Розы Софьи Банах цветут для людей

Дубровно, Ден матери, розы Софии Банах, человек. судьба, юбилей. старейшина, ветеран, орденоносец

Першая сустрэча

Соф’я Мітрафанаўна БАНАХ сустракала мяне ля свайго дома, раўнадушна прайсці міма якога ніяк нельга. Уявіце сабе агарод у некалькі сотак увесь — у кветках: рознакаляровыя гладыёлусы, ігольчатыя астры — белыя, пунсовыя, ружовыя і многа-многа руж, як у песні Алы Пугачовай.

—Прыгажосць — мая слабасць, — заўважыўшы маё здзіўленне, усміхаецца Соф’я Мітрафанаўна. — Я люблю ўсё прыгожае: кветкі на агародзе, рэчы ў доме, апранацца прыгожа.

—Напэўна, і людзей у сябры таксама прыгожых выбіраеце? — жартую я.

—Тут ужо як прыйдзецца, галоўнае, каб у чалавека душа была прыгожая, — на поўным сур’ёзе заяўляе мая новая знаёмая. — Людзей трэба ацэньваць па іх учынках, іх любіць, шанаваць трэба. Так я з адкрытым сэрцам усе свае 65 гадоў пражыла і не стамілася. Толькі радасць ад жыцця адчуваю, хаця ў ім многа ўсяго было.

З такога вось простага філасофскага разважання завязалася размова з гераіняй майго аповеду. Чаму менавіта Соф’я Банах аказалася ў цэнтры маёй увагі, спытаеце вы? Ды ўсё проста: Соф’я Банах у мінулым — галоўны заатэхнік саўгаса “1 Мая”, чыя праца была адзначана ордэнам “Знак Пашаны”. Цяпер яна старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі ў КУСГП “Першамайскае”, старэйшына вёскі Станіславова, арганізатар клуба “Залатыя россыпы”. Да таго ж гэтай восенню Соф’я Мітрафанаўна адзначыла свой чарговы юбілей. Яна той чалавек, які без стомы з радасцю ідзе па жыцці, між тым нясе па ім свой нялёгкі крыж…

Гады таму…

…У гады вайны ў вёсцы Свіракі жыла сям’я Стральцовых, у якой было пяцёра дзяцей, сярод якіх і мама Соф’і — Ірына. У сорак трэцім годзе немцы пагналі Стральцовых разам з іншымі вяскоўцамі ў Германію. У Літве члены сям’і разлучыліся. Ірына Стральцова трапіла ў лагер для палонных пад Вільнюсам. Пасля вызвалення ў Прыбалтыку вярнуліся яе браты і сёстры, там усе і аселі. У сорак шостым Ірына нарадзіла дачушку Соню. Дзяўчынка падрастала і ўвесь час была ля маці, якая, дарэчы, была ў ліку перадавікоў на мясцовай птушкафабрыцы. Але душа Ірыны Стральцовай імкнулася на радзіму ў Беларусь. Таму аднойчы сабралася ў дарогу, забрала дачку і прыехала ў саўгас “1 Мая”.

—Тут мы жылі значна горш, чым у Прыбалтыцы,— гаворыць мая суразмоўца, — але мама ніразу не сказала, што вярнуліся мы дарэмна. Яна адразу ж пайшла працаваць на ферму. Маму вельмі цанілі як даярку, неўзабаве яе дэлегавалі на ВДНГ СССР, гэта тады была вельмі высокая ацэнка працы. Вярнулася яна адтуль ўзрушаная і прывезла мне з Масквы гасцінец: торбу кускавога цукру. Які ж ён быў смачны, ніякія цяперашнія цукеркі не заменяць той смак, смак майго дзяцін-ства, — уздыхае Соф’я Мітрафанаўна.
Ішоў час, і вось ужо Ірына Іванаўна Стральцова сярод узнагароджаных ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.

—Для мяне мая мама была самым высокім аўтарытэтам у жыцці, — гаворыць Соф’я Мітрафанаўна.

Шырокія прасторы жыцця

Прайшло дзяцінства, закончана школа, Соф’я выйшла на “шырокія прасторы жыцця”. Для яе гэтыя “прасторы” былі ў родным саўгасе “1 Мая”. Не хацела адрывацца ад маці, тым больш, што, акрамя дачкі, у маці нікога не было. Соф’я працавала памочнікам повара ў дзіцячым садку, потым пайшла на ферму: спачатку брыгадзірам, потым, пасля заканчэння спецыяльных курсаў, брыгадзірам-асеменатарам, заатэхнікам-селекцыянерам.

Непрыкметна праплывала год за годам яе жыццё. У яго плыні былі сустрэча і першае каханне з чорнабровым вадзіцелем Анатолем Банах, які, вярнуўшыся са службы, усёй душой “прыкіпеў” да вясёлай гарэзлівай Соф’і, 32 гады іх сумеснага жыцця і нараджэнне траіх дзетак — двух сыночкаў і дачушкі. Апроч таго, Соф’я пасля паспяховага заканчэння Лужаснянскага сельскагаспадарчага тэхнікума ўзначаліла заатэхнічную службу гаспадаркі. Дзесяць гадоў яна адпрацавала на гэтай адказнай пасадзе.

Яшчэ ў пачатку працоўнай дзейнасці за вялікія поспехі ў сацспаборніцтве, самаахвярную працу, высокую якасць работы, выдатную вучобу Соф’я Банах была ўдастоена гонару — сфатаграфавацца ля святыні савецкага народа — Сцяга Перамогі ў горадзе Маскве.

Дубровно, Ден матери, розы Софии Банах, человек. судьба, юбилей. старейшина, ветеран, орденоносец

—Такога гонару з раёна былі ўдастоены чатыры чалавекі, сярод якіх і я, — Соф’я Мітрафанаўна паказвае мне той памятны і дарагі ёй здымак. — Гэта было так хвалююча і ніколі не забудзецца: паездкі па Маскве, наведванне музеяў, тэатраў, новыя знаёмствы!

Крыху пазней Соф’я Банах за добрасумленную працу была ўзнагароджана ордэнам “Знак Пашаны”. Так у іх сям’і стала два ордэнаносцы, спачатку — маці, потым — дачка.

Вялікая сям’я

Жыццё кожнага з нас не бывае толькі радасным або шэрым. Перамяжоўваюцца ў ім светлыя і цёмныя колеры. Было так і ў жыцці гераіні майго аповеду. У 44 гады Соф’я Банах засталася без мужа. Дапамагла перажыць яго смерць работа, якая не давала сканцэнтравацца на ўласным горы. А яшчэ дзеці, якія ўжо выраслі, але без матчынай падтрымкі, парады ім было б няўтульна ў жыцці. І яна старалася як магла: трымалася сама і падтрымлівала іншых. Потым лёс звёў яе яшчэ з адным добрым чалавекам — Міхаілам Ізотавічам Жызнеўскім, саўгасным механізатарам, кавалерам ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга, у якога заўчасна памерла жонка. Сустрэліся, як кажуць, дзве адзіноты і пайшлі па жыцці разам. У яе трое дзетак і ў яго — пяцёра. Усе амаль дарослыя. Потым пайшлі ўнукі…

—Мой вялікі дом гудзеў як вулей, — смяецца Соф’я Мітрафанаўна, — калі ўсе збіраліся разам. Па 30 і больш чалавек за стол садзіліся. І ўсе былі свае, родныя, дарагія…

З Міхаілам Ізотавічам Соф’я Банах пражыла таксама вялікі адрэзак часу. На жаль, пасля перанесенага інсульту яе другі муж нядоўга пражыў. Зараз Соф’я Мітрафанаўна жыве адна, часта бярэ ў рукі ўзнагароды дарагіх ёй людзей і такім чынам як бы дакранаецца да іх жывых…

Дубровно, Ден матери, розы Софии Банах, человек. судьба, юбилей. старейшина, ветеран, орденоносец

Уся ў працы

Але хоць жанчына на заслужаным адпачынку, яе будні напоўнены работай: на ўласным падвор’і, грамадскай дзейнасцю. Яна вядзе работу з ветэранамі, як старэйшына, трымае цесную сувязь са старшынёй Малабахаўскага сельскага выканаўчага камітэта, актыўна супрацоўнічае са Станіславоўскім сельскім Домам культуры. Аднойчы нават арганізавала ў сваім вялікім утульным доме сустрэчу праграмы «Вяскоўцы» (Беларускае тэлебачанне) з ордэнаносцамі гаспадаркі.

—Няхай уся Беларусь ведае, якіх людзей дала краіне наша станіславоўская зямля! — з гордасцю ўспамінае памятную сустрэчу Соф’я Мітрафанаўна. — У іх унукі выраслі, няхай яны на дзедаў раўняюцца.

Зараз Соф’я Мітрафанаўна Банах з’яўляецца старэйшынай вёскі Станіславова. Разам з аднавяскоўцамі вядзе работу па добраўпарадкаванні населенага пункта, які зараз мае статус аграгарадка.

—Прыкметныя зрухі ў плане добраўпарадкавання населеных пунктаў нашага сельгаспрадпрыемства звязаны з прыходам у сельвыканкам старшыні Віктара Мікалаевіча Кузьмянкова і ў гаспадарку — дырэктара Мікалая Ільіча Селіханава, — гаворыць Соф’я Банах. — Вы толькі паглядзіце, які парадак мы ўсе разам навялі ў месцы адпачынку ля нашага возера, на вясковых могілках, на крыніцы ў вёсцы Чубакова, проста на сваіх вуліцах! Хачу асобна адзначыць, што ва ўсіх справах вельмі актыўныя нашы ветэраны. Асабліва яны як бы “прапісаны” да сельскага клуба. Там збіраемся, святы для сябе ладзім, вечары адпачынку. Нам там весела, добра, утульна. Кіраўніцтва гаспадаркі нас падтрымлівае, сродкі выдзяляе. Я і сама, бачыце, якія ружы ў палісадніку вырошчваю, не шкадую зрэзаць на букет добраму чалавеку. І кветкі нібы адчуваюць гэта, паглядзіце, як да сонейка цягнуцца, у іх столькі цяпла і любові. Адным словам, сонечныя… Вось і нядаўна з падарункамі і кветкамі наша дэлегацыя ў доме былога галоўнага інжынера гаспадаркі Ігара Мікалаевіча Каханскага пабывала. Потым Аляксандра Пятровіча Вераксіча віншавалі. У такой шчырай атмасферы нашы ветэраны, здаецца, маладзеюць з кожным годам. Між іншым, мы не сядзім на месцы, арганізуем паездкі па раёну і вобласці. Напрыклад, сёлета пабывалі ў чарговы раз на “Славянскім базары ў Віцебску”, выступалі на адной з тамашніх пляцовак. Нам так шчодра апладзіравалі!

—Соф’я Мітрафанаўна, скажыце, ветэранская дзейнасць, напэўна, таксама часу патрабуе?

—Самі ведаеце, работа з людзьмі патрабуе і часу, і ўвагі. Яны таго заслужылі, часам зойдзеш да старога чалавека, а там не столькі твая дапамога патрэбна, колькі ўвага, здольнасць выслухаць, а яму — магчымасць выгаварыцца. Хаця і канкрэтныя пытанні людзі ставяць, я іх вырашаю. Летам арганізавалі паездку на канцэрт “Славянскага базару”, потым нашы ветэраны яшчэ на экскурсіі пабывалі ў Копысі, Ляўках, Александрыі. Талковы старшыня нашай раённай ветэранскай арганізацыі Раіса Сяргееўна Стальчанка, яна вельмі актыўная ў сваёй рабоце, і мы на яе раўняемся.

—А з якімі просьбамі да вас старыя людзі звяртаюцца, Соф’я Мітрафанаўна?

— З самымі рознымі, сярод якіх сустракаюцца не зусім звычайныя. Жыве ў Станіславове 82-гадовая адзінокая бабуля Еўдакія Рыгораўна Цімошчанка. Няма тут у яе ніякай радні, па яе словах, недзе ў Ленінградзе ўнукі павінны жыць. Я ўзяла ў яе ўсе дадзеныя аб памёршых дзецях і напісала ў перадачу «Жди меня». І што б вы думалі? Адгукнуліся ўнукі. Іх аказваецца аж сямёра. Усе ў Ленінградзе і Ленінградскай вобласці жывуць. Нядаўна да Еўдакіі Рыгораўны ўнучка Насця прыязджала. Старая так радавалася, здаецца, памаладзела нават.

Вось у такіх клопатах праходзіць жыццё жанчыны, чый дом усю восень патанаў у квецені сонечных пунсовых руж. Твары дабро і ўбачыш яго ад іншых. Менавіта па такому прынцыпу ідзе па жыцці гераіня майго аповеду Соф’я Мітрафанаўна Банах. Я жадаю вам, шаноўная, такой вось лёгкай хады яшчэ на доўгія гады!

Лідзія ЧАПЯЛОВА

P.S. Языком цифр

314 жительниц Беларуси, которые родили и достойно воспитали пятерых и более детей, награждены в этом году орденом Матери. В прошлом году почетной награды были удостоены 318 многодетных матерей, всего же орденом Матери награждены 6765 белорусок.

На Дубровенщине орденом Матери награждены 14 женщин. Всего в районе проживает 164 многодетных семьи, где воспитываются 557 детей.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *