В Дубровно производят свои ПИ-трубы

Дубровно, Беларусь, частный бизнес, завод теплотехнических изделий, год предприимчивости, Пи-трубы

Рэаліі Дырэктывы № 3

Жыхары некаторых шматкватэрных дамоў у зімовы перыяд скардзяцца на невыкананне нарматываў па падачы цяпла ў жылыя памяшканні. Адной з прычын такой сітуацыі з’яўляюцца значныя страты цеплавой энергіі ў сістэме цеплавых сетак ад кацельні да канкрэтнага дома.

У апошнія гады ў рамках рэалізацыі Дырэктывы № 3 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па эканоміі і зберажэнню энергарэсурсаў у нашым раёне прымаюцца пэўныя меры па вырашэнню гэтай вострай сацыяльнай праблемы.

Замест старых зношаных цеплавых сетак, якія ўяўляюць сабой металічныя трубы рознага дыяметра, заізаляваныя шкловалакном, укладваюцца новыя энергазберагальныя ПІ-трубы і трубы ізапрафлекс, якія даўгавечныя і практычна не дапускаюць страт цеплавой энергіі пры падачы яе спажыўцам.

Спецыялісты УП ЖКГ “Дуброўна-Камунальнік” паведамілі, што за апошнія гады ў нашым раёне праведзены капітальны рамонт цепласетак працягласцю 8,8 кіламетра ў аднатрубным вылічэнні, у тым ліку ўкладзена 2450 пагонных метраў ПІ-труб і 6352 метры труб ізапрафлекса. Усяго ж у раёне працягласць цепласетак у сістэме жыллёва-камунальнай гаспадаркі складае каля 25 кіламетраў.

Гэта значыць, што патрабуецца яшчэ замена зношаных труб цепласетак на новыя энергазберагальныя ПІ-трубы і ізапрафлекс працягласцю каля 16000 метраў. Замена старых цепласетак на новыя энергазберагальныя дазволіць не толькі эканоміць значную колькасць энергарэсурсаў, але і захоўваць нарматывы падачы цяпла спажыўцам.

Нямногія нашы чытачы ведаюць, што энергазберагальныя ПІ-трубы вырабляюцца на адным з прадпрыемстваў нашага горада. Вырабам гэтай неабходнай перш за ўсё для жыллёва-камунальнай гаспадаркі прадукцыі займаецца ЗАТ “Завод цеплатэхнічных вырабаў”.

Дубровно, Беларусь, частный бизнес, завод теплотехнических изделий, год предприимчивости, Пи-трубы

Перспектыўнае прадпрыемства раёна

Нядаўна мне давялося пабываць у гэтым прыватным прадпрыемстве. Завод цеплатэхнічных вырабаў размяшчаецца ў адным з памяшканняў арачнага тыпу на базе былой райсельгасхіміі ў канцы Дуброўна.

Зайшоўшы ў памяшканне, я звярнуў увагу на тое, што значная частка яго занята поліэтыленавымі і стальнымі трубамі рознага дыяметра.

—Стальныя і поліэтыленавыя трубы з’яўляюцца асновай для вырабу энергазберагальных ПІ-труб, — тлумачыць начальнік вытворчасці завода Аляксандр Уладзіміравіч Фядорын.

Наша размова з Аляксандрам Фядорыным адбылася ў невялікім пакойчыку, які абсталяваны тут жа, у арачніку, дзе адбываецца ўвесь працэс па вырабу ПІ-труб. Ён расказаў, што завод пачаў даваць прадукцыю ў сакавіку 2007 года, офіс прадпрыемства знаходзіцца ў Мінску. Там жа працуе і дырэктар завода Канстанцін Іванавіч Лукашэвіч.

Штодзённае аператыўнае кіраўніцтва вытворчым працэсам на заводзе ажыццяўляюць начальнік вытворчасці Аляксандр Уладзіміравіч Фядорын і майстар Міхаіл Уладзіміравіч Бобрык. Бухгалтарскі ўлік вядзе Валянціна Іванаўна Белкіна.

Аляксандр Уладзіміравіч Фядорын пазнаёміў мяне з тэхналагічным цыклам вырабу ПІ-труб і фасонных вырабаў (адводаў, кранаў, трайнікоў). Дыяметр ПІ-труб і фасонных вырабаў — ад 32 да 345 міліметраў. Значную частку памяшкання займаюць розныя станкі, тэхналагічная лінія па вырабу ПІ-труб.

—Вось такога станка няма ні на адным прадпрыемстве горада. Гэта адразны станок, якім можна рэзаць нават стальныя трубы, — гаворыць Аляксандр Фядорын і паказвае на станіну, на якой, на першы погляд, замацавана звычайная нажоўка. — А гэта залівачная машына з камп’ютарным кіраваннем, з дапамогай якой запаўняецца спецыяльнай масай поласць паміж стальной і поліэтыленавай трубамі і кіруе працэсам аператар Аляксандр Лапеза, — працягвае знаёміць мяне з тэхналагічным абсталяваннем па выпуску ПІ-труб начальнік вытворчасці.

На заводзе ёсць рознага прызначэння зварачныя апараты, якімі можна зварваць і метал, і поліэтыленавыя трубы. Без гэтых апаратаў пры вырабе фасонных вырабаў не абысціся. І прафесія электрагазазваршчыка тут адна з галоўных, а на заводзе працуюць 25 чалавек.

Дубровно, Беларусь, частный бизнес, завод теплотехнических изделий, год предприимчивости, Пи-трубы

—Колькі ж ПІ-труб у год выпускае ваш завод? — пацікавіўся я ў Аляксандра Фядорына.

—25-30 кіламетраў, хаця магчымасці значна вышэйшыя.

—Што ж перашкаджае працаваць на поўную магутнасць?

—Па-першае, недахоп кваліфікаваных кадраў. Нам патрэбны слесары, электразваршчыкі, проста рабочыя. Пры неабходнасці мы дапаможам асвоіць спецыяльнасць. Галоўнае патрабаванне да кадраў на нашым заводзе: чалавек павінен добрасумленна працаваць, не мець шкодных звычак.

Па-другое, недахоп грошай у многіх нашых кліентаў. Як правіла, мы працуем на заказ. Але спажыўцы труб далёка не заўсёды свое- часова разлічваюцца за тавар. У нас жа па гэтай прычыне ўзнікае дэфіцыт абаротных сродкаў, мы не можам у неабходным аб’ёме купіць матэрыялы для вырабу ПІ-труб і фасонных вырабаў.

Вось і сёння, як бачыце, далёка не ўсе нашы рабочыя заняты работай, бо няма неабходнага дыяметра стальных труб. Калі ўсе неабходныя матэрыялы ёсць, то заводскі канвеер працуе без перапынку і ўсе загружаны работай. Іншы раз дамаўляемся з прадпрыемствамі, каб яны нам пералічвалі пэўную суму грошай авансам, а мы ім вырабляем трубы па-за чаргой.

Словам, нашаму заводу, як і іншым прадпрыемствам краіны, даводзіцца працаваць у складанай фінансавай сітуацыі.

Дубровно, Беларусь, частный бизнес, завод теплотехнических изделий, год предприимчивости, Пи-трубы

—Прадпрыемствы Дуброўна купляюць у вас прадукцыю?

—У асноўным фасонныя вырабы набываюць. У мінулым годзе УП ЖКГ “Дуброўна-Камунальнік” браў ПІ-трубы, сёлета заявак на такую прадукцыю ад дубровенцаў не было.

—Хто ж купляе вашу прадукцыю?

—Геаграфія паставак ПІ-труб і фасонных вырабаў шырокая. Наш завод працуе па дзяржзаказах, вырабляя прадукцыю для дзяржаўных прадпрыемстваў. Пераважна заказы на гэтую прадукцыю паступаюць ад камунальшчыкаў розных раёнаў Віцебшчыны і, у першую чаргу, ад віцебскіх цепласетак. Ёсць заяўкі з Магілёўшчыны і іншых абласцей краіны.

Патрэба ў энергазберагальных Пі-трубах у нашай краіне вельмі вялікая. Многія цеплавыя сеткі даўно патрабуюць капітальнага рамонту, у тым ліку і ў Дубровенскім раёне. Вялікая патрэба ў ПІ-трубах існуе і ў Расіі, у прыватнасці, у суседняй з намі Смаленшчыне. Без замены старых зношаных цепласетак на энергазберагальныя ПІ-трубы і ізапрафлекс адчувальнай эканоміі энергарэсурсаў не дабіцца.

—Кіраўніцтва вашага завода не плануе далейшага расшырэння прадпрыемства?

—Такія планы ёсць, але іх ажыццяўленню пакуль перашкаджае сёлетні фінансавы крызіс у краіне. Ужо дасягнута дамоўленасць з кіраўніцтвам раёна і райаграсэрвісу аб тым, што наш завод возьме ў арэнду другое памяшканне мехмайстэрні былой райсельгасхіміі, якое размешчана побач з заводам.

Праўда, для таго, каб паставіць туды абсталяванне па выпуску ПІ-труб, неабходна правесці капітальны рамонт будынка, на што патрэбна кругленькая сума грошай. У сённяшніх эканамічных умовах у завода пакуль няма магчымасці выдзеліць сродкі на рамонт памяшкання і закупку неабходнага абсталявання.

Як будзе разгортвацца сітуацыя далей, пакажа час. Пакуль жа кіраўніцтва нашага завода імкнецца задзейнічаць усе рэзервы для поўнай загрузкі існуючых вытворчых магутнасцяў завода.

Дубровно, Беларусь, частный бизнес, завод теплотехнических изделий, год предприимчивости, Пи-трубы

Пазіцыя мясцовага кіраўніцтва

Пасля гутаркі з Аляксандрам Уладзіміравічам Фядорыным, я пацікавіўся ў намесніка старшыні райвыканкама Мікалая Мікалаевіча Рандарэвіча, які курыруе пытанні развіцця гандлю і прамысловасці і прыватнага бізнесу, хто ініцыятар стварэння завода цеплатэхнічных вырабаў.

—Кіраўніцтва нашага раёна, — гаворыць Мікалай Мікалаевіч Рандарэвіч. — У гэтай справе нам дапамог былы начальнік абласнога ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі, цяпер Міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй Віктаравіч Шорац, які ў той час быў дэпутатам абласнога Савета ад Дубровенскай выбарчай акругі. Па нашай просьбе ён прапанаваў прадпрымальным людзям з Мінска стварыць завод цеплатэхнічных вырабаў не ў Віцебску, як планавалася спачатку, а ў Дуброўна, і тыя пасля прыезду ў наш горад далі згоду на адкрыццё завода ў Дуброўна.

—Мікалай Мікалаевіч, якая практычная карысць завода цеплатэхнічных вырабаў для нашага раёна?

—Па-першае, гэта новыя рабочыя месцы, што нямалаважна ва ўмовах, калі пэўная колькасць людзей у горадзе не мае пастаяннага месца работы.

Па-другое, завод плаціць у раённы бюджэт адчувальную суму грошай у выглядзе падаткаў.

Па-трэцяе, калі ўзнікае крытычная сітуацыя з заменай старых зношаных цепласетак, а ў раённым бюджэце ў гэты час няма грошай, завод выдзяляе ПІ-трубы ў доўг на пэўны час.

І, па-чацвёртае, завод выпускае прадукцыю ў памяшканні, якое пуставала і з цягам часу магло прыйсці ў непрыгоднасць для далейшай эксплуатацыі. Завод падтрымлівае памяшканне ў рабочым стане, нядаўна тут замянілі ваконныя рамы. Акрамя таго, плаціць райаграсэрвісу за яго выкарыстанне арэндную плату.

Так што стварэнне прыватных прадпрыемстваў у горадзе — выгадная справа як у эканамічным, так і сацыяльным плане.

На сённяшні дзень у нашым раёне зарэгістраваны 174 індывідуальныя прадпрымальнікі. Ажыццяўляюць дзейнасць 28 прыватных унітарных прадпрыемстваў, 5 сялянскіх фермерскіх гаспадарак. Адлічэнні прыватнага бізнесу ў раённы бюджэт у выглядзе падаткаў складаюць 14,2 працэнта ад усіх паступленняў у бюджэт.

Стварэнне прыватных прадпрыемстваў, і, у першую чаргу, па вырабу прадукцыі, неабходнай у нашай краіне, справа, якую падтрымліваюць Прэзідэнт і ўрад краіны. На гэта накіравана Дырэктыва “Аб развіцці ініцыятывы і стымулявання дзелавой актыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь”, якая падпісана Прэзідэнтам краіны 31 снежня 2010 года.

Кіраўніцтва нашага раёна імкнецца стварыць спрыяльныя ўмовы для развіцця прыватнага бізнесу. Ставіцца задача, каб доля падаткаў прыватнага бізнесу складала каля 30 працэнтаў ад усёй сумы падаткаў, якія паступаюць у раённы бюджэт.

Андрэй КВІР

2 thoughts on “В Дубровно производят свои ПИ-трубы

  • 03.10.2011 в 9:55 пп
    Permalink

    А почему Ваши люди, котороые работают на Ваш имидж, без спецодежды? Или они несгораемы, а только Вы горите на своей РАБОТЕ?????????????????

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  • 05.10.2011 в 7:27 дп
    Permalink

    Молодец, Андрей, вы очень наблюдательный читатель. А ребята без спецодежды по случаю позирования перед фотокамерой:) В остальное время они — строго по спецодежде)))

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *