Лучшие дубровенские животноводы работают семьями

Дубровно, животновод, Потапенко, Белоусов, семья, республиканское соревнование, корова

Аляксандр Мікалаевіч Белавусаў і Алена Іванаўна Патапенка па выніках работы за мінулы год прызнаны пераможцамі рэспубліканскага спаборніцтва сярод жывёлаводаў, якія даглядаюць маладняк да шасцімесячнага ўзросту.

Працуюць яны на каўроўскай ферме ААТ “Каманіна”. Такога працоўнага поспеху дабіліся ўпершыню за восем гадоў сумеснай працы. У папярэднія гады яны неаднойчы былі ў ліку лепшых жывёлаводаў раёна, а Аляксандр Мікалаевіч Белавусаў быў прызёрам абласнога спаборніцтва. Так што сёлетні поспех жывёлаводаў з Каўровай заканамерны.

У аснове іх працоўных поспехаў, як адзначылі дырэктар ААТ “Каманіна” Аляксандр Анатольевіч Зайцаў і галоўны ветурач гаспадаркі Святлана Мікалаеўна Кантузорава, — добрасумленная праца. Жывёла, якую яны даглядаюць, заўсёды своечасова накормлена і напоена, у стойлах парадак. Таму і растуць цяляты хутка: у сярэднім за суткі прыбаўляюць у вазе ад 650 да 800 і больш грамаў, у залежнасці ад выдзеленага рацыёну. Багацей рацыён — вышэй прывагі.

—Мы стараемся рабіць усё ад нас залежнае, каб цяляты хутчэй раслі, — гаварыла падчас нядаўняй сустрэчы Алена Іванаўна Патапенка. — На жаль, не ўсё ад нас залежыць. Мінулым летам мы закладвалі ў кармушкі правяленую траву, больш як па кілаграму на галаву канцэнт-ратаў давалі. А сёлета раз у суткі прывязуць трактарны прычэп зялёнкі, скінуць ля кармушак. Мы яе раскідваем, каб не “гарэла”, але, тым не менш, раніцай наступнага дня якасць гэтага корму невысокая. Ды канцэнтратаў удвая менш сёлета даём, чым у мінулым годзе. Таму і расце жывёла не так хутка, як у мінулым годзе.

Тым не менш, і ў гэтым годзе, як сведчаць дадзеныя, сярэднясутачныя прывагі маладняку жывёлы ў групе Алены Патапенка і Аляксандра Белавусава перавышаюць 650-700 грамаў. Цяляты ўкормленыя і дагледжаныя. І гэта пры ўмове, што даглядаюць яны 286 цялят або ў тры разы больш, чым па норме.

—Як жа вы паспяваеце дагледзець такую вялікую колькасць маладняку? — цікаўлюся ў жывёлаводаў.

—Стараемся, не шкадуем ні часу, ні сіл, таму і паспяваем, трэба ж дзяцей карміць. У Аляксандра Мікалаевіча пяцёра дзяцей, трое з іх — студэнты, а ў мяне чацвёра, двое — студэнты, — гаворыць Алена Іванаўна Патапенка.

Пакуль я гутарыў з жывёлаводамі, нейкі малады хлопец на кані падвозіў і раздаваў зялёнку ў кармушкі жывёлы.

—Гэта мой старэйшы сын Андрэй, — гаворыць Аляксандр Белавусаў. — Студэнт чацвёртага курса Віцебскай ветакадэміі, будучы ветурач, у час канікулаў мне на ферме дапамагае.

У ходзе гутаркі высветлілася, што ў Аляксандра Белавусава вялікая падсобная гаспадарка. На сваім падвор’і ён разам з жонкай Нінай Уладзіміраўнай, якая працуе загадчыцай фермы, трымаюць чатыры каровы. Акрамя таго, Аляксандр Мікалаевіч знаходзіць час, каб штодзённа збіраць лішкі малака ў аднавяскоўцаў, на падвор’ях якіх 44 каровы.

—Калі ж вы паспяваеце ўсё гэта рабіць: працаваць за траіх на ферме, трымаць міні-ферму на падвор’і, ды яшчэ па сумяшчальніцтву працаваць малаказборшчыкам?

—Хочаш жыць — умей круціцца. Дзяцей у мяне па сённяшніх мерках поўная хата, іх на ногі трэба ставіць. Ды і дзеці дапамагаюць нам, — з усмешкай гаворыць Аляксандр Белавусаў.

—Іх дачка Ганна, якая вучыцца ў 11 класе ў гімназіі для адароных дзяцей ў пасёлку Акцябрскі Віцебскага раёна, адна можа падаіць чатыры каровы, — дадае Алена Патапенка.

У Алены Патапенка двое дзяцей — сын і дачка — працуюць у Мінску і завочна вучацца ў вышэйшых навучальных установах. Па двое дзетак ў Аляксандра Белавусава і Алены Патапенка яшчэ школьнікі.

Аляксандр Белавусаў і Алена Патапенка аднагодкі, выраслі на адной вуліцы ў вёсцы Дзяцель, разам ха-дзілі ў школу, а апошнія восем гадоў разам бездакорна працуюць на ферме. Вось такое, хоць і не сямейнае, але дружнае, працавітае звяно даглядае жывёлу на ферме ў вёсцы Каўровая. Менавіта на такіх працалюбівых людзях, як Аляксандр Мікалаевіч Белавусаў і Алена Іванаўна Патапенка, трымаецца вёска. Іх дзеці, як і бацькі, растуць працалюбівымі грамадзянамі нашай краіны.

Андрэй КВІР

One thought on “Лучшие дубровенские животноводы работают семьями

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *