Дубровенцу помогла попасть на Доску Почёта сибирская закалка

Дубровно, строитель, Макаров, Сибирь, ПМК-53, маляр-штукатурщик

Трапіць на раённую Дошку Гонару за старанную працу, безумоўна, вялікае дасягненне для любога працаўніка. А для маладога, тым больш.

Дзмітрыю Васільевічу Макараву, тынкоўшчыку-маляру ПМК-53, нядаўна споўнілася 29 гадоў і працуе ён у будаўнічай арганізацыі не так даўно — з сакавіка 2009 года. Тым не менш, нягледзячы на маладосць і невялікі стаж работы, яго партрэт у маі гэтага года быў занесены на раённую Дошку Гонару. Чым жа вызначыўся малады будаўнік?

—Перш за ўсё добрасумленнымі і стараннымі адносінамі да працы, — гаворыць выконваючы абавязкі начальніка ПМК-53 Юрый Здзіслававіч Крывашонак. — Акрамя таго, ён ня-дрэнны майстар свай справы, валодае добрымі арганізатарскімі здольнасцямі, карыстаецца павагай і аўтарытэтам сярод членаў брыгады тынкоўшчыкаў-маляроў, якую ўзначальвае. На работу брыгады няма нараканняў. Дзмітрый Васільевіч Макараў хоць і малады, але па праву лічыцца адным з лепшых працаўнікоў нашай арганізацыі.

Характэрна, што Дзмітрый Макараў не мае спецыяльнай адукацыі будаўніка, прафесію тынкоўшчыка ён асвоіў самастойна.

Пасля заканчэння 9 класаў Асінторфскай сярэдняй школы Дзмітрый Макараў пайшоў вучыцца ў Дубровенскі прафтэхліцэй. У 2000 годзе атрымаў дыплом майстра сельгасвытворчасці. Некалькі гадоў працаваў слесарам па тэхнічнаму абслугоўванню абсталявання на свінагадоўчым комплексе ў філіяле «Баграціёнаўскі», пэўны час выконваў абавязкі лесніка ў Асінторфскім лясніцтве, а потым разам з групай маладых, як сам, хлопцаў, падаўся на заробкі ў Цюменскую вобласць.

У горадзе Белаярскі ўладкаваўся на працу ў будаўнічую фірму, якая прадаставіла жыллё. Спачатку быў вучнем тынкоўшчыка-маляра. Асвоіўшы новую для сябе прафесію, Дзмітрый на працягу пяці гадоў вахтавым метадам працаваў будаўніком у Сібіры, прымаў удзел у будаўніцтве жылля і вытворчых аб’ектаў. Там яму быў прысвоены 4 разрад тынкоўшчыка-маляра.

Падзарабіўшы грошай, ён вярнуўся ў Асінторф. У сакавіку 2009 года, прачытаўшы аб’яву ў раённай газеце, што ПМК-53 патрэбны тынкоўшчыкі, уладкаваўся на працу ў гэту арганізацыю. З цягам часу Дзмітрыя, як добрасумленнага працаўніка і добрага спецыяліста, кіраўніцтва ПМК-53 прызначыла брыгадзірам тынкоўшчыкаў-маляроў.

Брыгада Дзмітрыя Макарава да апошняга часу займалася правядзеннем аддзелачных работ у дамах, якія ўзводзіла ПМК-53 у сельскіх населеных пунктах. Нараканняў на работу тынкоўшчыкаў не было. У апошні час у сувязі са спыненнем фінансавання будаўніцтва жылля аб’ём работ скараціўся. Таму я пацікавіўся ў Дзмітрыя Макарава аб яго далейшых планах.

—Будзем працаваць, як і раней. Зараз займаемся рамонтам памяшканняў на базе арганізацыі, а потым, спадзяюся, што кіраўніцтва знойдзе для нас работу не ў нашым раёне, дык за яго межамі. Без справы сядзець не будзем, — адзначыў у заключэнне Дзмітрый Макараў.

Андрэй КВІР

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *