Назад в прошлое: Дубровенщина скорбит по жертвам фашизма

Дубровно, Беларусь, великая Отечественная война, Международный день памяти жертв фашизма

Мы помнім…

Дзень памяці ахвяр фашызму — гэта Дзень памяці дзесяткаў мільёнаў людзей, загінуўшых у выніку гіганцкага, нечалавечага эксперыменту. Гэта мільёны салдат, якіх фашысцкія лідэры сутыкнулі адзін з другім, але яшчэ больш — мірных жыхароў, якія гінулі пад бомбамі, ад хвароб і голаду.

У 1962 годзе было прынята рашэнне лічыць кожную другую нядзелю верасня Міжнародным Днём памяці ахвяр фашызму. Чаму менавіта ў верасні? Таму што на гэты месяц прыпадаюць дзве звязаныя з Другой сусветнай вайной даты — дзень яе пачатку і дзень яе поўнага завяршэння.

Няма такой краіны, якая б выйграла ад праўлення нацыстаў, няма такой нацыі, якая б абагацілася матэрыяльна або духоўна ў выніку такога кіравання. Самая страшная ідэалогія тая, якая робіць чалавека вінаватым ад нараджэння толькі за кроў, якая цячэ ў яго венах. Ідэалогія нацызму прынесла разбурэнні як тым, хто яе ўскарміў, так і тым, хто ёй супрацьстаяў. Больш за паўстагоддзя назад вялізную нацысцкую машыну ўдалося спыніць і ліквідаваць. Салдаты розных нацыянальнасцей змагаліся разам і перамаглі.

У ходзе Другой сусветнай вайны загінулі дзесяткі мільёнаў людзей. Гінулі людзі не толькі ў ходзе ваенных дзеянняў: жудасцямі фашызму сталі шматлікія канцлагеры, дзе палонныя падвяргаліся самым розным страшэнным здзекам, эксперыментам, дзе панавалі масавыя забойствы ні ў чым не вінаватых людзей. Ішло знішчэнне цэлых народаў. Тыя, хто выжыў, не змогуць забыць гэтага ўжо ніколі.

Акупацыйны рэжым, што быў устаноўлены гітлераўцамі на часова захопленай імі тэрыторыі нашай Радзімы, распрацоўваўся загадзя, яшчэ да нападу на Савецкі Саюз. Галоўныя яго накірункі былі выкладзены Гітлерам у сакрэтным мемарандуме “Некаторыя думкі пра абыходжанне з насельніцтвам на Усходзе” ад 25 мая 1940 года. У ім указвалася, што захопленыя ўсходнія тэрыторыі належыць разглядаць як аб’ект каланізацыі і германізацыі. «Акупацыйная палітыка, — гаварылася ў тым мемарандуме, — павінна быць накіравана на тое, каб ператварыць актыўную масу іншароднага насельніцтва ў напаўпісьменных рабоў».

Дубровно, Беларусь, великая Отечественная война, Международный день памяти жертв фашизма

Дубровенскі раён быў акупіраваны гітлераўскімі войскамі ў сярэдзіне ліпеня 1941 года. Ужо з першых дзён акупацыі жыхары раёна адчулі так званы “новы парадак”. Перш за ўсё фашысты сталі выяўляць і расстрэльваць камуністаў, потым арганізоўваць канцэнтрацыйныя лагеры і гета для яўрэяў.

Расправу над людзьмі вялі так званыя айнзацкаманды і зондэркаманды.

Уся акупацыйная палітыка гітлераўцаў была накіравана на рабаванне і каланізацыю тэрыторыі раёна, на выкачванне для сваёй арміі і вывазу ў Германію як мага больш матэрыяльных рэсурсаў. Сістэма рабавання ў вёсках уключала абкладанне жыхароў падаткамі, паборамі, пастаўкамі, працоўнымі павіннасцямі, якія неабмежавана мог прызначыць і павялічыць любы прадстаўнік акупацыйнай адміністрацыі. Быў уведзены рэжым паднявольнай працы і бесчалавечнай эксплуатацыі.

У пекле

Дубровно, Беларусь, великая Отечественная война, Международный день памяти жертв фашизма

Аб тым, што давялося перажыць вязням канцлагера ў населеным пункце Востраў Юр’еў (на тэрыторыі Асінторфа), расказвае газета 11-й гвардзейскай арміі “Боевая тревога” ад 27 чэрвеня 1944 года, якая захоўваецца ў музеі баявой і працоўнай славы ў пасёлку Асінторф: “Тут людзей даводзілі да стану прывідаў, нацкоўвалі на іх азвярэлых аўчарак, марылі голадам і холадам…”

У гэтай жа газеце прыгаданы ўспамін аднаго з тых гвардзейцаў 31-й стралковай дывізіі, якая вызваляла Востраў Юр’еў ад немцаў.

Вызваліцеляў палонныя канцлагера сустракалі з плачам, яны ўжо зусім не верылі, што іх збавілі ад пакут. Запомнілася сустрэча з 19-гадовым старым чалавекам. Звалі яго Цімафей Кудакоў, які расказаў аб тым, у якіх умовах жылі і працавалі палонныя на тарфяным балоце. Працоўны дзень доўжыўся па 16-18 гадзін. Цімафей вывіхнуў на рабоце руку і не змог больш працаваць. Ноччу зняволеныя не маглі спаць ад яго страшных крыкаў: так білі Кудакова немцы, пяклі яму ногі гарачым жалезам, заганялі пад ногці іголкі, доўгі час трымалі ў балотнай жыжы. У 19-гадоў юнак стаў старым чалавекам.

У той жа газеце прыводзіцца яшчэ адзін эпізод здзеку фашыстаў над мірнымі ні ў чым не павіннымі людзьмі, які нельга чытаць без слёз.

У канцлагеры Востраў Юр’еў была жанчына Алена Яроменка з Аршанскага раёна. Тут яна нарадзіла дзіця, дзяўчынку. У тых страшных умовах дзіця не магло выжыць, таму маці поўзала на каленях перад нямецкім афіцэрам з просьбай адпусціць яе на нейкі час у суседнюю вёску, каб перадаць дзіця каму-небудзь з мясцовых жыхароў, сама ж абяцала вярнуцца. Немец яе “пашкадаваў”:

—Зможаш уцячы і абараніцца з дзіцём ад нашых сабак — будзеце жыць абедзве.

Маці, слабая ад голаду і родаў, прыціснула сваю наванароджаную дачушку да грудзей і пабегла. Услед за ёй былі спушчаны з ланцугоў злыя нямецкія аўчаркі. Яны рвалі яе босыя ногі, а яна ўсё бегла, сцякаючы крывёю. Немцы чакалі поўнай развязкі. Яны ведалі, што жанчына бяжыць па мінным полі. Выбух абарваў адразу два жыцці.

Жудасны план

Дубровно, Беларусь, великая Отечественная война, Международный день памяти жертв фашизма

Адной з галоўных мэт акупацыйнай палітыкі гітлераўцаў было планамернае знішчэнне насельніцтва. Для гэтага яны выкарыстоўвалі турмы ў Оршы і Дуброўне, шматлікія канцэнтрацыйныя і працоўныя лагеры. У Аршанскай турме былі расстраляны выкрытыя правакатарам падпольшчыкі Новай Тухіні. Масавыя расстрэлы праводзіліся ў Дуброўне, каля вёскі Ляды і г.д.

Адным з самых жахлівых бакоў фашысцкага акупацыйнага рэжыму на тэрыторыі Дубровенскга раёна ў гады вайны было правядзенне генацыду ў адносінах асоб яўрэйскай нацыянальнасці. Па ўказанню Гітлера фашысцкія верхаводы ў 1941 годзе распрацавалі планы “канчатковага вырашэння яўрэйскага пытання”, сутнасць якога зводзілася да зні-шчэння яўрэяў як нацыі. Па звестках начальніка 4 аддзела гестапа Эйхмана, якому Гітлер даручыў правядзенне ў жыццё гэтай праграмы, было забіта 6 мільёнаў яўрэяў, што складала 1/3 частку яўрэяў усяго свету.

Звярыную палітыку знішчэння савецкіх грамадзян яўрэйскай нацыя-нальнасці гітлераўскія галаварэзы з бяспрыкладнай жорсткасцю ажыццяўлялі на часова акупіраванай тэрыторыі Беларусі, у тым ліку і на Дубровеншчыне. Сюды ўслед за войскамі вермахта прыбылі айнзацкаманды і іншыя карныя органы, у абавязкі якіх уваходзіла “вырашэнне яўрэйскага пытання”. Менавіта яны адразу ж аддзялілі яўрэяў ад мясцовага насельніцтва, загналі іх у гета, абнесенае калючым дротам, а потым на працягу 1941-1942 гадоў поўнасцю знішчылі — усяго каля 4 тысяч чалавек.

Аб жудаснай расправе, якую ўчынілі гітлераўцы над яўрэйскім насельніцтвам мястэчка Ляды і іншых населеных пунктаў Дубровенскага раёна, сведчыць “Акт аб зверствах нямецка-фашысцкіх мярзотнікаў ў мястэчку Ляды Дубровенскага раёна”, які быў складзены 10 кастрычніка 1943 года і падпісаны гвардыі капітанам Анішка, гвардыі капітанам Раўкіным, гвардыі капітанам Бабурыным, сакратаром Дубровенскага РК КП(б)Б Яленскім, старшынёй Дубровенскага раённага Савета дэпутатаў працоўных Сцефановічам, жыхарамі мястэчка Ляды Пракапцовай, Марынкінай, Панулінай і інш.

У дакуменце гаворыцца, што вясной 1942 года, у чысты чацвер перад Вялікднём гітлераўцы правялі пагалоўнае знішчэнне яўрэйскага насельніцтва ў самім мястэчку і навакольных населеных пунктах: у Баева, Расасна, Дуброўна і г.д. У Лядах расстралянымі, закатаванымі і кінутымі жывымі (малымі дзяцьмі) быў запоўнены супрацьтанкавы роў (усяго каля 1200 чалавек). Былі знішчаны таксама некалькі дзясяткаў рускіх і беларусаў з гэтага мястэчка і суседніх вёсак.

Тысячы жыхароў раёна прымусова былі вывезены на катаржныя работы ў Германію. Але гітлераўцам здавалася і гэтага мала. Перад прыходам нашых войск восенню 1943 года, а затым і вясной 1944 года акупанты пачалі выганяць мірнае насельніцтва ў свой тыл, а вёскі палілі. Частка бежанцаў дабралася да Аршанскага і Талачынскага раёнаў, іншыя трапілі ў Трасцянец пад Мінскам і далей — у Прыбалтыку.

Нашы слёзы

Дубровно, Беларусь, великая Отечественная война, Международный день памяти жертв фашизма

Пра пакуты тых змрочных дзён расказвалі сведкі, перажыўшыя тыя жахі. З успамінаў Барыса Фёдаравіча Шалухі, былога актыўнага няштатнага карэспандэнта “Дняпроўскай праўды”:

—У сакавіку 1944 года ў аршанскім лагеры — былым Куцеінскім манастыры знаходзіліся мае бацькі, тры браты і сястра. Потым іх перавезлі ў лагер у Магілёў. Ад невыносных пакут памерлі мой брат Ігар і сястра Нэлі. Я з сястрой Аленай трапіў у лагер, які размяшчаўся ля вёскі Чырына. Вакол былі калючы дрот і ўзмоцненая ахова. Раніцай іх пад канвоем ганялі на земляныя работы на дарогу Дуброўна-Зарубы. Працоўны дзень — не менш за 12 гадзін. Ніякая непагадзь у разлік не бралася. Пасля работы на ўсю ноч заганялі, як жывёлу, у бункер без вокнаў. На вясенняй золі ўсе прамоклі, але абсушыцца немагчыма. У дзіравы бункер прабіваўся начны туман, і станавілась яшчэ халадней. Ні на гадзіну не пакідала вострае адчуванне голаду, бо ў суткі выдаюць на дваіх нямецкую буханку хлеба (эрзац з пырсай), ранкам на кожнага — лыжку павідла і паўлітра чаю, вечарам — літр баланды і чай. Абед пры такой знясільваючай рабоце не прадугледжваўся. Выклікала буру гневу бесчалавечнасць фашыстаў, іх імкненне запалохаць, растаптаць нас. Куды ні глянь — позірк натыкаўся на канваіра з аўтаматам, на вышку з вартавым, на калючы дрот. Горка было і ад таго, што фронт, Чырвоная Армія былі зусім побач, на тэрыторыі нашага ж Дубровенскага раёна, але дапамагчы нам не маглі. Лагернікі толькі і жылі чаканнем вызвалення, але да нас (мяне да гэтага часу ўжо перагналі ў лагер вёскі Карабанавічы) даходзілі страшныя весткі, што немцы расстралялі ўсіх, хто знаходзіўся ў штрафным лагеры ў Чырына, і паляць вёскі. Ды і мы самі бачылі вялізнае зарыва то ў адным, то ў другім месцы. Мясцовыя жыхары беспамылкова вызначалі вёску, якая была і знікла ў полымі вайны…

На тэрыторыі раёна захопнікі спалілі і разбурылі поўнасцю ці часткова звыш сотні вёсак, раённы цэнтр, пасёлак Асінторф, разрабавалі прадпрыемствы, калгасы і саўгасы, вывезлі ў Германію тэхніку, жывёлу і маёмасць. Толькі ў Дуброўне захопнікі спалілі 2680 дамоў. Без даху над галавой засталіся больш за 7 тысяч сем’яў. Але самымі цяжкімі, непапраўнымі стратамі былі людзі. За гады акупацыі ў горадзе Дуброўна і раёне фашысты знішчылі каля 5 тысяч чалавек, у тым ліку ў райцэнтры больш за 2 тысячы. Людскія страты, панесеныя раёнам за гады вайны і іх наступствы, адмоўна адбіваюцца на яго дэмаграфічным становішчы і праз многія дзесяцігоддзі.

Дзень смутку

Дубровно, Беларусь, великая Отечественная война, Международный день памяти жертв фашизма

Фашызм быў афіцыйна асуджаны міжнароднай супольнасцю ў лістападзе 1946 года на Нюрнбергскім працэсе. Тады адбыўся суд над галоўнымі нацысцкімі ваеннымі злачынцамі. У міжнародным ваенным трыбунале ўдзельнічалі прадстаўнікі СССР, ЗША, Велікабрытаніі, іншых краін антыгітлераўскай кааліцыі. Сярод падсудных былі Г.Герынг, В.Кейтэль, Э.Кальтэрбрунэр, А.Йодль, А.Шпеер, Я.Шахт, Г.Круп. У адносінах 12 чалавек быў вынесены суровы прыгавор — смяротнае пакаранне, семярых — доўгатэрміновае або пажыццёвае зняволенне. Як напісана ў энцыклапедыях, Нюрнбергскі працэс выкрыў сутнасць германскага фашызму, яго планы знішчэння цэлых дзяржаў і народаў, небяспеку для ўсяго чалавецтва.

Германія як краіна, дзе да ўлады прыйшоў Гітлер, прынесла пакаянне, пра што лідэры гэтай краіны не стамляюцца паўтараць. Многа было зроблена і для аказання дапамогі ахвярам фашысцкага рэжыму. Аднак сёння паявілася такая з’ява, як неанацызм, што выклікае недаўменне ва ўсіх сумленных людзей свету, усёй грамадскасці, улічваючы тое, як дорага каштавалі ў 1940-х гадах ідэі панавання адной краіны над іншымі.

Міжнародны дзень памяці ахвяр фашызму ў кожнай краіне, якая прымала ўдзел у Другой сусветнай вайне, адзначаецца не толькі адменай забаўляльных мерапрыемстваў, урачыстасцяў, якія выпадаюць на гэтую дату, але і наведваннем помнікаў, мемарыялаў, могілак. У многіх краінах у гэты дзень прынята даглядаць безымянныя брацкія магілы. Дык давайце, сябры, і мы ніколі не будзем забываць аб тым, колькі каштуе наш сённяшні спакойны мірны дзень, і памятаць аб тых, хто заплаціў за яго сваім жыццём.

Лідзія ЧАПЯЛОВА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *