаў, да радавых байцоў.

Дубровно, Дубровенский район, Победа, освобождение, солдат, 26 июня

Прарыў альбо парыў?..

Па задуме высокіх военачальнікаў гэта быў прарыў. Але па ўчынках тысяч і тысяч простых воінаў гэта быў несакрушальны, нязломны парыў, які праяўляўся на кожным кроку на дзесятках кіламетраў, што пралеглі ад цяжкапраходных у ваенным плане балот Асінторфа — на поўначы да вёскі Баева — на поўдні раёна. Коратка, пункцірна пройдзем гэтым шляхам.

Перад пачаткам наступлення ў баявых падраздзяленнях праходзілі партыйныя і камсамольскія сходы. Сотні, тысячы байцоў хацелі ісці на прарыў членамі бальшавіцкай партыі і Ленінскага камсамола.

За дзве ночы да агульнага наступлення (21 і 22 чэрвеня) лётчыкі 1-й паветранай арміі магутнымі бомбавымі ўдарамі “апрацоўвалі” пярэдні край, апорныя пункты і вузлы супраціўлення ў глыбіні абароны праціўніка. На зямлі чатырма ўзмоцненымі батальёнамі пяхоты была праведзена разведка боем.

23 чэрвеня ў шэсць гадзін раніцы залпы “кацюш” абвясцілі аб пачатку артылерыйскай падрыхтоўкі. Па пазіцыях праціўніка па фронту больш трыццаці і ў глыбіню да сямі кіламетраў ударылі 1800 гармат і мінамётаў.

У 8 гадзін 20 мінут каля трохсот бамбардзіроўшчыкаў, а праз некалькі мінут 250 штурмавікоў дапоўнілі артылерыйскую кананаду. Зямля змяшалася з небам, здавалася, што ў гэтым пекле не застанецца нічога жывога.

Але варожая абарона, яе інжынерныя збудаванні нядрэнна вытрымалі ўдар, і нашым воінам трэба было не проста прарываць, а прагрызаць кожны яе рубеж.

Часці 11-й гвардзейскай арміі на працягу першай гадзіны бою (агульная атака пачалася ў 8.50) занялі толькі першыя пазіцыі абароны праціўніка. Далей бой прыняў зацяжны характар, наша пяхота, 35-ы танкавы і 345-ы самаходна-артылерыйскія палкі, якія ўзаемадзейнічалі на гэтым участку прарыву, неслі вялікія страты.

Многія воіны праяўлялі ўзоры гераізму. Гвардыі радавы 247-га гвардзейскага палка Аляксандр Мікалаевіч Васільеў закрыў сваім целам амбразуру дзота, узнагароджаны пасмяротна ордэнам Леніна. І гэта не адзінкавы прыклад мужнасці.

Дубровно, Дубровенский район, Победа, освобождение, солдат, 26 июняДобра вядома імя гвардыі старшага лейтэнанта Суфея Суф’янава, стралковая рота якога вызначылася ў баях за вызваленне Асінторфа і ў далейшым змагалася з ворагам з той жа непахіснасцю, за што яе камандзір быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза (24.03.1945 года).

Трэба адзначыць, што ў выніку трохдзённых баёў войскі 11-й гвардзейскай арміі прарвалі абарону праціўніка на ўсю тактычную глыбіню. На зыходзе 25 чэрвеня стварылася магчымасць для развіцця аператыўнага праследавання ворага — ужо за межамі Дубровенскага раёна, чым і не замарудзіла скарыстацца камандаванне арміі і фронта…

З восені 1943 года за вызваленне Дубровенскага раёна змагалася 31-я армія. Цяпер яна наступала ў паласе ад магістралі Масква—Мінск да вёскі Баева. На яе шляху ляжала Дуброўна, да якога ад перадавой, здавалася б, рукой падаць. (мне расказваў адзін удзельнік вызвалення Дуброўна, як у трафейны бінокль яны глядзелі на ўцалелыя будынкі гэтага гарадка). Але прайсці гэтыя кіламетры з баямі было вельмі нялёгка.

Вёскі Кіраёва, Лабаны, Батракоўцы, Барадзінцы, Лапыры — кожны рубеж станавіўся цяжка пераадольнай перашкодай, патрабаваў вялікіх намаганняў і шматлікіх ахвяр.

Варта напомніць, што ў дні прарыву неўміручыя подзвігі здзейснілі Ганна Нікандрава і Юрый Смірноў, якім званне Героя Савецкага Саюза было прысвоена пасмяротна.

Вельмі марудна прасоўваліся наперад войскі 31-й арміі. Аднак паспешлівы адыход праціўніка перад войскамі суседняй справа 11-й гвардзейскай арміі змусіў гітлераўцаў адступаць і на ўчастку фронта 31-й арміі.

Непасрэдна на Дуброўна наступалі часці 220-й стралковай дывізіі пад камандаваннем палкоўніка В.А.Палявіка і 331-й стралковай дывізіі пад камандаваннем генерал-маёра П.Ф.Берастава, якія да 6 гадзін раніцы 26 чэрвеня цалкам ачысцілі зруйнаваны гарадок ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і не спыняючыся рушылі на Оршу (вызвалена 27 чэрвеня).

Дубровно, Дубровенский район, Победа, освобождение, солдат, 26 июня

Пасля…

…Радасць вызвалення была вялікай і светлай. Але і смутку ў ёй было нямала. Вельмі парадзела мірнае насельніцтва Дубровеншчыны.

Ахвяры фронту, падпольнай і партызанскай барацьбы — усе разам гэта пяць тысяч чалавек. Сотні жыхароў раёна марнелі ў фашысцкай няволі.

І вось гляджу я на карту “Знішчэнне насельніцтва Беларусі нямецка-фашысцкімі акупантамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны”, змешчаную ў энцыклапедыі “Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне” (Мінск, 1990).

Пад абазначэннем “Дуброўна” чытаю лічбу: “14110”. Гэта — колькасць людзей, знішчаных на тэрыторыі раёна, уключаючы і вязняў, што загінулі ў лагерах смерці. Страшная лічба, горкі, трагічны лёс ні ў чым не вінаватых людзей. Да гэтага трэба дадаць 38000 загінуўшых на Дубровеншчыне савецкіх воінаў.

Вось чаму, святкуючы дзень вызвалення, мы не павінны забываць гэтыя лічбы і рабіць усё, што ад нас залежыць, каб такое не паўтарылася ніколі. Ніколі.

Фёдар КУЛАКОЎ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *