Дубровенский депутат Раиса Стальченко держит своё слово

Дубровно, Беларусь, местное самоуправление, Стальченко, депутат, люди, власть, решение проблем, помощь

Самы лепшы сябра

Дэпутатам раённага Савета дэпутатаў па Кандрацьеўскай выбарчай акрузе № 9 Раіса Сяргееўна СТАЛЬЧАНКА (на здымку — другая злева) выбрана ў другі раз. И прычына гэтаму адна: у папярэдні тэрмін сваёй дэпутацкай дзейнасці жанчына дастойна абараняла інтарэсы сваіх выбаршчыкаў перад вышэйстаячымі органамі і службамі.

Вось што гаворыць адзін з тых выбаршчыкаў, хто аддаў свой голас за гэтага дэпутата, былы педагог Зінаіда Рыгораўна Пятроўская.

—Раіса Сяргееўна па жыцці нераўнадушны чалавек. Такой яна была ў школе, калі працавала ў Пірагоўскай дзесяцігодцы, такой застаецца і зараз, калі з’яўляецца старшынёй раённай ветэранскай арганізацыі. Да яе звяртаюцца і па роду яе грамадскай, і дэпутацкай дзейнасці. І яна не дзеліць людзей на сваіх і чужых. Ведаю, што старыя людзі правабярэжжа Дняпра часта яе называюць “наш дэпутат”, нягледзячы на тое, што ў іх ёсць свой дэпутат, які павінен выконваць іх наказы.

З новай аптэкай!

—У мікрараёне “Будаўнік”, — працягвае Зінаіда Рыгораўна, — раней ніколі не было аптэкі, хаця пытанне аб яе адкрыцці людзі ставілі не раз перад кампетэнтнымі службамі. Заўсёды атрымлівалі адзін і той жа адказ: улічваючы колькасны састаў насельніцтва ў райцэнтры, у Дуброўне немэтазгодна адкрываць яшчэ адну аптэку, лепш сказаць, яе філіял у Задняпроўі, тым больш, што на базе паліклінікі адкрыты аптэчны кіёск, які пры неабходнасці можа забяспечыць лякарствамі першай неабходнасці насельніцтва, якое пражывае ў раёне вуліцы Аршанская і прылеглых да яе вуліц і завулкаў.

Магчыма, тэарэтычна ўсё правільна. А практычна — не зусім. Не так проста дабрацца пенсіянеру з ускраіны у цэнтральную аптэку, асабліва зімой, у час галалёду, у мароз, восеньскую непагадзь ці зімовае бездарожжа.

Пастаралася Раіса Сяргееўна, якая данесла да кіраўнікоў кампетэнтных службаў нашы довады і аргументы, пераканала іх у мэтазгоднасці адкрыцця невялічкай аптэкі ў мікрараёне “Будаўнік”. Са снежня 2010 года многія жыхары мікрараёна карыстаюцца яе паслугамі.

Аўтобус пададзены!

А вось яшчэ адна добрая справа Раісы Сяргееўны Стальчанка.

—Няпроста мне было выканаць наказ выбаршчыкаў аб прадаўжэнні маршруту гарадскога аўтобуса да вуліцы імя Ю.Смірнова, — прызнаецца Раіса Сяргееўна. — Затое якое маральнае задавальненне атрымала, калі ўбачыла аднойчы раніцай людзей на аўтобусным прыпынку на нашай вуліцы і сам аўтобус, які зараз курсіруе рэгулярна тры разы ў дзень: раніцай, у абед і ў канцы рабочага дня.

Па ходу вырашэння пытання некалькі разоў даводзілася ўдакладняць з кіраўніцтвам аўтапарка расклад руху аўтобуса. Тлумная была справа. Затое цяпер расклад такі, што ён задавальняе ўсіх: дарослыя пасажыры паспяваюць на працу ў розныя канцы горада, а дзеці не спазняюцца на ўрокі.

Банк на месцы

Не без удзелу дэпутата Стальчанкі вырашалася пытанне ўстаноўкі на вуліцы Першамайская спачатку інфакіёска ААТ “Беларусбанк”, а пасля — пытанне аказання паслугі па прыёму аплаты за карыстанне тэлефонам у ашчаднай касе — філіяле банка па вуліцы Кандрацьева.

Рамонт без турбот

Выслухала я падзякі ў адрас дэпутата Раісы Сяргееўны Стальчанка ад пенсіянераў Віктара Елісеевіча Зубкова і Евы Аляксандраўны Рабцавай. Менавіта яны звярнуліся да яе па просьбе жыхароў дома, дзе яны пражываюць, каб дэпутат “протолкнула” пытанне аб рамонце даху дома. Стала будзіраваць яго і дэпутат раённага Савета Раіса Стальчанка. Вынік яе зваротаў відавочны: дах сіламі УП ЖКГ “Дуброўна-Камунальнік”, які знайшоў і грошы, і падрадчыка, капітальна адрамантавалі. Больш таго, праведзены рамонт ганкаў-уваходаў у пад’езды.

Людзі задаволены і мне прыемна, што ў гэтай іх радасці ёсць часцінка і майго ўкладу, — усміхаецца дэпутат Стальчанка.

У магазін з камфортам

У адным з апошніх зваротаў людзі прасілі дэпутата Стальчанку пасадзейнічаць у вырашэнні пытання з устаноўкай поручняў на ганках у магазінах, якія размешчаны ў 5-павярховым доме па вуліцы Кандрацьева. Ганкі высокія, па іх падняцца маладому няпроста, а старому чалавеку — тым больш. Перамовы з кіраўніцтвам УП “Дубровенская ПМК-53” прайшлі паспяхова. Поручні былі выраблены і ўстаноўлены.

Дапамогуць разам…

У другі аўторак кожнага месяца Раіса Сяргееўна Стальчанка вядзе прыём сваіх выбаршчыкаў у памяшканні УП “Дубровенскае ПМС”. Адначасова з ёй прымаюць тут сваіх выбаршчыкаў яшчэ два дэпутаты раённага Савета дэпутатаў: па Вакзальнай выбарчай акрузе № 8 — Дзмітрый Валер’евіч Лабуноў, дырэктар РВУ “Дуброўнарайгаз” і па Барадзінскай выбарчай акрузе №10 — Раман Леанідавіч Самажонаў, дырэктар унітарнага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі “Дуброўна-Камунальнік”. У такім тандэме зацікаўлены ўсе дэпутаты. Прымаючы людзей, яны могуць тут жа ўзгадняць многія пытанні, з якімі да іх звяртаюцца людзі, прымаць пэўныя меры ў кожнай сітуацыі.

Чарговыя пытанні…

Не так даўно не без умяшання дэпутата Раісы Стальчанка было вырашана пытанне з начным асвятленнем ля дома № 5 па вуліцы Кандрацьева, у стадыі вырашэння знаходзіцца пытанне пакрыцця дарогі па маршруце руху гарадскога аўтобуса да вуліцы імя Ю.Смірнова.

—Пытанне практычна было вырашана, — гаворыць Раіса Сяргееўна. — Былі выдзелены сродкі на рамонт участка дарогі. І зусім нядаўна іх перакінулі на іншыя, больш важныя мэты, — і паказвае мне афіцыйны адказ на свой зварот, падпісаны дырэктарам камунальнай службы, з якога сведчыць, што пры наяўнасці грошай у арганізацыі, рамонт дарогі будзе зроблены.

Мяне такі адказ не задавальняе. Зварот выбаршчыкаў буду агучваць на бліжэйшай сесіі раённага Савета дэпутатаў. На парозе восень, ідуць дажджы, дарога разбіваецца. Хутка вадзіцелі адмовяцца ездзіць па гэтаму маршруту. Будзем нешта думаць і рабіць, — заклапочана гаворыць Раіса Сяргееўна. — Мне неспакойна, і іншым спакою не дам.

Тое ж пацвярджаюць і жыхары мікрараёна, які ў народзе называюць “хутарам” — вуліцы імя Ю.Смірнова. Не так даўно там электрасетка мяняла электрычныя слупы. Работу выканалі, а начное асвятленне падключыць забыліся. Давялося “падключацца” дэпутату Раісе Стальчанка. Як заўсёды, пытанне вырашана станоўча.

Дэпутат — не проста «палачка-выручалачка»!

Каб не ўзнікла ў асобных чытачоў меркаванне, што дэпутат — гэта нейкая палачка-выручалачка, звярніся да якой — усё як па шчупаковаму загаду збудзецца, прывяду наступны прыклад.

—У маёй дэпутацкай дзейнасці не бывае дробязей, — гаворыць Раіса Сяргееўна. — Любы запыт я прымаю і разглядаю, стараюся дапамагчы ў межах сваёй кампетэнцыі. Аднак, хачу сказаць тое, што і грамадзяне не павінны злоўжываць сваімі запытамі, перакладваць свае праблемы на плечы іншых.

Напрыклад, звярнуўся да мяне адзін выбаршчык з завулка Кандрацьева. Нядаўна жыхары завулка газіфікавалі свае кватэры, пры падвядзенні ўводу газаправода парушылася пакрыццё вуліцы. Грамадзянін пытанне ставіць рубам: дэпутат павінен заасфальтаваць вуліцу па-новаму. У дэпутата няма на гэта грошай, ён займаецца грамадскай работай на грамадскіх пачатках. Няма лішніх грошай і ў раённым бюджэце.

Але выйсце з сітуацыі ёсць, хаця яно многім жыхарам завулка і не падабаецца. Даю адрас: па вуліцы Віцебская таксама была аналагічная сітуацыя. Пракладваючы газаправод, пашкодзілі дарожнае пакрыццё. Жыхары вуліцы самі сабралі сродкі, каб падсыпаць дарогу. На першым часе зручна, потым, глядзіш, і грошы ў бюджэце паявяцца, а рамонт вуліцы будзе ў план па добраўпарадкаванню ўключаны. Добра дапамагаць таму, хто сам стараецца.

Жыццёвае крэда

—Як вы лічыце, Раіса Сяргееўна, — падводзячы рысу пад нашым дыялогам, задаю апошняе пытанне сваёй субяседніцы, — што галоўнае ў рабоце дэпутата раённага Савета дэпутатаў з людзьмі?

Трымаць слова. Не можаш выканаць наказ — не абяцай, а паабяцаў — давядзі справу да канца. Як кажуць, калі не дуж, то не бярыся за гуж. Тады табе будуць верыць людзі. Інакш не варта брацца за дэпутацкую ношу. Гэта маё крэда, з ім я і іду па жыцці. Пакуль мне вераць, буду працаваць. Іншага не дадзена.

Лідзія ЧАПЯЛОВА

2 thoughts on “Дубровенский депутат Раиса Стальченко держит своё слово

  • 04.09.2011 в 6:21 дп
    Permalink

    А фамилия Раисы Сернеевны не Старченко???

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  • 05.09.2011 в 5:27 дп
    Permalink

    Нет, Андрей))) Её избиратели ещё шутят, что Раиса Сергеевна сильная (морально), как сталь!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *