На Ивана Купалу в Дубровно тянут «барану» и катаются на лошадях

Дубровно, Беларусь, Иван Купала, Купалье, Купалле, фольклор, обряд, традиции, солнце, язычество

Гараць вогнішчы, народ спявае, моладзь мілуецца. Усё гэта – гуллівае і вясёлае Купалле. І сёння ўвечары самая чароўная ноч года ізноў пакліча дубровенцаў на свае карагоды і забавы. Але хто нам лепш за ўсіх раскажа пра старажытнае беларускае свята Купалле, як не кіраўнік народнага фальклорнага калектыву “Кудзеліца” Анастасія Мікалаеўна Красоўская. Да яе мы і завіталі ў госці.

Дубровно, Беларусь, Иван Купала, Купалье, Купалле, фольклор, обряд, традиции, солнце, язычество

АК—Традыцыйны народны каляндар беларусаў багаты на розныя святы. І адным з самых прыгожых старажытных абрадаў нашых продкаў з’яўляецца Купалле, — пачынае свой цікавы аповед Анастасія Мікалаеўна. — Цікава, што спрадвеку яно адзначалася ў самую кароткую летнюю ноч – з 23 на 24 чэрвеня. Нашы продкі яшчэ казалі: “Купалінька, ноч маленька – не выспішся”.

Але з прыняццем хрысціянства, дата язычніцкага абрада была набліжана да праваслаўнага свята ў гонар Івана Хрысціцеля. З таго часу Купалле пачало адзначацца ў ноч з 6 на 7 ліпеня.

Трэба сказаць, што змянілася не толькі дата свята, але і некаторыя яго рысы. Але і сёння Купалле – гэта адметныя абрадавыя дзеянні, варажба, павер’і, ігрышчы, карагоды, песні і паданні.

Наогул, у аснове ўсёй купальскай абраднасці ляжыць пакланенне нашых прашчураў сонцу (агню), вадзе і расліннасці. Таму звычайна старажытныя беларусы святкавалі Купалле на традыцыйным рытуальным месцы, дзе вясковая абшчына адзначала найбольш значныя падзеі. У розных рэгіёнах Беларусі гэта магло быць узбярэжжа ракі ці возера. А калі побач не мелася вады, то выбіраліся які-небудзь пагорак, невялікая палянка альбо проста ўскраіна гаю.

Цэнтральнае месца, вакол якога разгортвалася начная містэрыя, займаў рытуальны агонь. Для вогнішча хлопцы з некалькіх вёсак збіралі розную старызну: салому з матрацаў, зношаныя лапці, адзенне, паламаныя колы, драўніну. Быў свой абавязак і ў дзяўчат. Яны збіралі кветкі для абрадавых вянкоў: адны з іх пляліся, каб надзець на галаву або павязаць на пояс, з другімі – вялікімі, доўгімі і тоўстымі – дзяўчаты вадзілі карагоды.

Пачыналася свята ноччу з распальвання вогнішча, усярэдзіну якога ўстаўлялася шостка з драўляным абсмаленым колам і прывязаным да яго жытнёвым снопам. Хаця ў старажытнасці агонь раскладвалі пад упрыгожаным рознакаляровымі стужкамі дрэвам, часцей – пад дубам, бярозай, сасной ці елкай.

Дубровно, Беларусь, Иван Купала, Купалье, Купалле, фольклор, обряд, традиции, солнце, язычество

Пасля распальванню агню дзяўчаты смажылі яечню – як сімвал сонейка. Затым ладзілася сумесная вячэра.

Не абыходзілася Купалле і без гульняў-ігрышчаў, летніх карагодаў, абрадавых песен:

Ой, рана-рана на Яна
Сонца гуляла з Купала,
А лясы звінелі, як пелі.
А сяло дрыжала, музыка йграла…

І вось, як толькі полымя вогнішча спадала, дзяўчаты надзявалі на галаву вянкі, браліся папарна з хлопцамі і пачыналі скакаць праз вогнішча.

Безумоўна, адным з самых доўгачаканых момантаў купальскай ночы быў пошук папараць-кветкі. Нашы продкі верылі, што гэта чароўная расліна надзяляе знайшоўшага яе здольнасцямі разумець прыроду. Праўда, знайсці папараць-кветку лічылася справай няпростой. Казалі, што ў купальскую ноч нячыстая сіла правіла свой баль і ўсяляк шкодзіла чалавеку і яго гаспадарцы.

І, сапраўды, прачнуцца раніцай гаспадары, а ў адных агароджы няма, у другіх – шыба на коміне, у трэціх – дзверы падпёртыя. Хаця шчыра кажучы, рабілі гэта, зразумела, не нейкія “нячысцікі”, а гарэзлівая моладзь.

Дубровно, Беларусь, Иван Купала, Купалье, Купалле, фольклор, обряд, традиции, солнце, язычество

Але ж самая кароткая летняя ноч пралятала непрыкметна. І ўсе ўдзельнікі свята ішлі сустракаць узыход сонца. Казалі, у гэтую раніцу яно выплывала з-за гарызонту як бы танцуючы. Між іншым, тыя, хто сустракаў узыход сонца каля вады, назіралі, як яно нібыта іграе. І здавалася, што яно купаецца.

Магчыма, праз гэту чароўную фінальную сцэну народнае свята і атрымала сваю назву – Купалле.

А завяршалася ўсё агульным качаннем па расе ў жыце, купаннем і пусканнем вянкоў на ваду для варажбы на будучае замужжа.

МК—А ці ёсць асаблівасці святкавання Купалля ў нас на Дубровеншчыне?

АК—Канешне, мы іх маем. Нездарма людзі кажуць: “Што край, то і звычай”. Вось наш раён, здаецца, зусім невялікі, а практычна ў кожнай вёсцы ёсць свае адметнасці святкавання купальскай ночы.

Напрыклад, носьбіт фальклору Зінаіда Мядзведзева з вёскі Загваздзіна распавяла мне наступнае. Казала, што сыходзілася моладзь 6 ліпеня вечарам, збіралі старызну, распальвалі вогнішча, потым да чатырох гадзін раніцы гулялі, хадзілі па вёсцы, спявалі, варажылі і крышку шкодзілі. Ды толькі, заўважу, моладзь не рабіла нічога злоснага: звычайна, хлапцы і дзяўчаты проста ў некалькіх хатах завязвалі дзверы, падпіралі іх чым-небудзь.

Як варажылі? Дзяўчаты абдымалі агароджу, затым лічылі, колькі штыкецін апынулася ў руках: калі парная лічба – то выйдзеш замуж, калі не – то на гэты год застанешся адна. Кідалі дзяўчаты і сваю галошу цераз дах. Куды галоша мысам ляжа, туды і замуж дзеўка пойдзе. Канешне ж, вілі вяночкі. Праўда, ля вёскі Загваздзіна не было ні рэчкі, ні возера. Там дзяўчаты кідалі свае вянкі на дах.

Дубровно, Беларусь, Иван Купала, Купалье, Купалле, фольклор, обряд, традиции, солнце, язычество

А вось, якімі цікавымі дэталямі святкавання Купалля са мной падзяліліся Надзежда Косцерава і Ганна Малькова з вёскі Косціна. У іх мясцовасці таксама на свята збіраліся хлапцы і дзяўчаты 6 ліпеня вечарам. І такім вясёлым гуртам ішлі ў суседнюю вёску. Там пачыналі хадзіць па хатах і спяваць, як на Каляды. І гаспадары звычайна выносіла ім яйца, мёд, сала, грошы, бо інакш святочны гурт мог “аблаяць” скупую хату едкай песняй. Сабраўшы такую смачную “даніну”, хлапцы і дзяўчаты збіраліся ў нейкай адной хаце, дзе адзначалі свята некалькі дзён. Канешне, яны б рабілі так і каля вогнішча. Ды толькі ў раёне Косціна купальскае полымя не разводзілі з-за прыродных умоў: дужа шмат там было камароў.

Дубровно, Беларусь, Иван Купала, Купалье, Купалле, фольклор, обряд, традиции, солнце, язычество

Крыху інакш, па словах Веры і Лідзіі Казловых, святкавалі Купалле ў вёсцы Пячонкі. Шостага ліпеня хлапцы і дзяўчаты ішлі ў лес, рвалі кветкі “брат-сястра” (яны ж – “Іван-ды-Мар’я”), вілі з гэтых красак вянкі. Затым іх кідалі на дах альбо вешалі на іконы.

Безумоўна, дзяўчаты пускалі свае вянкі на ваду. Людзі верылі: куды вянок паплыве – туды і замуж пойдзеш, а калі вянок стаіць на месцы, то быць дзяўчыне ў гэтым годзе незамужняй.

Рабілі і так: украдуць мальцы ў якога-небудзь гаспадара барану і плуг. Пасля чаго хлопцы вакол вёскі цягнуць барану, а дзеўкі – плуг. Затым барану пакідаюць на падворку таго хлопца, які павінен хутка ажаніцца, а плуг, адпаведна, дастаецца той дзяўчыне, якая выходзіць замуж.

Любілі хлопцы з Пячонак і па-добраму пажартаваць. Бывала, залезуць на дах хаты і закладуць шыбай комін. Гаспадары ўстануць раніцай печ распальваць, а весь дым ідзе ў хату. Такі вось купальскі “падарунак”. Дарэчы, здаралася і агароджы ламалі. Праўда, не добрыя, а старыя ды гнілыя. Таму аднавяскоўцы моцна не крыўдзіліся на вясёлую моладзь.

Што датычыцца вогнішчаў, то яны ў Пячонках паліліся абавязкова, часам – на скрыжаваннях. Дарэчы, там усіх частавалі аладкамі, яечняй, як сімваламі сонейка.

Дубровно, Беларусь, Иван Купала, Купалье, Купалле, фольклор, обряд, традиции, солнце, язычество

Не магу не узгадаць і расказ пра Купалле Марыі Бажковай з вёскі Быстрыёўка. У іх там было цікавае месца – вялікае скрыжаванне, дзе сыходзіліся аж чатыры дарогі. І хоць вогнішча там не палілі, гоман стаяў на ўсю ваколіцу. Тут вечарам 6 ліпеня збіралася не толькі мясцовая моладзь, але і прыходзілі з вёсак Кляны, Цыбульскія, Ляхаўка, Зарубы юнакі са сваімі гармонікамі і дзяўчаты з вянкамі.

Дарэчы, вось як варажылі на Купалле ў Быстрыёўцы. Дзяўчаты пускалі на ваду вянкі: якія з іх сплывуцца разам, гаспадыні тых сыйдуцца з каханым хлопцам, а чый вяночак паплыве адзін, тая дзяўчына застанецца ў гэтым годзе таксама адна.

Ці вось яшчэ адно гаданне. Вырывалі тры чарнобыліны (гэта трава такая), звязвалі іх канцы і казалі: “Чарнобыль, чарнобыль, стаіш ты пры пуцях і дарогах, пакажы мне майго мілога”. Пасля чаго гэтым чарнобылем дзяўчаты падпаясваліся і так гулялі да самай раніцы. Затым дома гэты пояс здымалі, клалі пад падушку і ішлі спаць. А той хлапец, якога дзяўчына бачыла ў сне, звычайна, станавіўся яе мужам.

Але на гэтым свята ў раёне Быстрыёўкі не завяршалася. Вечарам 7 ліпеня мясцовая моладзь працягвала адзначаць Купалле. Праўда, на гэты раз кожны па сваіх вёсках. Такія вось асаблівасці купальскай ночы ў нашым краі.

Дубровно, Беларусь, Иван Купала, Купалье, Купалле, фольклор, обряд, традиции, солнце, язычество

МК—Цікава ўмелі жыхары Дубровеншчыны пагуляць на Купалле. А як мы адзначым свята ў гэтым годзе, ці збераглі традыцыі продкаў?

АК—Безумоўна. І ўжо стала добрай традыцыяй у ноч з 6 на 7 ліпеня дзесьці а 9 гадзіне вечара на левым беразе Дняпра ў Дуброўне адзелам культуры райвыканкама, яго раённым арганізацыйна-метадычным цэнтрам, нашым Домам культуры ладзіць вялікае свята. Хаця, шчыра кажучы, практычна ўвесь наш край у гэтую ноч не спіць. Вясковыя дамы культуры таксама арганізуюць святы па ўсім раёне.

Што чакае на такім мерапрыемстве нашых жыхароў? Цалкам уся купальская праграма: і вогнішчы палім, і вяночкі пускаем, і тэатралізаванае прадстаўленне ладзім, і песні спяваем, і карагоды водзім. А яшчэ сёлета мы будзем катацца на ўпрыгожаных канях.

Акрамя гэтага, пад раніцу ўсе прысутныя пазнаёмяцца з такім цікавым беларускім звычаем, як “цягнуць барану”. Гэта калі на ўзыходзе сонца ўсе людзі пачынаюць спяваць. Прычым, адначасова кожны чалавек спявае сваю любімую песню. Але перад гэтым абавязкова трэба загадаць жаданне. І вось калі чалавек не саб’ецца і выканае песню гучна і зычна, да канца, то яго жаданне абавязкова спраўдзіцца.

Таму рыхтуйце песню і добры настрой, прыходзьце да нас на Купалле, будзе весела і цікава, не пашкадуеце!

Марына КАЗЛОВІЧ

Матэрыял падрыхтаваны на аснове звестак фальклорных экспедыцый па Дубровеншчыне, а таксама – кнігі І.І.Крук “Следам за сонцам. Беларускі народны каляндар”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *