Дубровенец Владимир Молчанов посвятил 40 лет мелиорации

Дубровно, Беларусь, мелиорация, Владимир Молчанов, 70 лет, юбилей, руководитель, жизнь, босс

Сёння ў дырэктара УП “Дубровенскае ПМС”  Уладзіміра Еўдакімавіча Малчанава юбілей — яму спаўняецца 70 гадоў, 38 з якіх ён нязменна, з дня заснавання ПМК-39 (так раней называлася гэтая арганізацыя) кіруе прадпрыемствам. Відавочна, у раёне няма чалавека, які бы столькі гадоў паспяхова працаваў кіраўніком буйной арганізацыі. Незадоўга да юбілею Уладзіміра Малчанава, я наведаў прадпрыемства меліярацыйных сістэм.

Мая гутарка з юбілярам адбылася ў яго рабочым кабінеце. Перагарнуўшы лісток настольнага календара, Уладзімір Еўдакімавіч з усмешкай заўважыў:

—Сёння 16 жніўня… Якраз 16 жніўня 1968 года мяне прызначылі на пасаду прараба Дубровенскага ўчастка Высокаўскай ПМК-38. З гэтага дня пачалася мая працоўная дзейнасць у сферы меліярацыі зямель, якая амаль увесь час была звязана з роднай для мяне Дубровеншчынай. А гэта нямала — 43 гады.

Павіншаваўшы Уладзіміра Еўдакімавіча з гэтай, хай і не круглай, гадавінай працы ў меліярацыі, я папрасіў яго расказаць, што спрыяла выбару такой нялёгкай прафесіі.

Дубровно, Беларусь, мелиорация, Владимир Молчанов, 70 лет, юбилей, руководитель, жизнь, босс

Шлях у прафесію

Нарадзіўся Уладзімір Еўдакімавіч Малчанаў у жніўні 1941 года ў горадзе Дуброўна. Пасля заканчэння сярэдняй школы пэўны час шукаў сваю жыццёвую дарогу, сваё прызванне. Спачатку працаваў малатабойцам і грузчыкам у раённай сельгастэхніцы. У 1959 годзе па накіраванню райсельгастэхнікі стаў курсантам Друйскага тэхвучылішча № 11, якое скончыў у 1960 годзе і набыў рэдкую па тым часе спецыяльнасць машыніста экскаватара.

Тры гады працаваў Валодзя Малчанаў у райсельгастэхніцы машыністам экскаватара, у асноўным займаўся пракладкай асушальных каналаў. Але адчуваў, што быць машыністам экскаватара — добра і важна, ды гэта не яго вышыня.

Аднойчы на стэндзе аб’яў райсельгастэхнікі ён прачытаў аб’яву, што Беларуская сельгасакадэмія аб’яўляе прыём слухачоў на падрыхтоўчыя курсы для паступлення ў акадэмію. І Валодзя Малчанаў вырашыў паступаць туды на гідрафак. Аб будучай сваёй прафесіі ўяўленне ўжо меў, бо працаваў экскаватаршчыкам і займаўся асушэннем зямель.

Праўда, жаданне маладога працаўніка вучыцца ў вышэйшай навучальнай установе тагачасны кіраўнік райсельгастэхнікі спачатку ўспрыняў у штыкі. Пераконваў юнака ў тым, што, маўляў, навошта табе, Валодзя, вышэйшая адукацыя. “Вось я не маю спецыяльнай адукацыі, а кірую такой вялікай арганізацыяй”.

Вельмі не хацелася кіраўніку райсельгастэхнікі адпускаць працавітага хлопца з рэдкай па тым часе прафесіяй. Кім яго замяніць? І толькі пасля настойлівай падтрымкі аднаго з галоўных спецыялістаў арганізацыі, Валодзю Малчанава адпусцілі вучыцца ў акадэмію.

У 1963 годзе ён паспяхова здаў уступныя экзамены і стаў студэнтам гідрамеліярацыйнага факультэта Белсельгасакадэміі.

Студэнцкія гады праляцелі хутка і летам 1968 года Уладзімір Малчанаў з дыпломам інжынера-меліяратара ў кішэні прыехаў па размеркаванні ў Высокаўскую ПМК-38, якая вяла асушэнне зямель у трох раёнах (Аршанскім, Дубровенскім і Талачынскім) і мела тры вытворчыя ўчасткі.

Уладзіміра Малчанава накіравалі на працу на самы буйны — Дубровенскі ўчастак на пасаду прараба. Гэтаму, па словах Уладзіміра Еўдакімавіча, паспрыяла настойлівая просьба аўтарытэтнага спецыяліста-раймеліяратара Дубровенскага раёна Аляксандра Фёдаравіча Будаёва, які добра ведаў Уладзіміра Малчанава і разумеў, што з яго атрымаецца талковы спецыяліст, а ў перспектыве — і кіраўнік.

Тры гады малады інжынер-меліяратар Уладзімір Малчанаў паглыбляў веды, атрыманыя ў акадэміі, на практыцы па асушэнню зямель на роднай Дубровеншчыне.

—У першыя гады працы на пасадзе прараба мне давялося кіраваць работамі па асушэнню пераўвільготненых зямель на тэрыторыі саўгасаў “Прыдняпроўскі” і “Арловічы”. Агульная плошча меліярацыйнага аб’екта складала 1620 гектараў. Работы па асушэнню зямель на такой вялікай плошчы правялі за два гады, — успамінае Уладзімір Еўдакімавіч Малчанаў.

На маладога, ініцыятыўнага прараба Уладзіміра Малчанава з цягам часу звярнула ўвагу кіраўніцтва вышэйстаячай арганізацыі. І ў 1971 годзе яго прызначылі на пасаду галоўнага інжынера Высокаўскай ПМК-38. А праз тры гады, у пачатку 1974 года, калі было прынята рашэнне аб стварэнні новай меліярацыйнай арганізацыі — Дубровенскай ПМК-39, яе кіраўніком прызначылі Уладзіміра Еўдакімавіча Малчанава, якому тады было 32 гады.

Дубровно, Беларусь, мелиорация, Владимир Молчанов, 70 лет, юбилей, руководитель, жизнь, босс

Станаўленне

—Я прыступіў да выканання абавязкаў начальніка ПМК-39 23 студзеня 1974 года, — апавядае Уладзімір Еўдакімавіч. — Пачынаць стварэнне арганізацыі давялося па сутнасці з нуля. На месцы, дзе размяшчаецца база нашай арганізацыі, быў адпрацаваны і рэкультываваны кар’ер. На гэтым пустыры будаўнікі Аршанскага трэста № 18 і Дубровенскага “Міжкалгасбуда” ўзводзілі рамонтныя майстэрні, гаражы, адміністрацыйны будынак. Паралельна за дзяржаўныя сродкі нам пачалі пастаўляць новую меліярацыйную тэхніку, фарміраваўся калектыў меліяратараў. Частку памяшканняў на вытворчай базе, у прыватнасці арачную рамонтную майстэрню, якая цяпер размешчана на тэрыторыі вытворчага ўчастка “Віцебскснабмеліяводгас”, пабудавалі ўласнымі сіламі.

Жалезабетонныя канструкцыі на “Кіраўцах” вазілі аж з Бабруйска.

Добраўпарадкаванне тэрыторыі базы — таксама справа рук нашых працаўнікоў. З цягам часу мы стварылі ўласную магутную будаўнічую брыгаду, якая выконвала вялікі аб’ём работ па будаўніцтву жылля і сацыяльных аб’ектаў. Пабудавалі ўласную пілараму, а ў васьмідзесятыя гады нават уласны асфальтны завод. Але галоўнай дзейнасцю працаўнікоў нашай арганізацыі, зразумела, было асушэнне пераўвільготненых зямель…

Уладзімір Еўдакімавіч расказаў, што ў 70-80-я гады мінулага стагоддзя ПМК-39 штогод у сярэднім выконвала аб’ёмы работ на 3 мільёны рублёў. Гэта вельмі вялікая па тым часе сума. У сярэднім за год дзякуючы добра адладжанай арганізацыі работ на аб’ектах і руплівай працы пераважнай большасці меліяратараў, у калгасах і саўгасах уводзілася ў севазварот каля 1000 гектараў меліяраваных зямель.

Паралельна з работамі па асушэнню пераўвільготненых зямель меліяратары штогод пракладвалі па 20-25 кіламетраў унутрыгаспадарчых дарог, якія, вобразна кажучы, і па сённяшні дзень з’яўляюцца надзейнымі артэрыямі жыццядзейнасці сельгаспрадпрыемстваў.

У 70-80-я гады калектыў меліяратараў быў адзін з самых вялікіх у раёне: тут працавалі каля 300 чалавек.

Цякучасць кадраў была невялікая. Гэтаму спрыялі добрыя бытавыя ўмовы працы: на аб’ектах былі абсталяваны палявыя станы, сталоўкі, дзе харчаваліся меліяратары, нават спартыўныя пляцоўкі. Дастаўлялі на работу і з работы рабочых на транспарце арганізацыі. І самае галоўнае было тое, хто добра працаваў, той добра зарабляў.

У выніку з году ў год арганізацыя пад кіраўніцтвам Уладзіміра Малчанава перавыконвала даведзеныя планы па меліярацыі зямель і іншых вытворчых паказчыках, пра што на старонках “Дняпроўскай праўды” расказвалася рэгулярна. І кароткія інфармацыі, і салідныя артыкулы, як правіла, былі станоўчыя, у якіх паведамлялася аб працоўных буднях і поспехах меліяратараў, расказвалася пра лепшых працаўнікоў арганізацыі.

Стабільнасці калектыву і стараннай працы большасці работнікаў спрыяла і тое, што ў арганізацыі асаблівую ўвагу ўдзялялі забеспячэнню рабочых жыллём. З цягам часу практычна кожная сям’я меліяратараў мела кватэру ці асобны дом, якія арганізацыя пабудавала ўласнымі сіламі.

Усё гэта можна занесці ў актыў кіраўніка арганізацыі Уладзіміра Еўдакімавіча Малчанава, які падняў арганізацыю, можна сказаць, з нуля на высокі ўзровень развіцця, і яна па праву з’яўлялася і з’яўляецца па сённяшні дзень адной з лепшых у аб’яднанні “Віцебскводмеліягас”.

І ўсё ж нярэдка ў бок меліяратараў ляцяць крытычныя стрэлы, што, маўляў, меліярацыя іншы раз праводзілася там, дзе гэта рабіць было неабавязкова. Мяне цікавіла, што наконт гэтага думае чалавек, які справе меліярацыі прысвяціў амаль усё сваё працоўнае жыццё.

—Я згодны, што ў многіх выпадках трэба было весці не суцэльнае асушэнне зямель, а частковае. Так мы зрабілі ў адной з гаспадарак раёна, але мяне так “паправілі”, што адбілі ахвоту ў далейшым адступаць ад праектаў. Я згодны, што дарэмна “закапалі” ў зямлю нямала грошай. Навошта закладваць дрэнаж на пагорках, дзе суха. Але хто хоча прыслухоўвацца да меркавання непасрэдных выканаўцаў работ, — гаворыць Уладзімір Еўдакімавіч Малчанаў.

"Дубровно, Беларусь, мелиорация, Владимир Молчанов, 70 лет, юбилей, руководитель, жизнь, босс

Выпрабаванне часам

70-80-я гады можна назваць гадамі станаўлення росквіту ПМК-39, а злашчасныя 90-я — гадамі выпрабаванняў на трываласць арганізацыі, яго кіраўніка. Развал эканомікі вялікай краіны адмоўна адбіўся і на дзейнасці ПМК-39. Амаль цалкам спынілася дзяржаўнае фінансаванне меліярацыйных работ.

Каб не дапусціць развалу арганізацыі і хоць часткова зберагчы калектыў, Уладзіміру Еўдакімавічу Малчанаву ў перыяд хаоса і развалу эканомікі краіны даводзілася пастаянна шукаць аб’ёмы падрадных работ за межамі раёна, у іншых галінах вытворчасці і, нават, за межамі краіны — у Смаленскай вобласці.

Дзякуючы такой мэтанакіраванай, настойлівай і клапатлівай рабоце кіраўніка, арганізацыя меліяратараў выжыла, збераглі тэхніку — матэрыяльную аснову вытворчасці і, самае галоўнае, ядро калектыву.

І цяпер, калі дзяржава зноў меліярацыі зямель надае прыярытэтнае значэнне і на гэта выдзяляюцца значныя сумы грошай з бюджэту, Дубровенскае прадпрыемства меліярацыйных сістэм, як і раней, гатова выконваць дзяржаўныя заказы па правядзенню меліярацыйных работ, што і даказвае сёння на практыцы.

Так, у гэтым годзе на будаўніцтва, рэканструкцыю і абслугоўванне меліярацыйных сістэм з дзяржаўнага бюджэту выдзелена рэкордная за апошнія 15 гадоў сума грошай — каля 4 мільярдаў рублёў, што ў два разы больш, чым у мінулым годзе.

Сёлета меліяратары плануюць правесці рэканструкцыю існуючых меліярацыйных сістэм на 580 гектарах, яшчэ на 260 гектарах — аграмеліярацыйныя мерапрыемствы ці, лепш сказаць, бягучы рамонт.

Акрамя таго, упершыню за 15 гадоў Дубровенскае ПМС сёлета праводзіць на 57 гектарах новую меліярацыю зямель па поўнай праграме. Выкананне намечаных работ вядзецца ў вызначаныя тэрміны.

Пабываўшы ў пачатку лета на меліярацыйным аб’екце ў ААТ “Якубава-Агра”, дзе вялася рэканструкцыя існуючай меліярацыйнай сістэмы, я звярнуў увагу на тое, што меліяратарам даводзіцца працаваць на старых, вырабленых яшчэ ў савецкі перыяд гісторыі экскаватарах і бульдозерах, тэрмін эксплуатацыі якіх перавышае 20-25 гадоў. Сёння такой старой тэхнікі ў сельгаспрадпрыемствах амаль няма.

—Як жа вам удаецца падтрымліваць у спраўным стане машыны, якія адслужылі па 3 амартызацыйныя тэрміны? — такое пытанне я задаў аднаму з лепшых машыністаў аднакаўшовага экскаватара Дзмітрыю Хмарскаму.

—Гэта заслуга ў першую чаргу нашага паважанага кіраўніка арганізацыі. Уладзімір Еўдакімавіч Малчанаў праяўляе асаблівы клопат аб забеспячэнні неабходнымі запчасткамі, а таксама — майстроў-наладчыкаў Алега Казлова і Сяргея Матвеева, якія своечасова і якасна праводзяць тэхагляд меліярацыйных машын, а пры неабходнасці, аператыўна выязджаюць на аб’ект і дапамагаюць нам, машыністам, ліквідаваць няспраўнасці, — адзначыў Дзмітрый Хмарскі.

Тое ж самае пра доўгі век службы тэхнікі гаварыў мне падчас сустрэчы і начальнік вытворчага ўчастка Мікалай Пятровіч Крывец.

Варта адзначыць, што высокая тэхнічная гатоўнасць меліярацыйнай тэхнікі тут была заўсёды дзякуючы дакладнай рабоце службы па тэхнічнаму абслугоўванню машын.

Як расказаў мне аднойчы Сяргей Стэфанавіч Праскураў, які працаваў галоўным механікам у першыя гады існавання арганізацыі, служба па тэхнічнаму абслугоўванню машын у ПМК-39 была створана першай у раёне і заўсёды выконвала сваю работу належным чынам. Менавіта дзякуючы гэтаму, так доўга служаць меліярацыйныя машыны.

Зразумела, што нельга змяншаць заслугі ў гэтай справе і машыністаў экскаватараў і бульдозераў, якія дзесяткі гадоў працуюць на гэтай тэхніцы і беражліва адносяцца да яе эксплуатацыі.

І ўсё ж колькі не рамантуй тэхніку, а тэрмін яе эксплуатацыі абмежаваны. Таму ў меліяратараў востра наспела неабходнасць тэхнічнага абнаўлення. На сённяшні дзень арганізацыя мае толькі два новыя аднакаўшовыя экскаватары, аўтакран і аўтатралер для перавозкі тэхнікі, якія атрымалі за бюджэтныя сродкі ці па лізінгу.

Стабільнасць калектыву — гэта таксама адна з галоўных складаемых поспеху меліяратараў. З вялікім задавальненнем Уладзімір Еўдакімавіч называў прозвішчы спецыялістаў і радавых працаўнікоў, якія працуюць, як і ён сам, з дня заснавання арганізацыі ці прыйшлі сюды ў першыя гады яе дзейнасці.

Сярод іх прараб Мікалай Барычэўскі, дыспетчар Марыя Чысцякова, намеснік дырэктара Аляксей Шатраўка, брыгадзіры дрэнажных брыгад Валерый Пасканной і Мікалай Чапялоў, механізатары Анатоль Вуцянок і Анатоль Емяльянаў і іншыя.

"Дубровно, Беларусь, мелиорация, Владимир Молчанов, 70 лет, юбилей, руководитель, жизнь, босс

Падвядзём вынікі

З дня заснавання Дубровенскага прадпрыемства меліярацыйных сістэм мінула без малога 38 гадоў. Што зроблена за гэты час калектывам меліяратараў пад кіраўніцтвам Уладзіміра Еўдакімавіча Малчанава?

У нашым раёне на сённяшні дзень маецца 31,3 тысячы гектараў асушаных зямель сельскагаспадарчага прызначэння, у тым ліку 28,4 тысячы гектараў — з дрэнажом. Гэта 46 працэнтаў ад агульнай колькасці сельгасугоддзяў. На пераважнай большасці гэтых плошчаў меліярацыйныя работы выканалі дубровенскія меліяратары. Даўжыня меліярацыйных каналаў, пракапаных на асушаных землях, складае 595 кіламетраў. Паралельна з асушэннем зямель меліяратары пабудавалі 260 кіламетраў унутрыгаспадарчых дарог, якія, вобразна кажучы, з’яўляюцца артэрыямі жыццядзейнасці сельгаспрадпрыемстваў. Добраўпарадкаваныя тэрыторыі ферм у гаспадарках раёна за гады рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла — гэта таксама справа рук меліяратараў.

Нямала зроблена калектывам меліяратараў і па будаўніцтву жылля і сацыяльных аб’ектаў. Сіламі ўласнай будаўнічай брыгады арганізацыя пабудавала 270 кватэр і практычна забяспечыла кожную сям’ю меліяратараў жыллём. У арганізацыі былі свой дзіцячы сад, інтэрнат і сталовая.

Не менш важна і тое, што нягледзячы на палітычныя і эканамічныя катаклізмы ў нашай краіне ў апошнія дваццаць гадоў, арганізацыя меліяратараў не развалілася, выстаяла і пад умелым кіраўніцтвам Уладзіміра Еўдакімавіча Малчанава працягвае сваю дзейнасць у справе паляпшэння ўрадлівасці зямель, па-ранейшаму пракладвае дарогі (сёлета праз лясныя масівы Асінторфа).

Дзякуючы дзейнасці дубровенскіх меліяратараў да сотні гектараў пашырыліся многія палеткі, дзе сёння хлебаробы паспяхова выкарыстоўваюць магутную тэхніку.

І ў тым, што сёлета хлебаробы раёна вырасцілі рэкордны ўраджай збожжавых, ёсць пэўная заслуга Дубровенскага прадпрыемства меліярацыйных сістэм, якім кіруе без малога чатыры дзесяткі гадоў Уладзімір Еўдакімавіч Малчанаў.

За доўгія гады плённай працы Уладзімір Еўдакімавіч узнагароджваўся шматлікімі Ганаровымі граматамі і дыпломамі вышэйстаячых арганізацый і органаў улады, яму прысвоена ганаровае званне “Заслужаны меліяратар Рэспублікі Беларусь”. Сёлета яго партрэт занесены на раённую Дошку Гонару. І такога гонару ён удастойваўся неаднойчы.

Сёння мы шчыра віншуем Уладзіміра Еўдакімавіча з юбілеем! Жадаем яму моцнага здароўя на доўгія гады, сямейнага дабрабыту і працоўных поспехаў!

Андрэй КВІР

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *