На Дубровенщине вырастили первую гречку

Дубровно, Беларусь, гречка, сельское хозяйство, механизатор, продукт, импорт, отечественный товар

Мінулай зімой цэны на грэчневую крупу выраслі ў некалькі разоў і дасягалі 20-25 тысяч рублёў за кілаграм. Такі рост цэн на грэчку, як тлумачылі ва ўрадзе краіны, быў выкліканы недастатковай вытворчасцю гэтай культуры ў нашай краіне і завозам грэчневай крупы з-за мяжы.

Таму вясной перад аграрным сектарам эканомікі ўрад паставіў задачу рэзка пашырыць плошчы пад грэчку з такім разлікам, каб цалкам задаволіць патрэбы ўнутранага рынку ў грэчневай крупе.

Пэўны ўклад у гэтую справу ўнеслі і хлебаробы Дубровеншчыны, хаця раней вырошчваннем гэтай культуры не займаліся. На 50 гектарах грэчку вырошчвалі КУСГП “Прыдняпроўскі” і на 30 — ААТ “Рэдзькі”. У канцы верасня пасевы грэчкі былі абмалочаны. Валавы збор зерня склаў у КУСГП “Прыдняпроўскі” 80 тон і каля 30 тон у ААТ “Рэдзькі”.

Варта адзначыць, што КУСГП “Прыдняпроўскі” даведзены дзяржзаказ па пастаўках 40 тон грэчкі.

—Дзяржзаказ па пастаўках грэчкі мы, безумоўна, будзем выкон- ваць, — гаворыць галоўны аграном гаспадаркі Міхаіл Васільевіч СІМАШ, — але нас не задавальняе закупачная цана. Відавочна, што яна не пакрые расходы на вырошчванне і ўборку гэтай харчовай культуры.

—У будучым годзе вы плануеце вырошчваць грэчку? — пацікавіўся я ў агранома.

—Будзем, для гэтага мы рыхтуем уласнае насенне.

Галоўны аграном ААТ “Рэдзькі” Міхаіл Аляксандравіч Голяс паведаміў, што завяршаецца дапрацоўка грэчкі і ў бліжэйшыя дні аўтатранспартам Аршанскага камбіната хлебапрадуктаў будзе дастаўлена ў Гомель, дзе ёсць спецыяльны завод па перапрацоўцы грэчкі.

Міхаіл Голяс таксама згодзен з меркаваннем калегі з КУСГП “Прыдняпроўскі” аб тым, што закупачныя цэны на грэчку нізкія, і ў гэтым ён бачыць яшчэ і не гатоўнасць гаспадаркі да вырошчвання гэтай культуры.

—Для таго, каб паспяхова вырошчваць грэчку і мець эканамічны эфект, неабходна адпаведная матэрыяльная база для пасляўборачнай дапрацоўкі гэтай культуры, спецыяльныя сіты ў зернеачышчальныя машыны, а таксама магутны зернесушыльны комплекс, якія б хутка і якасна дапрацоўвалі грэчку пасля ўборкі. Мы ж фактычна толькі дасушваем да пэўнай вільготнасці намалочаны ворах і адпраўляем у Гомель, дзе зерне ачысцяць ад прымесяў, адкалібруюць і давядуць да адпаведнага класа. Адсюль і нізкая закупачная цана. Калі б мы маглі намалочаную грэчку давесці да такой кандыцыі, то, відавочна, ад грэчкі мелі б даход большы, бо закупачная цана грэчкі першага класа складае 10,5 тысячы рублёў за кілаграм.

—А яшчэ пры вырошчванні грэчкі, як і пры вырошчванні любой іншай культуры неабходна строга захоўваць тэхналогію вырошчвання,— працягвае расказ Міхаіл Голяс. — Сёлета да гэтага мы былі не гатовы. Пасеялі грэчку ў канцы мая на ўчастку, які з восені не быў апрацаваны гліфасатамі. Таму грэчка зарасла пустазеллем. І самае галоўнае, каб побач з грэчневым полем была пчаліная пасека. Без апылення пчоламі грэчкі не атрымаеш. Наша грэчневае поле апылялі пчолы фермера Лепешава.

Вось такія першыя вынікі вырошчвання грэчкі ў нашым раёне. Якія планы наконт вытворчасці грэчкі ў раёне на бліжэйшую перспектыву? Такое пытанне я задаў намесніку начальніка райсельгасупраўлення Валерыю Мікалаевічу Мельніку.

—Будзем сеяць грэчку і ў будучым годзе. Але ў якіх гаспадарках і на якіх плошчах, вызначымся пазней, — адказаў Валерый Мельнік.

Андрэй КВІР

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *