Делегация Дубровенского района приехала с республиканского праздника «Дожинки-2010» с призами и наградами

Дожинки 2010, Лида.24 і 25 верасня на вуліцах гасціннай Ліды панавалі святочны настрой і ўрачыстасць. Тут прайшоў рэспубліканскі фестываль-кірмаш “Дажынкі-2010”. Свята ўраджаю ў нашай краіне праводзілася ў 14-ы раз. Яно стала традыцыйным і любімым у народзе.

Гэта падзея асаблівай важнасці — на самы высокі п’едэстал гонару ўзняты яго вялікасць хлеб і тыя, хто здабывае яго сваёй самаадданай працай.

Гасцінная, святочная Ліда прыняла з усіх куткоў Беларусі лепшых працаўнікоў аграпрамысловага комплексу.

Сярод удзельнікаў гэтага ўсенароднага свята і дэлегацыя нашага раёна, якую ўзначальвае старшыня райвыканкама Анатоль Іванавіч Лукашоў (на здымку ў цэнтры). У яе складзе першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віктар Мікалаевіч Прымак (трэці справа). Наш раён прызнаны пераможцам рэспубліканскага агляду-конкурсу “Землекарыстанне высокай культуры земляробства, добраўпарадкавання машынных двароў, жывёлагадоўчых ферм і комплексаў”. У складзе дэлегацыі таксама старшыня сельгаскааператыва “Гігант” Пётр Іванавіч Жарыкаў (трэці злева). Гаспадарка, якую ён узначальвае, заняла другое месца ў рэспубліканскім спаборніцтве па вытворчасці і нарыхтоўцы кармоў. На ўмоўную галаву жывёлы тут назапашана ўжо амаль па 29 цэнтнераў кармавых адзінак пры шчыльнасці жывёлы на 100 гектараў сельгасугоддзяў 60,4 галавы. 99 працэнтаў нарыхтаваных сенажу і сіласу адпавядаюць першаму класу.

У рангу пераможцы рэспубліканскага спаборніцтва сярод вадзіцеляў на перавозцы збожжа, якія працавалі на аўтамабілях грузападымальнасцю да 3,5 тоны, прыехаў на “Дажынкі” Святаслаў Валянцінавіч Паўлаў (другі злева) з СВК “Каманіна”. На аўтамабілі ГАЗ-53Б ён за жніво перавёз 1398 тон збожжа.

Другое месца ў рэспубліканскім спаборніцтве заняў маладзёжны экіпаж з СВК “Прыдубровенскі” ў складзе Дзмітрыя Чэкчыкава і Уладзіміра Дралава (адпаведна другі справа і крайні справа). На збожжаўборачным камбайне КЗС-1218 маладыя камбайнеры за сезон намалацілі 1244 тоны збожжа.

Трэцяе месца ў рэспубліканскім спаборніцтве сярод маладых вадзіцеляў заняў Валянцін Чаркасаў з КУСГП “Прыдняпроўскі” (крайні злева), які на аўтамабілі ГАЗ-САЗ-3507 перавёз 787 тон збожжа.

На галоўнай арэне “Дажынак” ва ўрачыстай абстаноўцы членам дэлегацыі раёна ўручаны заслужаныя ўзнагароды.

Па працы і пашана!

Тэкст і фота Андрэя КВІРА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *