Назад в прошлое: Дубровенцы взяли высоты Калининграда

Дубровно, Великая Отечественная война, Калининград, Калиниградская область, солдат, мирная жизнь, 1940-е

Дарога на Калінінград…

Шэсцьдзесят пяць гадоў таму, а дакладней 9 ліпеня 1946 года, Савет Міністраў БССР і ЦК КП(б)Б прынялі пастанову “Аб мерапрыемствах па засяленню раёнаў і развіццю сельскай гаспадаркі Калінінградскай вобласці”. Зразумела, што гэта пастанова была прынята ў адпаведнасці з рашэннямі саюзных органаў улады, а тут патрабавалася выкананне гэтых рашэнняў, што закранала і Дубровенскі раён.

Калінінградская вобласць з’явілася ў выніку перамогі Савецкага Саюза ў Вялікай Айчыннай вайне і перадачы яму горада Кёнігсберга і Усходняй Прусіі, пазней перайменаванымі ў горад Калінінград і Калінінградскую вобласць. Перайменаванне насіла масавы характар, і цяпер на карце вобласці мы чытаем назвы гарадоў Баграціёнаўск і Чарняхоўск, Гвардзейск і Савецк, Палеск і г.д. Тут ёсць сэнс вярнуцца некалькі назад, у апошні год Вялікай Айчыннай, падзеі якога былі і пераможнымі, і горкімі для нашых людзей.

…Паспяхова завяршылася Беларуская наступальная аперацыя “Баграціён”, якая пачыналася, у тым ліку, і на дубровенскай зямлі.

Войскі 3-га Беларускага фронта пад камандаваннем генерала арміі Івана Данілавіча Чарняхоўскага, працягваючы наступленне, дасягнулі цытадэлі варожай абароны — Усходняй Прусіі. У складзе фронта, акрамя іншых, — 11-я гвардзейская і 31-я арміі, якія вызвалялі Дубровенскі раён. Нямала тут воінаў — ураджэнцаў гэтага раёна. Ва Усходне-Прускай аперацыі (13 студзеня — 25 красавіка 1945 года) войскі 3-га Беларускага фронта нацэлены непасрэдна на Кёнігсберг.

Але на шляху дасягнення мэты склалі галовы тысячы савецкіх воінаў. Першым у гэтым спісе трэба назваць двойчы Героя Савецкага Саюза І.Д.Чарняхоўскага, чыё імя носіць цяпер былы прускі горад Інстэрбург.

Глыбокай удзячнасці і ўшанавання памяці заслугоўваюць і нашы землякі, хто не вярнуўся з тых чужых крывавых палёў Усходняй Прусіі.

Дубровно, Великая Отечественная война, Калининград, Калиниградская область, солдат, мирная жизнь, 1940-е

Дубровенцы ва Усходняй Прусіі

У кнізе-хроніцы “Памяць. Дубровенскі раён” у раздзеле “Воіны-землякі, якія загінулі ці прапалі без вестак…” толькі па горадзе Дуброўна знаходжу паўдзясятка прозвішчаў: Дарафееў Яфім Іларыёнавіч, Калько Андрэй Ягоравіч, Касянкоў Сцяфан Іванавіч, Кляўца Пётр Цімафеевіч, Рулько Сяргей Іванавіч…

Перагортваю старонку за старонкай. Вёска Панізоўе былога Баеўскага сельсавета. Густа падкасіла смерць ва Усходняй Прусіі мужчын і хлопцаў з гэтай беларускай вёсачкі. Марчанка Міхаіл Фролавіч, Нікіценка Васіль Яўціхавіч, Рабкоў Павел Карпавіч, Рабкоў Панцялей Лукіч, Раманенка Уладзімір Рыгоравіч, Федчанка Рыгор Фокавіч.

Не вярнуліся адтуль воіны і ў іншыя нашы вёскі.

І вось што я адзначыў: амаль усе з тых, хто тут названы, былі такога года нараджэння, які на пачатак вайны быў яшчэ не прызыўны, і нават 1926-га — апошняга прызыўнога года, які яшчэ прыняў удзел у баявых дзеяннях на франтах Вялікай Айчыннай.

Вельмі кароткай — і жыццёвай, і ваеннай — была іх дарога, якая абарвалася так незадоўга да перамогі. Загінулі і былі пахаваны яны ў розных мясцінах Усходняй Прусіі. (Краязнаўца Аляксей Якаўлевіч Гаўруцікаў сабраў да ведама родных і блізкіх загінуўшых савецкія назвы тых населеных пунктаў, за што яму вялікі дзякуй).

Дубровно, Великая Отечественная война, Калининград, Калиниградская область, солдат, мирная жизнь, 1940-е

Перасяленне

…І вось згаданая пастанова Савета Міністраў БССР і ЦК КП(б)Б. Для яе выканання ў абласных цэнтрах ствараюцца аддзелы па перасяленню і рэпатрыяцыі, у раённых — камісіі па адбору перасяленцаў.

У створанай Калінінградскай вобласці карэннае насельніцтва ў асноўнай масе пры савецкай уладзе жыць не жадае, а хутары і цэлыя пасёлкі пуставаць не павінны. І зямля, што само сабой зразумела.

Пастанова выконваецца, 1946-1947 гады — пачатак інтэнсіўнага засялення Калінінградскай вобласці перасяленцамі з Беларусі. Адбор праводзіўся на добраахвотных пачатках, але перавага аддавалася дэмабілізаваным воінам і лепшым калгаснікам.

Лёгка дапусціць думку, што сярод франтавікоў былі і тыя, хто ўжо прайшоў па тых мясцінах з баямі. Вайна-вайной, але на парадак у чужой краіне яны паглядзелі. Адначасова з прынцыпам добраахвотнасці існавала патрабаванне, каб у сям’і перасяленцаў было не менш двух працаздольных.

Была і разнарадка. З Дубровенскага раёна планавалася перасяліць у Калінінградскую вобласць 40 сем’яў калгаснікаў. Але і тут не дапускалася бязладдзя — у агульнай колькасці павінна быць па адной сям’і старшыні калгаса, загадчыка фермы, брыгадзіра паляводчай брыгады, рахункавода.

Далей ішлі механізатары, жывёлаводы, паляводы. Як бачыце, і тут ніякай выпадковасці: з адной мясцовасці фарміравалася як бы невялікая сельгасарцель (пасля вайны ў нас яшчэ так часта называліся калгасы).

Дубровно, Великая Отечественная война, Калининград, Калиниградская область, солдат, мирная жизнь, 1940-е

Пры тых умовах існавання і развіцця нашых беларускіх калгасаў (і бяскорміца, і бясхлебіца, і вострая няхватка жылля) для перасяленцаў прадугледжваліся заманлівыя льготы. Перш за ўсё — бясплатны праезд, правоз жывёлы і маёмасці да двух тон. А ўжо там калгаснікам выдзялялі ў асабістую ўласнасць цэлае падвор’е (вядома, пакінутае былымі гаспадарамі).

Аднаразовыя бязвыплатныя грашовыя дапамогі на галаву і кожнага члена сям’і (адпаведна 1000 і 300 рублёў), вызваленне на тры гады ад розных відаў падаткаў, якіх тады было нямала, магчымасць узяць крэдыт на будаўніцтва і рамонт жылля, 3000 бязвыплатных рублёў на набыццё жывёлы — людзі старэйшых пакаленняў могуць ацаніць, што гэта такое. Спецыялісты сельскай гаспадаркі мелі яшчэ большыя льготы.

А працаваць, каб жыць, трэба ўсюды. І Прыбалтыка, згадзіцеся, гэта не такі ўжо далёкі і не суровы край. Гэтым, пэўна, у значнай ступені тлумачыцца тое, што, згодна з пастановай камісіі Дубровенскага райвыканкама, прынятай 12 верасня 1946 года, у планавым парадку дазволена было перасяленне 51 сям’і. Толькі ў жніўні таго года з Дубровеншчыны на пастаяннае месца жыхарства ў Калінінградскую вобласць выехалі 187 чалавек. Хоць перасяленне было добраахвотнае, але ехалі, як правіла, найбольш моцныя працаздольныя сем’і.

Ехалі на доўгае і мірнае жыццё на той зямлі, якая была зусім нядаўна шчодра паліта крывёю іх землякоў, каб цяпер гэтая зямля давала дубровенцам-беларусам багаты каравай і дабрабыт, каб раслі там дзеці і ўнукі.

Сувязі паміж тымі, хто заставаўся і хто паехаў, не парываліся, думаецца, яны не парываюцца і цяпер.

Фёдар КУЛАКОЎ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *