В Дубровенском районе идёт реконструкция ферм

Дубровно, ферма Мардохи, реконструкция, строительство, коровы, модернизация

Трыццаць гадоў назад ля вёскі Мардахі быў здадзены ў эксплуатацыю малочнатаварны комплекс на 800 кароў, на якім усе працэсы па абслугоўванню жывёлы былі механізаваны. Кароў даілі з дапамогай даільнай устаноўкі “Ёлачка”. На ферме быў прыгожы Дом жывёлавода.

Але ў пачатку дзевяностых гадоў, пасля развалу Савецкага Саюза гэтая “фабрыка малака”, як і многія іншыя буйныя жывёлагадоўчыя фермы раёна, прыйшла ў заняпад. Сродкі механізацыі (сплаўная сістэма выдалення гною, даільная ўстаноўка “Ёлачка”, кармацэх) выйшлі са строю. У апошнія дзесяць гадоў эксплуатаваўся толькі адзін кароўнік. Іншыя памяшканні: цэх сухастойных кароў, радзільнае аддзяленне, малочны блок, кармацэх, Дом жывёлавода — пуставалі і з цягам часу прыйшлі ў непрыгоднасць для выкарыстання па прызначэнню. Тут не засталося ні вакон, ні дзвярэй, ні абсталявання. Пад’язныя дарогі да памяшканняў праваліліся, а тэрыторыя фермы з усіх бакоў штогод зарастала бур’яном. Усё гэта напамінала помнік безгаспадарчасці.

Нядаўна ад спецыялістаў райсельгасупраўлення даведаўся, што ў Мардахах вядуцца работы па аднаўленню былога малочнатаварнага комплексу і ўсе памяшканні, у тым ліку і Дом жывёлавода, будуць адрамантаваны. Пачуўшы такую прыемную навіну, я вырашыў пабываць у Мардахах.

Прыехаўшы на ферму, я ўбачыў добрыя перамены. Перш за ўсё звярнуў увагу, што раней пустуючы, без вакон і дзвярэй, кароўнік як новы: сцены пабелены, дах накрыт новым шыферам, над якім месцамі ўзвышаюцца вентыляцыйныя шахты, навешаны металічныя вароты. Унутры памяшкання заканчваюцца работы па заліўцы бетонам стойлаў і кармавых праходаў. Намеснік дырэктара ААТ “Аршанскі камбінат хлеба-прадуктаў” па сельскай гаспадарцы Віктар Мікалаевіч Прымак, які ў гэты час даваў указанні будаўнікам, паведаміў, што да канца кастрычніка будаўнічыя работы і мантаж абсталявання будуць завершаны і тут на зімоўку размесціцца каля 200 цялушак.

Віктар Мікалаевіч Прымак расказаў, што ўжо завершаны работы па рамонту памяшкання, дзе раней размяшчалася радзільнае аддзяленне фермы. Адно з пустуючых падсобных памяшканняў адрамантавана і прыстасавана для захоўвання канцэнтратаў. У памяшканні, дзе калісьці размяшчаўся кармацэх, у перспектыве плануюць абсталяваць цялятнік.

—Дом жывёлавода плануеце аднаўляць? — пацікавіўся я ў Віктара Мікалаевіча Прымака.

—Абавязкова. Але хутчэй за ўсё гэта давядзецца рабіць у будучым годзе, — адказаў намеснік дырэктара хлебакамбіната.

Вядуцца работы па пракладцы пад’язных шляхоў да памяшканняў і добраўпарадкаванню тэрыторыі фермы. Гэтай справай займаюцца работнікі ДРБУ-108 і ПМС. Ужо зроблена акювечванне пад’язных дарог, дзе трэба ўкладзены жалезабетонныя трубапераезды, падсыпка пясчана-гравійнай сумессю. У хуткім часе, па словах Віктара Мікалаевіча Прымака, пад’язныя шляхі будуць заасфальтаваны. Прычым, пакрыццё асфальтам пад’ездаў будзе выканана за сродкі ААТ “Аршанскі камбінат хлебапрадуктаў” у той час як падрыхтоўка і адсыпка дарожнага палатна і добраўпарадкаванне тэрыторыі фермы праводзіцца за кошт дзяржаўных сродкаў: на гэтыя мэты з абласнога бюджэту выдзелена 185 мільёнаў рублёў.

А вось рамонт жывёлагадоўчых памяшканняў праводзіцца за сродкі Аршанскага КХП, бо, як вядома, СВФ імя Ю.Смірнова з’яўляецца яго вытворчым падраздзяленнем. Будаўнічыя работы выконвае наёмная брыгада.

Варта адзначыць, што ў кароўніку, які дае прадукцыю, рамонт быў праведзены ў папярэднія гады. Таму сёння тут чыстата і парадак. Кармы раздаюцца ў кармушкі з дапамогай мабільнага кормараздатчыка. Даенне кароў адбываецца ў малакаправод, з якога малако трапляе ў закрыты халадзільнік, які ўстаноўлены ў памяшканні, прыстасаваным пад “малочную”.

З пабачанага напрошваецца вывад, што, відавочна, недалёкі той час, калі ферма ў вёсцы Мардахі адзначыць сваё другое нараджэнне.

І не толькі ў Мардахах аднаўляецца ферма. Нядаўна скончаны капітальны рамонт пустуючага жывёлагадоўчага памяшкання ля вёскі Лабаны. У пачатку кастрычніка сюды паставілі 120 цялушак.

Аднаўляць старыя фермы кіраўніцтва гаспадаркі прымушаюць добрыя абставіны. Справа ў тым, што ў апошнія гады ў СВФ імя Ю.Смірнова назіраецца павелічэнне пагалоўя буйной рагатай жывёлы. Калі на пачатак мінулага года на фермах гаспадаркі ўтрымлівалася 1200 галоў буйной рагатай жывёлы, то ў гэтым годзе пагалоўе павялічылася на 233 галавы або на 17 працэнтаў. Вось для гэтага дадатковага пагалоўя і аднаўляюцца старыя фермы.

Андрэй КВІР

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *