К Новому году в Дубровно планируют новоселье

Дубровно, строительство. новый дом, 40 семей, новоселье, Новый год. улица Оршанская

У пачатку чэрвеня гэтага года, на паўгода пазней, чым планавалася, будаўнікі БУ-40 Аршанскага будтрэста № 18 здалі ў эксплуатацыю пяціпавярховы 40-кватэрны дом па вуліцы Аршанская. Але наваселлі тут адбыліся значна пазней: больш як месяц будаўнікам спатрэбілася на ліквідацыю недаробкаў і браку, якія выявілі навасёлы. Нагадаем, што дом пабудаваны за кошт ільготных банкаўскіх крэдытаў грамадзян пад 1 працэнт гадавых.

Паралельна з завяршэннем будаўніцтва гэтага дома сёлетняй вясной будаўнікі БУ-40 пачалі ўзвядзенне яшчэ аднаго такога ж дома, які будуецца за кошт ільготных банкаўскіх крэдытаў грамадзян. Згодна з планам яго будаўніцтва павінна быць завершана да канца гэтага года.

У трэцяй дэкадзе верасня мы пабывалі на гэтай новабудоўлі. Дом пакуль «вырас» на тры паверхі. Для завяршэння яго будаўніцтва, за тры месяцы, якія засталіся да новага года, неабходна ўзвесці два паверхі і дах, правесці ўнутраныя аддзелачныя работы, зманціраваць водаправодную, каналізацыйную, ацяпляльную і газазабяспечваючую сістэмы, а таксама добраўпарадкаваць тэрыторыю. Гэта значыць, што засталося асіліць большы аб’ём работ, чым ужо выкананы. Калі ўлічыць той факт, што з пачатку будаўніцтва мінула пяць месяцаў (палі пад падмурак дома пачалі забіваць 21 красавіка), то становіцца відавочным, што будаўнікі БУ-40 значна адстаюць ад графіка будаўніцтва. Чаму? З такім пытаннем мы звярнуліся да прараба будоўлі Анатоля Сяргеевіча ДЗЯНІСАВА.

—У сувязі са складанай фінансавай сітуацыяй сёлета ў нашай краіне ў жніўні ўзніклі праблемы з паступленнем будаўнічых матэрыялаў, — гаворыць Анатоль Дзянісаў. — Тры тыдні нашы муляры сядзелі без справы. Цяпер вось даводзіцца наганяць упушчаны час…

—І што канкрэтна для гэтага робіцца?

—З верасня будаўніцтва дома ідзе ў дзве змены, — расказвае Анатоль Дзянісаў. — У кожнай змене замест 12 будаўнікоў па норме, задзейнічаны 20. Работы пачынаем у восем гадзін раніцы, а заканчваем запаўнач. Разлічваем, калі ў далейшым не будзе перабояў з пастаўкамі будаўнічых матэрыялаў, да канца года здаць дом у эксплуатацыю.

У пацвярджэнне свайго прагнозу прараб адзначыў, што для завяршэння будаўніцтва астатніх двух паверхаў спатрэбіцца паўтара месяца. Яшчэ месяц — на мантаж даху. Такім чынам, па самых аптымістычных прагнозах, узвядзенне дома пад дах завершыцца толькі ў снежні. А яшчэ трэба правесці аддзелачныя работы, зманціраваць усе сістэмы, на што таксама спатрэбіцца шмат часу.

Дубровно, строительство. новый дом, 40 семей, новоселье, Новый год. улица Оршанская

—Нашы субпадрадчыкі не будуць чакаць, пакуль завершым усе будаўнічыя работы, а ў хуткім часе пачнуць мантаж каналізацыі, водаправода, ацяпляльнай сістэмы. Дарэчы, ужо цяпер брыгада з “Белсантэхмантажу” працуе на пракладцы камунікацый у падвальных памяшканнях, — тлумачыць Анатоль Дзянісаў.

—А што перашкодзіла ў мінулым годзе закончыць будаўніцтва дома ў вызначаныя тэрміны? — пацікавіўся я ў прараба.

—Не падключылі газавую сістэму, ад якой працуе ацяпляльная сістэма. Па гэтай прычыне ў зімовых умовах мы не маглі весці аддзелачныя работы, — гаворыць Анатоль Дзянісаў.

Пазней работнікі аддзела будаўніцтва і архітэктуры райвыканкама паведамілі, што ў доме не быў своечасова завершаны мантаж ацяпляльнай сістэмы. Таму работы па завяршэнню будаўніцтва дома былі адкладзены на вясну гэтага года.

Мне давялося гутарыць з радавымі будаўнікамі. Брыгадзір муляраў Сяргей Уладзіміравіч Аўрамаў адзначыў, што тэмпы будаўніцтва залежаць у першую чаргу ад паступлення на будаўнічую пляцоўку неабходных матэрыялаў. Калі ў далейшым перабояў у забеспячэнні матэрыяламі не будзе, то пры належнай арганізацыі работ будаўніцтва дома будзе завершана ў вызначаны тэрмін.

Варта заўважыць, што пастаўкай матэрыялаў на будоўлю займаецца ўпраўленне вытворчымі работамі Аршанскага будтрэста № 18, у склад якога ўваходзіць і генпадрадчык будоўлі БУ-40. Гэта значыць, што тэмпы работ на будаўніцтве дома залежаць ад узаемасувязі гэтых двух падраздзяленняў, якія падпарадкоўваюцца кіраўніцтву Аршанскага будаўнічага трэста № 18.

Дубровно, строительство. новый дом, 40 семей, новоселье, Новый год. улица Оршанская

Намеснік старшыні райвыканкама па будаўніцтву, архітэктуры і ЖКГ Аляксандр Аляксеевіч Шатраўка, да якога мы звярнуліся за каментарыем хода будаўніцтва дома па вуліцы Аршанская, адзначыў:

—Калі кіраўніцтва Аршанскага будтрэста № 18 тэрмінова не прыме меры па павышэнню тэмпаў будаўніцтва дома, а для гэтага неабходна арганізаваць работу не ў дзве, а ў тры змены, то няма ніякай гарантыі, што будаўніцтва дома па вуліцы Аршанская ў вызначаныя тэрміны будзе завершана.

Як бачым, сітуацыя з узвядзеннем другога 40-кватэрнага дома па вуліцы Аршанская можа пры пэўных абставінах развівацца па леташняму сцэнарыю і сарака сем’ям дубровенцаў давядзецца адкласці наваселлі ў новых кватэрах на лета наступнага года.

Андрэй КВІР

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *