Андрей Павлюченко найдет общий язык с любой техникой

андрей павлюченко

Сёлета па прадстаўленню калектыву філіяла “Дубровенскае ДРБУ-108” КУП “Віцебскаблдарбуд” на раённую Дошку Гонару занесены машыніст катка Андрэй Мікалаевіч ПАЎЛЮЧЭНКА

Варта адзначыць, што Андрэй Мікалаевіч працуе ў арганізацыі дарожнікаў адносна нядаўна — пяць гадоў. Таму падчас сустрэчы напярэдадні прафесійнага свята дарожнікаў пацікавіўся ў дырэктара ДРБУ-108 Уладзіміра Часлававіча ЧАНТАРЫЦКАГА, за якія заслугі Андрэй Паўлючэнка прадстаўляе іх калектыў на раённай Дошцы Гонару.

—Такога гонару ён дасягнуў добрасумленнай працай, — гаворыць Уладзімір Часлававіч. — Андрэй Мікалаевіч па праву лічыцца адным з лепшых работнікаў нашай арганізацыі. Ён высакакласны спецыяліст сваёй справы. Аднолькава паспяхова ён можа працаваць на любой дарожнай машыне. Раней, калі аб’ёмы асфальтавання дарог і гаспадарчых пляцовак былі вялікія, Андрэй Паўлючэнка працаваў машыністам катка. Сёлета перасеў за руль пагрузчыка. Вельмі важна тое, што ён добра ведае і беражэ давераную тэхніку. Дысцыплінаваны работнік, за пяць гадоў работы ў арганізацыі не было выпадку, каб ён падвёў, не выканаў даручэнне спецыялістаў. Словам, Андрэй Мікалаевіч Паўлючэнка той работнік, які заслугоўвае самых шчырых слоў удзячнасці.

Па праўдзе кажучы, я і не чакаў іншага адказу на маё пытанне, бо Андрэя Мікалаевіча, як выдатнага працаўніка, ведаю яшчэ па тым перыядзе яго жыцця, калі ён працаваў механізатарам у калгасе “Шлях да камунізму” (цяпер ААТ “Прыдубровенскае”). Мне двойчы (у 2001 і 2005 гадах) давялося пісаць пра яго і яго сям’ю нататкі ў газету.

Андрэй Мікалаевіч родам з Ерамееўшчыны. Яшчэ да службы ў арміі некалькі сезонаў працаваў памочнікам камбайнера ў калгасе “Шлях да камунізму”. Адслужыўшы ўстаноўлены тэрмін, вярнуўся ў бацькоўскі дом, уладкаваўся на працу ў калгас механізатарам. Маладому хлопцу даручылі працаваць на старым, дабітым трактары Т-150. Але Андрэй не апусціў рукі, а прыклаў усе працоўныя намаганні і веды, атрыманыя ў прафтэхвучылішчы для таго, каб адрамантаваць старую тэхніку. Усю вясну працаваў нараўне са сталымі механізатарамі на падрыхтоўцы глебы для сяўбы яравых культур.

Ужо праз год Андрэю даверылі працаваць на магутным К-701, а ў жніво — на камбайне “Дон-1500А”. У 2000 годзе калгас па лізінгу атрымаў новы кормаўборачны камбайн КЗР-10, на якім даручылі працаваць нашаму герою.

І ён не падвёў. Ужо ў першы сезон работы на кормаўборачным камбайне Андрэй нарыхтаваў 6023 тоны сянажнай і сіласнай масы. Гэта быў адзін з лепшых паказчыкаў у раёне. Маладога механізатара запрасілі на раённы злёт перадавікоў сельскай гаспадаркі.

У наступны сезон корманарыхтовак Андрэй Паўлючэнка здрабніў і загрузіў ў транспартныя сродкі 7056 тон кармавой масы і ўпершыню ў сваёй працоўнай біяграфіі стаў пераможцам раённага спаборніцтва сярод механізатараў па нарыхтоўцы кармоў.

У тое лета сям’я Андрэя Паўлючэнкі справіла наваселле ў новым прасторным доме на новай вуліцы (тады яшчэ вёскі) Ерамееўшчына, які пабудаваў калгас. Гэта быў своеасаблівы падарунак маладому механізатару за плённую працу.

Андрэй Паўлючэнка працягваў працаваць яшчэ з большым энтузіязмам: вясной і восенню на трактары К-701 вёў падрыхтоўку глебы да сяўбы, у перыяд корманарыхтовак шчыраваў на сенажацях на кормаўборачным камбайне, а ў жніво — абмалочваў збажыну на “Доне”. Яго адносіны да працы ставілі ў прыклад іншым механізатарам гаспадаркі.

Асабліва плённым у працоўнай біяграфіі хлебароба Андрэя Паўлючэнкі было лета 2005 года. Тады ў “зялёнае жніво” ён на кормаўборачным камбайне “Палессе” нарыхтаваў 11216 тон сенажу і сіласу. Гэта быў лепшы паказчык у раёне, і Андрэй Паўлючэнка зноў стаў пераможцам раённага спаборніцтва.

Характэрна, што на раённы злёт перадавікоў сельскай гаспадаркі, прысвечаны прафесійнаму святу хлебаробаў, Андрэй Мікалаевіч прыехаў разам з жонкай Наталляй Мікалаеўнай, якая працавала (і працуе) галоўным эканамістам гаспадаркі і была прызнана лепшай па прафесіі сярод эканамістаў сельгаспрадпрыемстваў раёна.

Праз месяц пасля гэтай падзеі, пад Новы год, я зноў пабываў у гасцях у сям’і Паўлючэнкаў (першы раз у 2001 годзе). Прыкмеціў, што за мінулыя пяць гадоў сям’я стала жыць больш заможна. Пакоі былі абсталяваны сучаснай мэбляй, у гаражы з’явіўся ўласны легкавы аўтамабіль, а на прысядзібным участку падрастаў малады сад. Сям’я Паўлючэнкаў рыхтавалася сустракаць новы 2006 год і адначасова адзначаць дзень нараджэння дачкі Ганначкі.

Здавалася, што жыццё маладога працалюбівала хлебароба і ў далейшым будзе працягвацца ў такім жа рэчышчы працоўных будняў і святаў перамог на зямлі бацькоў. Але…

Літаральна праз два месяцы пасля той сустрэчы Андрэй Паўлючэнка звольніўся з калгаса і ўладкаваўся на працу ў ДРБУ-108. Прычына, якая прымусіла маладога працалюбівага хлебароба пакінуць калгас, мне невядома. Ведаю толькі тое, што той зімой звольніліся з калгаса і перайшлі працаваць у ДРБУ-108 яшчэ два механізатары, якія працавалі таксама старанна, як і Андрэй Паўлючэнка.

Праўда, праз некалькі гадоў, адзін з іх — Аляксандр Пятровіч Сулімаў — вярнуўся назад у калгас і сёння плённа працуе на энерганасычанай тэхніцы, а Андрэй Мікалаевіч Паўлючэнка і Алег Іванавіч Федарцоў па-ранейшаму працу-юць у ДРБУ-108, дзе іх паважаюць як добрых працаўнікоў, аб чым сведчыць той факт, што Андрэй Паўлючэнка па прадстаўленню калектыва занесены на раённую Дошку Гонару, а Алег Федарцоў летась сеў за руль новага пагрузчыка.

Гэтым летам ДРБУ-108 аказвала ААТ “Прыдубровенскае” шэф-скую дапамогу на ўборцы ўраджаю. Кіраўніцтва арганізацыі накіравала на дапамогу хлебаробам Андрэя Паўлючэнку і Алега Федарцова, якія маюць багаты вопыт работы на збожжаўборачных камбайнах. Ім даручылі працаваць не на старых зношаных камбайнах, як звычайна робяць, калі на дапамогу прыязджаюць шэфы-гараджане, а на новых камбайнах КЗС-1218, якія гаспадарка атрымала сёлета па лізінгу.
Шэфы папрацавалі на славу.

За сезон Алег Іванавіч Федарцоў выгрузіў з камбайна 1177 тон збожжа, а Андрэй Паўлючэнка — 1071 тону. У прынцыпе, у гаспадарцы і не сумняваліся ў працавітасці сваіх былых работнікаў.

Даручаючы працаваць ім на новых камбайнах, дырэктар гаспадаркі Алег Сямёнавіч Валадкевіч такім чынам рабіў захад для таго, каб Андрэй Паўлючэнка і Алег Федарцоў зноў вярнуліся ў гаспадарку.
—Будзем імкнуцца ўсё зрабіць, каб гэтыя працавітыя механізатары зноў вярнуліся ў гаспадарку, — гаварыў пад час сустрэчы ў жніво Алег Сямёнавіч Валадкевіч.

Я, у сваю чаргу, запытаў ва Уладзіміра Часлававіча Чантарыцкага, ці не баяўся ён адпраўляць на жніво ў ААТ “Прыдубровенскае” Андрэя Мікалаевіча Паўлючэнку і Алега Іванавіча Федарцова, ведаючы тое, што кіраўніцтва гаспадаркі ўсё будзе рабіць для таго, каб вярнуць іх назад.

—Перш чым адпраўляць у гаспадарку, я правёў адпаведную гутарку з імі. І хлопцы далі слова, што ў далейшым будуць працаваць у нашай арганізацыі. Я добра разумею, што такія кадры ні ў якім разе нельга губляць: гэта аснова калектыву. І хто мае добрых работнікаў, той на кані, — адзначыў Уладзімір Часлававіч Чантарыцкі.

Трапна сказана. Бачна, былыя хлебаробы добра прыжыліся ў гарадской арганізацыі, дзе іх шануюць і паважаюць. І цяпер кіраўніцтву ААТ “Прыдубровенскае” неабходна вельмі добра пастарацца, каб яны вярнуліся назад у гаспадарку. Нельга губляць такія кадры!

Андрэй КВІР

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *