Назад в прошлое: В последние месяцы войны Беларусь начала своё возрождение

Дубровно, Беларусь, фронт, тыл, Багратион, освобождение, солдат, Великая Отечественная война, возрождение

Смертаносны груз

Вызваленне роднага краю летам 1944 года наш народ сустракаў і вітаў як збаўленне не толькі ад пакут, але і ад самога вынішчэння, да чаго вёў фашысцкі рэжым, і аб чым сведчаць факты.

Ды вызваленне прынесла пачуцці не толькі вялікай палёгкі і светлай радасці, але і пачуцці вялікай заклапочанасці, нават засмучанасці. Вельмі многіх людзей не далічыліся ў горадзе і вёсках, на месцах добрага чалавечага жытла чарнеліся папялішчы, ляжала параненая зямля.

Вось толькі адзін факт. Для забеспячэння аперацыі “Баграціён” у войскі чатырох франтоў, якія ўдзельнічалі ў ёй, яшчэ да яе пачатку накіроўвалася, акрамя таго, што мелася, да 400 тысяч тон боепрыпасаў. Зразумела, не ўсе яны дасталіся 3-му Беларускаму фронту, тым больш, на той яго ўчастак, які праходзіў па тэрыторыі Дубровенскага раёна. Але дасталося нямала, бо тут было месца прарыву.

Зразумела таксама, што і з боку праціўніка смертаноснага грузу на гэтым участку было накоплена неменш, да таго ж, трэба дадаць закладзеныя ім мінныя палі.Усё, канешне, прызначалася для знішчэння людзей, што былі па абодва бакі фронта, ды ўсё, можна сказаць і так, прыняла зямелька, якую бязлітасна і шчодра засявалі кулі ды асколкі. Было ўстаноўлена, што за час акупацыі раёна з землекарыстання было выведзена 11240 гектараў сельгасугоддзяў. Мінёры і цяпер не пакідаюць без увагі наш раён.

А людзі, што перажылі ліхалецце, ніколі не забывалі горыч і боль тых дзён…

Дубровно, Беларусь, фронт, тыл, Багратион, освобождение, солдат, Великая Отечественная война, возрождение

Даўняя гісторыя

Некалі да мяне ў рэдакцыю час ад часу заходзілі старыя настаўніцы Марыя Архіпаўна Корбан і Таццяна Міхайлаўна Ладысева, якія ў час акупацыі жылі ў вёсках. Прыносілі свае запісаныя ўспаміны, проста любілі пагаварыць. І ніколі не абміналі тэму вайны, якая да канца так і не адпусціла іх сэрцы. І былі ў гэтых успамінах абстрэлы і расстрэлы людзей па найменшай падазронасці, павальнае выгнанне з родных хат невядома куды, радаснае і горкае вяртанне тых, хто ўцалеў, на папялішчы.

Пасля вызвалення мы ў хуткім часе на спадарожных машынах падаліся ў родныя мясціны, на радзіму мужа. Ад хаты засталося папялішча, але пасля ўсяго перажытага гэта ўжо не здавалася самым страшным. У верасні 44-га года я зноў стала працаваць у школе. А потым муж прыслаў пісьмо, грашовы перавод. На душы станавілася лягчэй, хоць цяжкасцей наперадзе было нямала. Толькі мы ўсё перанеслі, і ўсё адолелі”. Гэта з успамінаў Т.М.Ладысевай (наўскасяк праз вуліцу ад рэдакцыі застаўся яе дом, а гаспадыні ўжо не стала).

Падобнае ўспамінала і Марыя Архіпаўна Корбан. Але пачынала з таго, як у ліпені 1941 вярнулася з Сенненскага раёна ў родную вёску Літвінава і тут пачала сваю дзейнасць з агітацыі юнакоў, якія не трапілі ў армію, што трэба падавацца ў наш тыл, гнаць туды калгасную жывёлу. Так і было зроблена.

Многае могуць расказаць і цяпер жыхары раёна старэйшых пакаленняў. Школьнікам, культработнікам трэба збіраць, запісваць і берагчы гэтыя ўспаміны, бо яны не проста гістарычная памяць, а наша спадчына і вельмі дзейсны сродак патрыятычнага выхавання…

Дубровно, Беларусь, фронт, тыл, Багратион, освобождение, солдат, Великая Отечественная война, возрождение

Фронт і тыл

Фронт адкатваўся ўсё далей ад Беларусі, усталёўвалася мірнае жыццё. У раён вярталася насельніцтва, трэба было жыць, будавацца, засяваць зямлю, каб карміць сябе і падтрымліваць армію. А мірнае насельніцтва падтрымлівала дзяржава.

У 1944 годзе адноўленым калгасам быў выдзелены крэдыт у памеры 100 тысяч рублёў, калгаснікам на аднаўленне ўласных гаспадарак — 65 тысяч рублёў, на будаўніцтва жылля — 110 тысяч рублёў.

Ужо ў 1944 годзе калгасы засеялі 8692 гектары зямлі.

Асноўнай рабочай сілай былі жанчыны, дзяўчаты, на палі і фермы іх выходзіла 8000 чалавек. Мужчын-калгаснікаў, пераважна пажылога ўзросту ды інвалідаў, было каля паўтары тысячы. Нароўні з дарослымі працавалі падлеткі, 34 з іх выпрацавалі ў тым годзе па 200-300 працадзён. Гэта нямала, асабліва калі ўлічыць, што мірны год быў няпоўны, а многім падлеткам трэба было ісці ў школу. Ды дапамагалі яны дарослым, як маглі.

У 1945 годзе ўсе верылі ў хуткую і канчатковую перамогу савецкіх войскаў над ворагам, людзі працавалі з натхненнем, не ведаючы, здаецца, стомы.

У раёне былі адноўлены 159 калгасаў. Многія сельгас-арцелі ўзначальвалі тыя, хто да нядаўняга часу са зброяй у руках змагаўся з ворагам, але па розных прычынах выбыў са строю.

Цікавая статыстыка. У раёне пражывала 31356 чалавек, з іх 10968 — мужчын. Але працаздольных было толькі 2723. Дзяцей да 15 гадоў было 13975 чалавек, па-ранейшаму асноўны цяжар аднаўлення ляжаў на жаночых плячах.

Але падстаўлялі сваё плячо тры адноўленыя МТС (машынна-трактарныя станцыі) — Арловіцкая, Дубровенская, Зарубская, у якіх налічвалася 30 трактароў. Па сённяшніх мерках сіла не вельмі вялікая, але і гэта было добрае падспор’е, калі браць пад увагу тое, што, акрамя трактароў, МТС мелі іншую сельгастэхніку: сеялкі, малатарні і г.д.

Трэба прызнаць, што, у параўнанні з цяперашняй, ураджайнасць тады была вельмі нізкая, зерневыя, напрыклад, не давалі і 10 цэнтнераў з гектара.

Але родную зямельку больш не засявалі асколкі ды кулі, а пасяўныя плошчы паступова пашыраліся. Так, пад ураджай 1940 года ў раёне было засеяна 46050 гектараў, пад ураджай пераможнага 1945-га23367 гектараў, пад ураджай 1946-га29702 гектары…

І вызваляліся вялікія плошчы сельгасугоддзяў ад смяротнага небяспечнага начыння ваеннага ліхалецця. Так, каманда размініравання ў 1945 годзе ачысціла на тэрыторыі раёна ад мін і іншых выбуховых прадметаў амаль 589 квадратных кіламетраў зямлі (у квадратным кіламетры — 100 гектараў). Сабрала і знішчыла больш за 35 тысяч мін, больш за 97 тысяч артылерыйскіх снарадаў і іншых небяспечных боепрыпасаў.

У многіх мясцінах зямля таіла вялікую небяспеку, але яна павінна была даваць хлеб, бульбу, лён, карміць і апранаць людзей, і людзі настойліва і цярпліва вызвалялі сваю карміцельку ад ненавіснага ваеннага начыння, каб служыла яна ім і іх дзецям.

Фёдар КУЛАКОЎ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *